Расія пашырае крымскі сцэнар на Данецк, Харкаў, Адэсу: усюды штурмы пад расійскімі сцягамі
У Данецку ўдзельнікі прарасійскага мітынгу паспрабавалі ўзяць штурмам адміністрацыю вобласці. Як паведамляе партал zadonbass.org, пасля таго, як актывістам не ўдалося ўвайсці ўнутр будынка, яны спусцілі ўкраінскі сцяг і ўзнялі на яго месца расійскі.
У захопе ўдзельнічалі людзі са сцягамі Расіі, удакладняе партал.
Перад гэтым у цэнтры Данецка прайшлі два шматлікія мітынгі. На адным, на плошчы Леніна, сабралася некалькі тысяч чалавек. Пратэстоўцы запатрабавалі ад рэгіянальных уладаў адмовіцца ад падпарадкавання Кіеву. Таксама яны выбралі камандзіра «Народнага апалчэння Данбаса» Паўла Губарава новым губернатарам.
Адначасова з гэтым перад будынкам абласной адміністрацыі прайшла акцыя колькасцю ў пяць тысяч чалавек, удзельнікі якой заявілі аб падтрымцы байцоў «Беркута».
Таксама на гэтым мітынгу трымалі плакаты «Ветераны афганцы за неделимую Украину», «Русский язык – наш родной язык». «Донбасс «за» стабильность и порядок», «Афганцы Донбасса против войны», «Мы за губернатора Донецкой области», «В России наши братья, в Европе мы рабы» і другія.
Мітынг супраць новых уладаў Украіны таксама прайшлі ў Мікалаеве і Харкаве. Некалькі тысяч жыхароў Мікалаева выступілі за федэралізацыю ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў краіны.
У Харкаве, па дадзеных «Інтэрфакс-Украіна», удзельнікі мітынгу супраць новых уладаў ўступілі ў супрацьстаянне з прыхільнікамі Майдану. Як адзначае агенцтва, удзельнікі сутыкнення кідаюць адзін у аднаго палкі, б'юцца, паліваюць вадой з шланга.
Мітынгоўцы ўзялі штурмам абласную дзяржаўную адміністрацыю. Над ёй падняты расійскі флаг.
У будынку Абласной дзяржадміністрацыі і ў двары чуваць стрэлы. Ёсць пацярпелыя.
Расійскія сцягі ўзнятыя і над Луганскай абласной адміністрацыяй.
Прарасійскі мітынг з удзелам 5000 чалавек адбыўся таксама ў Адэсе.
Нагадаем, што ў мінулыя дні для ўдзелу ў гэтых акцыях пад выглядам турыстаў на ўсход Украіны прыехалі сотні маладых людзей з Расіі. Але галоўная роля ў «мітынгах» адводзіцца мясцовым прарасійскім арганізацыям, такім як «Аплот», «Дазор», «Рускае адзінства», што фінансуюцца з Масквы.
Нагадаем, што ў Севастопалі такі сцэнар быў рэалізаваны 24—25 лютага. Менавіта там былі высаджаны падраздзяленні расійскай марской пяхоты і дэсанту, што разам з часцямі Чарнаморскага флота за 26—28 лютага ўзялі пад кантроль Крым.
У Сімферопалі мясцовыя татары і ўкраінцы сарвалі сцэнар захопу будынкаў з дапамогай «масавага мітынгу», бо сабралі ў пяць разоў больш дэманстрантаў на плошчы. Тады парламент і ўрад быў захоплены ўначы ўзброенымі людзьмі ў расійскай форме, з расійскім узбраеннем, але без апазнавальных знакаў.
Быў прызначаны новы «ўрад аўтаноміі».
Праз дзень узброеныя людзі без апазнавальных знакаў занялі аэрапорты. А яшчэ праз дзень кіраўнік «урада аўтаноміі» запрасіў Расію дапамагчы ў «падтрыманні міру».
Цяпер адбываецца масавая перакідка войскаў і ваеннай тэхнікі ў Крым.
Развіццё падзей у Крыме нагадвае сітуацыю вакол Судетаў у 1938 года, калі Гітлер увёў войскі ў Чэхаславакію дзеля абароны грамадзян нямецкай нацыянальнасці і пры іх падтрымцы.
Каментары