Па студзень-красавік валютная выручка Беларусі склала 13,78 млрд даляраў і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым на мільярд. Планы ўрада па павелічэнні экспарту на гэты год пакуль моцна разыходзяцца з фактам. Адмоўная дынаміка валютнай выручкі на фоне значных плацяжоў па знешнім абавязку ў расійскі бюджэт прымушае ўлады шукаць грошы для падтрымання фінансавай стабільнасці ў краіне.
Экспартная выручка ўпала па ўсіх накірунках
Зніжэнне валютнай выручкі на мільярд даляраў адбылося з прычыны памяншэння экспарту. Калі ў студзені-красавіку 2013 года паступленні ад экспарту тавараў складалі 12,26 млрд даляраў, то за аналагічны перыяд бягучага года — 11,2 млрд даляраў. Пры гэтым экспартная выручка Беларусі з Расіі ў студзені-красавіку ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года скарацілася на 386,7 млн даляраў, з краін ЕС — на 524 млн даляраў, з іншых краін — на 157,6 млн даляраў.
Прыкметнае зніжэнне экспартнай выручкі Беларусі тлумачыцца некалькімі прычынамі.
Перш за ўсё, статыстыка паказвае на зніжэнне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у студзені-красавіку ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. За першыя чатыры месяцы Беларусь экспартавала 5,05 млн тон нафтапрадуктаў — на 300 тыс. тон менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
З улікам дадзенага фактару, а таксама на фоне зніжэння сярэдняга кошту экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым выражэнні скараціўся на 289,8 млн даляраў, што і абумовіла змяншэнне экспартнай выручкі з краін ЕС.
Зніжэнне валютнай выручкі, якая паступае ў Беларусь з Расіі, абумоўлена, перш за ўсё, скарачэннем попыту і экспартных цэн на беларускія інвестыцыйныя і прамежкавыя тавары.
Так, у студзені-красавіку 2014 экспарт трактароў і седлавых цягачоў зніўся на 49,1 млн даляраў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, падзенне экспартных цэн на беларускія шыны прывяло да зніжэння іх экспарту на 78,9 млн даляраў.
Акрамя гэтага, трэба таксама адзначыць, што моцна паменшыўся экспарт беларускай мясной прадукцыі ў Расію. Так, напрыклад, экспарт беларускай свініны на расійскі рынак у студзені-красавіку 2014 у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 упаў амаль у 4 разы, да 3,7 тыс тон.
Прычына скарачэння экспарту мясной прадукцыі відавочная: пагалоўе свіней у выніку барацьбы з афрыканскай чумой зменшылася за апошні год амаль на 20%. Гэта прывяло да дэфіцыту свініны ў Беларусі, росту коштаў на мясную прадукцыю, і таму беларускім мясакамбінатам даводзіцца сёння ў большай ступені думаць пра пастаўкі прадукцыі на ўнутраны рынак, а не пра экспарт.
Быль і ўрадавыя планы
Зніжэнне экспартнай выручкі, што адбылося ў студзені-красавіку, ніяк не ўпісваецца ў планы беларускіх уладаў, якія прагназавалі яе рост.
Так, згодна з пастановай Міністэрства эканомікі ў паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, экспарт тавараў павінен у бягучым годзе павялічыцца на 8,9% у параўнанні з 2013-м годам.
Акрамя гэтага, урад у сакавіку гэтага года прагназаваў, што беларускі экспарт у Расію ў 2014 годзе павялічыцца на 6%.
Разам з тым, па факце за студзень-красавік 2014 года беларускі таварны экспарт, паводле дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэта, знізіўся на 3,9%, у тым ліку ў Расію — на 5,3%.
Улічваючы сітуацыю на знешніх рынках, беларускія эксперты пакуль не бачаць перадумоў для павелічэння айчыннага экспарту ў бягучым годзе.
«У цэлым, зыходзячы з сітуацыі на сусветных рынках, улічваючы апублікаваныя прагнозы па цэнах на нафту, на калійныя ўгнаенні, можна сказаць, што бягучы год з пункту гледжання экспарту будзе для Беларусі дастаткова складаным», — кажа навуковы дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.
Экспартныя цэны на самы ліквідны беларускі тавар — нафтапрадукты — пакуль не растуць, канстатуюць эксперты.
«Галоўны фактар, якія ўплывае на экспартную выручку беларускай нафтаперапрацоўкі, — кошт паліва. Сёння цана на нафтапрадукты на сусветных рынках не расце. Акрамя гэтага, цэны на нафтапрадукты на ўкраінскім рынку, улічваючы сітуацыю, якая там склалася, таксама наўрад ці будуць расці», — кажа эканамічны аглядальнік, эксперт па пытаннях паліўна-энергетычнага комплексу Таццяна Манёнак.
Паводле звестак беларускай статыстыкі, калі ў студзені-красавіку 2013 года сярэдняя цана тоны нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь, складала 980 даляраў, то ў аналагічны перыяд бягучага года — 948 даляраў.
На калійна рынку, дзе Беларусь магла б добра зарабіць, пакуль таксама сітуацыя з цэнамі выглядае не лепшым чынам.
«Экспарт беларускіх калійных угнаенняў у фізічным выражэнні расце, але сярэдняя цана істотна знізілася ў сувязі з леташнім калійным крызісам», — каментуе сітуацыю Ірына Тачыцкая.
У фізічным выражэнні экспарт беларускага хлоркалію вырас у студзені-красавіку 2014-га на 47,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а сярэдняя цана тоны калійных угнаенняў знізілася на 28,8%.
Сітуацыя на расійскім рынку — яшчэ адзін фактар, які ўскладняе для беларускіх экспарцёраў задачу па павелічэнні продажаў за мяжой.
«Адзін з асноўных фактараў, які ўплывае на стан беларускага экспарту ў бягучым годзе, — стагнацыя ў расійскай эканоміцы. Гэтая сітуацыя адмоўна ўплывае як на спажывецкі попыт, так і на продажы прамысловых тавараў у Расеі, якая з'яўляецца асноўным рынкам збыту для беларускай прадукцыі», — кажа Ірына Тачыцкая.
Такім чынам, драйвераў для росту валютнай выручкі Беларусі пакуль не відаць.
З іншага боку, існуюць сур'ёзныя каналы, па якіх валюта з краіны сыходзіць.
Беларусь у бягучым годзе пералічвае ў расійскі бюджэт значныя грошы (каля 300 млн даляраў штомесяц) у выглядзе вывазных пошлін на нафтапрадукты. Акрамя гэтага, прыкладна столькі ж краіне прыпадае накіроўваць на пагашэнне пазыкаў (па дадзеных Мінфіна, плацяжы Беларусі ў 2014 годзе па знешнім дзярждоўгу складуць 3,2 млрд даляраў).
Сітуацыя, якая склалася, прымушае ўлады шукаць грошы для падтрымання фінансавай стабільнасці ў краіне.
Адзіным крэдыторам, які гатовы сёння выдаць Беларусі льготныя фінансавыя рэсурсы (па рынкавых стаўках Мінск не гатовы пазычаць), з'яўляецца Расія.
Да канца года Масква, як чакаецца, выдзеліць Беларусі прыкладна 1,5 млрд даляраў. У найбліжэйшыя дні 1 млрд даляраў у Мінск павінен пералічыць Банк ВТБ (Расія) і яшчэ прыкладна на 0,5 млрд. даляраў павялічацца беларускія рэзервы ўвосень 2014 года пасля залічэння пакінутай часткі расійскага міждзяржаўнага крэдыту.
Дарэчы, за першыя пяць месяцаў гэтага года золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 1,26 млрд даляраў. Такім чынам, у выпадку захавання тэмпаў зніжэння золатавалютных рэзерваў (што цалкам верагодна) расійскіх рэсурсаў у памеры 1,5 млрд. даляраў Беларусі хопіць да канца года. Бліжэй да зімы беларускаму кіраўніцтву давядзецца пачынаць перамовы аб новым крэдыце.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Хочаце жыць доўга — шукайце раён з нармальнымі дрэвамі. Навукоўцы высветлілі, што дрэвы ратуюць ад інфарктаў, а газоны могуць нават нашкодзіць здароўю
Каментары