Свет2020

Эксперты ААН: Хімічная атака ў Дамаску была, на ракетах надпісы на кірыліцы

З даклада міжнародных экспертаў вынікае, што пад Дамаскам мела месца злачынства супраць чалавечнасці.

Даклад ААН разасланы краінам-удзельніцам арганізацыі. Журналісты пакуль пабачылі толькі першую яго старонку — і то на здымку. Яны прааналізавалі фатаграфію, на якой кіраўнік групы экспертаў ААН у Сірыі Оке Сэлстрэм перадае тэкст даклада генеральнаму сакратару арганізацыі Пан Гі Муну.

Аднак пабачанае дазваляе з вялікай доляй імавернасці сказаць пра змест дакумента.

На першай старонцы даклада па выніках расследавання падзей пад Дамаскам 21 жніўня гаворыцца, што знойдзеныя «пераканаўчыя доказы» выкарыстання баявога атрутнага газу зарын. Паводле дадзеных экспертаў, смертаносныя зарады былі дастаўлены з дапамогай ракет класа «зямля — зямля».

На фрагментах некаторых выкарыстаных ракет ёсць надпісы на кірыліцы, распавяла крыніца тэлеканала CNN, спасылаючыся на даклад.

Эксперты ААН апыталі больш за 50 відавочцаў і медыкаў, вызначылі сімптомы, з якімі пакутавалі і паміралі пацярпелыя, сабралі ўзоры валасоў, мачы і крыві. Яны правялі агляд будынкаў і ваеннай амуніцыі і ўзялі 30 пробаў навакольнага асяроддзя.

Паводле звестак экспертаў, «сабраныя экалагічныя, хімічныя і медыцынскія пробы дэманструюць ясныя і пераканаўчыя доказы таго, што ракеты класа „зямля — зямля“, якія змяшчаюць газ нервова-паралітычнага дзеяння зарын, былі выкарыстаныя… у раёне Гута пад Дамаскам… Мы прыйшлі да высновы, што хімічная зброя была выкарыстана… супраць мірных людзей, у тым ліку дзяцей, у адносна вялікіх маштабах», — цытуе Асашыэйтэд прэс першую старонку даклада.

Дыпламатычныя крыніцы паведамілі амерыканскаму тэлеканалу CNN, што ў дакладзе дэталёва разабраныя «прыкметы вінаватасці» ў атацы 21 жніўня. Гаворыцца, што адказныя за атаку мелі ў сваім распараджэнні не менш за 350 літраў зарыну. Па словах дыпламатычнай крыніцы, даклад інспектараў таксама апісвае «траекторыі ракет», якія ўзарваліся ў прыгарадах Дамаска — прынамсі, дзве траекторыі ўдалося з вялікай доляй імавернасці вызначыць па характары разбурэнняў і варонках у месцы іх падзення.

Усяго інспектары пабывалі на месцы падзення пяці ракет з зарынам. Але дамова аб спыненні агню дала ім толькі некалькі гадзін на азнаямленне з месцамі падзення ракет. Гаворыцца, што былі ідэнтыфікаваныя 140-міліметровыя снарады ад сістэмы залпавага агню БМ-14 і 330-міліметровыя некіраваныя рэактыўныя снарады. Першыя раней былі на ўзбраенні ў сірыйскай арміі, ёсць мадыфікацыя снарадаў да іх з хімічным зарадам.

Эксперты знайшлі сляды зарыну на сабраных фрагментах гэтых снарадаў.

Нагадаем, што ў сферу кампетэнцыі інспектараў ААН ўваходзіў доказ або абвяржэнне самога факта прымянення баявых атрутных рэчываў. Хто стаяў за атакай, інспектары сказаць не ўпаўнаважаныя.

Аднак эксперты ў сваім дакладзе прыходзяць да высновы, што за атакай, з вялікай доля імавернасці, стаялі прафесіяналы. Ракеты былі выпушчаныя ў часе паміж 2.00 і 5.00 ночы. У гэтым прамежку ў гэтую ноч вецер найменшы, тэмпература паветра апускаецца, і ў выніку гэтага найбольшыя шанцы, што атрутныя газы будуць сцяліцца па зямлі. «Ужыццё хімічнай зброі ў такіх метэаралагічных умовах павялічвае яе патэнцыйны эфект, бо цяжкія газы збіраюцца каля зямлі, пранікаюць у ніжнія ўзроўні будынкаў, дзе знайшлі прытулак людзі», — гаворыцца ў дакладзе.

Эксперты-хімікі таксама выявілі, што якасць зарыну была прамысловай, нашмат лепшай, чым той, які ўжываўся Іракам у часе ірана-ірацкай вайны або пры тэракце ў такійскім метро ў сярэдзіне 90-х.

Група экспертаў ААН у колькасці 13 чалавек на чале са шведскім прафесарам Оке Сэлстрэмам прыбыла ў Сірыю за некалькі дзён да атакі з мэтай даследаваць факты ўжыцця хімічнай зброі ў Алепа. Яна складалася з хімікаў і іншых спецыялістаў з розных краін. Аднак пасля 21 жніўня экспертаў накіравалі ў прыгарады Дамаска. Скончылі збор розных проб інспектары ў канцы жніўня.

ЗША, Вялікабрытанія і Францыя неўзабаве пасля паведамленняў аб тым, што здарылася, заявілі, што за хімічнай атакай стаялі сірыйскія ўрадавыя войскі, а паўстанцы такой зброі не маюць. У сваю чаргу, Дамаск і Масква абвінавацілі ў выкарыстанні баявых атрутных рэчываў апазіцыю. Сірыйскія ўлады адмаўляюць сваё дачыненне да інцыдэнту.

Як можна меркаваць, даклад прыводзіць да высновы, што ўсё ж за цяжкім злачынствам стаялі сілы сірыйскага дыктатара Башара Асада.

Высновы інспектараў ААН могуць дыскрэдытаваць пазіцыі Расіі, якая да апошняга бараніла Асада і пастаўляла яму зброю. Цяжка ўявіць сабе, каб хтосьці іншы, а не ўрадавыя войскі, меў доступ да такіх аб’ёмаў зарыну, адзначае Бі-Бі-Сі.

Пан Гі Мун, азнаёміўшыся з дакладам, нагадаў, што любое ўжыццё хімічнай зброі, любым бокам — гэта злачынства.

Як можна чакаць, новыя дэталі даклада стануць вядомыя сёння ўдзень.

Каментары20

Цяпер чытаюць

«70% мастакоў у чорных спісах». Мастак Сяргей Грыневіч пасля трыумфу ў Венецыі расказаў пра гады маўчання і пра тое, на якім свеце ён апынуўся9

«70% мастакоў у чорных спісах». Мастак Сяргей Грыневіч пасля трыумфу ў Венецыі расказаў пра гады маўчання і пра тое, на якім свеце ён апынуўся

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце «Сход неабыякавых»? Ён яшчэ жывы, але тэлеграм-чат у іх ужо скралі6

Пасля атакі БПЛА на нафтасховішча пад Рыбінскам прайшоў мазутны дождж7

Прапагандысты паказалі на некалькі секунд паперку з імёнамі раней вызваленых палітвязняў. Што за людзі ў гэтым спісе?6

Турысты масава адмяняюць броні на адпачынак у Крыме7

Трэнерка-блогерка абразіла наведвальніцу ў трэнажорцы ў Новай Баравой. Цяпер скардзіцца на цкаванне 20

У Берліне расійскі апазіцыянер Ілля Яшын стварыў партыю ў выгнанні16

Зяленскі патроліў Пуціна разведданымі пра падзенне рэйтынгу расійскага кіраўніка і рост пратэсных настрояў у РФ4

Беларускі маньяк сядзіць у Расіі і прыдумляе сабе новыя крымінальныя справы, каб не вяртацца ў турму, дзе яго катуюць5

У тэлеграм-акаўнце зніклага Анатоля Котава заўважылі дзіўную актыўнасць9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«70% мастакоў у чорных спісах». Мастак Сяргей Грыневіч пасля трыумфу ў Венецыі расказаў пра гады маўчання і пра тое, на якім свеце ён апынуўся9

«70% мастакоў у чорных спісах». Мастак Сяргей Грыневіч пасля трыумфу ў Венецыі расказаў пра гады маўчання і пра тое, на якім свеце ён апынуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць