Былы брамнік зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі, які ў 2022 годзе быў асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» па артыкуле 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), цяпер працуе ў структуры мінскага «Дынама».

Хамутоўскі з'яўляецца трэнерам фарм-клуба асноўнай каманды — клуба «Дынама-БДУФК», які цяпер гуляе ў першай лізе чэмпіянату Беларусі. Васіль трэніруе там брамнікаў.
Днямі ён даў інтэрв'ю спартыўнаму выданню betting.team, у якім параўнаў двух беларускіх брамнікаў — Фёдара Лапавухава і Паўла Паўлючэнку. На яго думку, цяпер менавіта пазіцыя брамніка з'яўляецца адной з самых моцных у нацыянальнай зборнай, бо абодва галкіперы прэтэндуюць на ролю асноўнага.
Пасля выбараў 2020 года Васіль Хамутоўскі разам з іншымі спартсменамі асудзіў гвалт і на пэўны час з’ехаў з краіны. Сярод іншага працаваў ва Украіне разам з іншым беларускім трэнерам Алегам Дулубам.
Затрымалі былога брамніка 30 верасня 2022 года пасля таго, як ён прыехаў у Беларусь на лячэнне. Спачатку ён атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім, а потым быў перазатрыманы ўжо па крымінальнай справе. Прысуд яму вынеслі ў канцы снежня.
Каментары