Праваахоўнікі Пінска праводзяць праверку па факце няшчаснага выпадку, які адбыўся з навучэнкай 11 класа адной з гарадскіх агульнаадукацыйных школ.
Пра гэта паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.
Інфармацыя пра здарэнне ў дзяжурную частку УУС Пінска паступіла раніцай 10 снежня. Як стала вядома, дзяўчына 1996 нараджэння, знаходзячыся дома, выпала з акна кватэры, размешчанай на восьмым паверсе.
Цяпер за жыццё школьніцы змагаюцца дактары.
Пацярпелая знаходзіцца ў цяжкім стане ў аддзяленні рэанімацыі Пінскай цэнтральнай бальніцы. Як паведаміў намеснік галоўнага доктара лячэбнай установы Казімір Раманчук, дзяўчыне зробленая аперацыя па спыненні ўнутрыбрушнога крывацёку. Цяпер яна знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. У школьніцы множныя пераломы костак. На шчасце, пашкоджанняў чэрапа няма. Цяпер галоўнае — вывесці пацярпелую са стану траўматычнага шоку, адзначыў К. Раманчук.
Паводле непацверджаных дадзеных, прычынай спробы самагубства стала неўзаемнае каханне.
Каментары