Грамадства

Спыніце пераслед актывістаў: МКП адрэагавала на бабруйскую галадоўку

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (МКП) патрабуе ад адміністрацыі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў спыніць перасьлед працаўнікоў, сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце, адрасаваным кіраўніку прадпрыемства Аляксандру Аграновічу. Яму напісала Генэральны сакратар міжнароднай прафсаюзнай арганізацыі Шаран Бароў.

Шаран Бароў вінаваціць адміністрацыю завода ў парушэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, якія, як заяўляе прафсаюзная функцыянэрка, гарантуюць права працоўных на ўступленьне ў свабодны прафсаюз.

«Адміністрацыя прадпрыемства, – адзначае Шаран Бароў, – працягвае небясьпечную палітыку расправы над іншадумцамі і зьнішчэньня прафсаюзнага плюралізму».

«Дасьведчанае кіраўніцтва, – цьвердзіць Бароў, – нягледзячы на абяцаньні прадстаўнікам Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў, ня здолела цывілізаваным чынам адрэагаваць на агучаныя праблемы працаўнікоў, што прывяло да адчайных формаў пратэсту».

Шаран Бароў патрабуе неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць працоўных заводу, якія зьяўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Ліст зь Міжнароднай арганізацыі прафсаюзаў стаў рэакцыяй на галадоўку пратэсту. Яе праводзілі дванаццаць працаўнікоў бабруйскага заводу супраць (як яны заяўлялі) дыскрымінацыі з боку адміністрацыі за сваю прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Акцыя пратэсту трывала тры дні.

Даведацца пра рэакцыю адміністрацыі прадпрыемства на ліст зь Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў не ўдалося. Калі працаўнікі трымалі галадоўку, кіраўніцтва сьцьвярджала, што нічога падобнага на заводзе не адбываецца. Няма згадкі пра галадоўку і на афіцыйным сайце прадпрыемства.

Паводле старшыні завадзкой суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова, які ўдзельнічаў у галадоўцы, адміністрацыя прадпрыемства на акцыю пратэсту і на ліст зь Міжнароднай канфэдэрацыі працы не адрэагавала.

«Калі мы абвяшчалі галадоўку, нашай мэтай было данесьці да беларускага і міжнароднага грамадзтва інфармацыю аб тым беззаконьні, якое творыцца ў дачыненьні да сяброў Свабоднага прафсаюзу на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Наша мэта дасягнутая. Нас пачулі. Далей усё залежыць ад кіраўніцтва заводу. Я спадзяюся, што кіраўніцтва заводу, калі яму не напляваць на імідж прадпрыемства, пераможа сваю ўпартасьць, якая трымаецца не на тым, што прафсаюз кепскі, а на тым што кіраўніку прадпрыемства не падабаецца кіраўнік прафсаюзнай суполкі, і пойдзе на наладжваньне сацыяльнага партнэрства», – заяўляе Міхаіл Кавалькоў.

Працаўнікі прадпрыемства, якія галадалі каля станкоў, таксама кажуць, што ніякай рэакцыі пасьля таго, як скончылася акцыя пратэсту, з боку адміністрацыі не было.

«У наш бок нават не глядзяць, – зазначае адна з галадоўніц. – Я думаю, што адміністрацыя ўжо і баіцца рабіць крокі насустрач нам. Можа, ім і сорамна, але падзецца ім няма куды. Яны ня зьвернуць увагі на ліст зь Міжнароднай канфэдэрацыі працы».

Працаўніца прадпрыемства цьвердзіць:

«Яны паставілі мэту зьнішчыць нас. У свой час у суполцы было 400 сяброў. Потым іх колькасьць зьменшылася да 200. Але зьнішчыць да канца не атрымалася. Вырашылі, відаць, нас зьнішчыць, пачаўшы з галавы. Кавалькова больш не пускаюць на завод. Нават ігнаруюць пастанову суду».

Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу Беларускага, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значылася і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабавалі выдзеліць пад сядзібу суполкі памяшканьне на тэрыторыі заводу.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць