Оны самі: двух хлопцаў у адной вёсцы знайшлі нежывымі ў адзін дзень

Вёска Сярэднія Печы. Не вялікія і не малыя — Сярэднія. І ў той сярэдняй вёсцы — два нябожчыкі. Не на Данбасе, не ад рук тэрарыстаў — Лельчыцкі раён, Палессе.
Ад Мінска да Сярэдніх Печаў — 300 км. Дарога ляжыць на Слуцк, Старобін, паварот перад Мікашэвічамі, пасля Жыткавічы… Па дарозе багатыя беларусы прадаюць лісічкі, клубніцы. І агуркі — побач Століншчына. Але Лельчыцкі раён — гэта не Заходняя Беларусь.
Раён — з глухіх. Тут жыве 27 тых тысяч чалавек (за апошнія 15 гадоў раён страціў амаль 5 тысяч). Але гэта другі па плошчы раён Беларусі (на першым месцы Столінскі).
Год таму ўрад заявіў пра стварэнне прамысловага парку «Палессе-Лельчыцы», каб у ім здабываць карысныя выкапні. Але планы ў жыццё пакуль не ўвасобіліся. Пакуль тут толькі балоты Прыпяцкага нацыянальнага парку.
«Не п’яніцы такія, каб сказаць»
Сярэднія Печы стаяць на дарозе Жыткавічы—Лельчыцы, за 18 км ад райцэнтра. На галоўнай вуліцы, забудаванай цаглянымі дамамі, мы шукаем прыкметы нядаўняга пахавання. Хаця б яловыя галінкі. Пуста.
«Чаго вы прыіхалі? У газету пісаць? Што тут разбірацца — оны самі… У іх канфлікт быў, — расказвае вяскоўка, тут гавораць пераходнай ад украінскай да беларускай гаворкай. — Што гэта за гора таке ў нашым сяле?»
Маладыя хлопцы — «яны не п’яніцы такія, каб сказаць. Ну, бывае, вып’юць».
Хлопцы павесіліся ў розныя дні. І не звязаныя іх смерці паміж сабой. Знайшлі проста ў адзін дзень: аднаго ў сваім двары, другога — у жанчыны.
22 і 23
Андрэю было 22 гады, Мікалай толькі 3 чэрвеня сустрэў 23-ці дзень нараджэння.
Малодшы вучыўся ў Мазыры ў педуніверсітэце, старэйшы працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы.
«Маці напісала заяву — няма хлопца з нядзелі. А мы на Тройцу сядзелі [8 чэрвеня], Андрэй праходзіць: «Здрасце». Ідзе той стараной, зноў здароваецца. Я кажу: «Во, зноў здароваецца». А ён: «Лепш сто разоў». Сапраўды, лепш сто, чым ні разу. Вечарам не прыйшоў дамоў, у панядзелак няма. А ўчастковы кажа: «Трэба ў сваім селішчы глядзець». Адкрываюць сенавал — кароў не трымаем, — а ён вісіць… Павезлі ў Мазыр на ўскрыццё…
Тут павазілі па сяле нябожчыка, як паложана, а ў хату ўжо не заносілі. Ён такі цёмны быў, а чаго ў яго так валасы пабялелі. Столькі грыму наклалі на твар — як маска. Але ўсё адно трупныя плямы былі. І яму ніяк 20 гадоў не дасі — быццам стары 90-гадовы».
Хлопцаў пахавалі ў адзін дзень, 11 чэрвеня. Спачатку Мікалая вяскоўцы правялі. А пасля Андрэя. Што магло такіх маладых штурхнуць на самагубства? На вёсцы нічога не схаваеш ад людзей.
Жыў з жанчынай старэйшай
«Коля з жанчынай старэйшай жыў. У яе дочкі дарослыя — адна ў 11-м класе, адна ў 10-м, адна мо ў 7-м. Кажуць, што яна яго рэчы сабрала, каб дадому ішоў.
Бо яго міліцыя спаймала, нецвярозы быў — 7 мільёнаў штрафу далі. Ён узяў сабе нешта да галавы. Так людзі кажуць, а я не бяру судзіць… Гэта і не з-за жанчыны, я б сказала. Мала што скандалы ў хаце бываюць. Але яна была на пахаванні. Хаця бацькі не задаволеныя былі, — дзеляцца вяскоўцы.
— А другі, Андрэй, і на работу быў уладкаваны ўжо. Ён у інстытут быў паступіў. Мо дзве сесіі здаў. А пасля сказаў, што кіне — кінуў і паехаў на заробкі з сябрам. За месяц зарабілі дзесьці па 10 мільёнаў. Прыехалі. Той Андрушка прагуляў свае.
Бацька яго дамоў не пускаў. Казаў, каб ішоў куды хоча. Маўляў, 10 мільёнаў было — хоць бы мацеры даў трохі. А бацька яго такі самастойны, ён з такой радні — з кулакоў колішніх. Яны добра жывуць…»
Кіруемся на могілкі. Яны ў ляску.
Самагубства — вялікі грэх. Таму святары не адпявалі нябожчыкаў. Нашы продкі самагубцаў і хавалі за межамі могілак. Сёння так, здаецца, нідзе не робяць. Дзве свежыя магілы сярод свайго роду ляжаць.
Праверка ў Следчым камітэце яшчэ працягваецца.
Па 14 мільёнаў палучаюць
Вяскоўцы не бачаць нечага глыбейшага за здарэннем — «проста так супала».
«Вёска вялікая. 382 чалавекі, — расказвае жыхарка Валянціна Ігнаценка. — 79 пенсіянераў. А дашкольнага і школьнага ўзросту — мо 109. У Сімавічы і ў Дуброву ў школу ходзяць, і ў нас — у дзевяцігодку. Ужо хацелі закрыць, але не. У нас падтрымка (смяецца): быў настаўнікам у нас у школе — цяпер намеснік старшыні райвыканкама. Нармальна ў нас і моладзі. Яшчэ ў нас вёска не заглохла, хораша гуляюць, як збяруцца на танцы. І ўсе пры рабоце. Хто на «Аграсэрвісе», хто ў Лельчыцах. Хто вучыцца. А чалавек 5—10 нідзе не працуюць. Як і паўсюль. Бацькоў-пенсіянераў чавяць: за глотку — давай грошы…»
— Калі чалавек п’е — жонка робіць, калі жонка п’е — чалавек робіць. У «Аграсэрвісе» ў нас найбольшыя заробкі па раёне. Ленка, колькі ты палучаеш даяркай? — звяртаецца Валянціна Цімафееўна да жанчыны, што стаіць побач.
— Сем мільёнаў.
— Па 12, па 14 палучаюць! У нас комплекс пабудавалі, што зімой падлога з падагрэвам. Я была на экскурсіі. Там такая прыгажосць. Сядзіш — і неба бачыш праз столь.
— У горадзе столькі не плацяць, — заўважаю.
— А што яны ў горадзе робяць?! — рэзонна адказвае жанчына.

Статыстыка
Кажуць, што адна смерць — гэта трагедыя, а дзве смерці — гэта ўжо статыстыка. І тая статыстыка злая. Па колькасці суіцыдаў Беларусь была то на шостым, то на сёмым месцы ў свеце.
Гадоў пяць таму быў пік гэтай бяды, пасля лічба пачала зніжацца. Але і цяпер штогод па сваёй волі сыходзіць з жыцця каля дзвюх тысяч чалавек. А бывалі гады, калі і 3500…
Самагубцаў-мужчын у 6 разоў больш, чым жанчын. У вёсцы працэнт суіцыдаў у 2,6 раза большы, чым у горадзе. Такім чынам, Сярэднія Печы, насамрэч сярэднія.
І зарабляць у людзей ёсць магчымасць. Сем, чатырнаццаць мільёнаў — не штука. Значыць, не толькі ў заробку справа. Пытанне яшчэ ў тым, каб у чалавека былі іншыя прынцыпы ў галаве і іншыя магчымасці ў жыцці, свядомасць, нейкая мара, калі хочаце. Каб яго не на гарэлку і смерць быў настрой, а на самарэалізацыю.
* * *
«Мы былі друіды»
«Вёска раней называлася Сінькі. І мы не называліся беларусамі, а былі друіды, — правяла вясковы лікбез Валянціна Цімафееўна. — Пасля Сярэднія Печы. У нас печка была там, дзе калгас, — драўняны вугаль абпальвалі. Печ там (паказвае ў іншы бок) — шэрую гліну капалі (Ставок). А ў Дубраўцы печ была — белую гліну капалі. А ў сярэдзіне мы — Сярэднія Печы. З вайны пачалі так называць. А ў вайну вёску спалілі, і ўсе па хутарах жылі. А пасля пачалі сюды збірацца».
Каментары