Найбуйнейшы пірацкі сайт The Pirate Bay закрылі. Ці назаўсёды?
Удзень 9 снежня торэнт-трэкер The Pirate Bay стаў недасяжным па ўсім свеце. Гэта адбылося праз паліцэйскі рэйд на яго серверы ў Стакгольме, распавядае газета Metro.
Шведская паліцыя канфіскавала некалькі сервераў і камп’ютараў, але людзей не затрымала. Паліцыя не пацвердзіла, што мэтай рэйду быў менавіта The Pirate Bay.
Разам з The Pirate Bay у афлайн сышлі іншыя трэкеры: EZTV, Zoink і Torrage.
Барацьба з The Pirate Bay, дзе распаўсюджваюцца нелегальныя копіі фільмаў, музычных альбомаў, відэагульняў і праграм, вядзецца даўно.
У кастрычніку быў затрыманы трэці і апошні заснавальнік трэкера Фрэдрыка Нэйжа, вядомага як TiAmo, за шматлікія парушэнні аўтарскага права. Трэкер блакіруецца ў шэрагу краін.
Раней The Pirate Bay не раз сыходзіў у афлайн, але вяртаўся хутчэй чым праз 24 гадзіны пасля адключэння.
У верасні ўладальнікі сайту заяўлялі, што запусцілі сістэму супраць рэйдаў, якая дазволіць сайту функцыянаваць нават у выпадку паліцэйскіх ператрусаў.
Ці канчаткова закрылі The Pirate Bay?
Натхняльнік беларускага Пірацкага цэнтру Міхал Волчак мяркуе, што гэтае пытанне неістотнае. Буйныя пляцоўкі кшталту The Pirate Bay можна закрыць, але існуе безліч драбнейшых торэнт-трэкераў.
«Гэта індыкатар таго, што старыя падыходы да аўтарскага права яшчэ атрымліваюць інвестыцыі ад старога бізнэсу на тое, каб паваліць сімвалы кшталту The Pirate Bay»,
- распавёў «Нашай Ніве» беларускі пірат.
«У пэўным сэнсе гэта запужванне. Але для The Pirate Bay гэта ўжо не першы раз. Думаю, у іх ёсць «люстэркі», - мяркуе ён.
На яго думку, ганяцца за дробнымі торэнт-трэкерамі бесперспектыўна. Сучасныя тэхналогіі (у прыватнасці magnet-лінкі) дазваляюць аднойчы скарыстацца трэкерам, а затым абменьвацца файламі без трэціх пляцовак.
Да таго ж, існуюць і альтэрнатывы накшталт «глыбіннага павуціння» («dark net»), дзе практычна немагчыма знайсці распаўсюдніка нелегальнага кантэнту.
Як змагацца з парушэннямі аўтарскага права?
На думку Волчака, эфектыўней не змагацца з парушэннямі аўтарскага права, а рэфармаваць аўтарскае права і спосабы распаўсюду кантэнту.
Пірацкі цэнтр займаецца падрыхтоўкай глебы да рэформы заканадаўства, кансультуе грамадзян па пытаннях аўтарскага права. Сённяшняе аўтарскае права ён называе «аховай інвестыцый», але падкрэслівае, што карысць для як для дзяржавы, так і для творцы ад гэткай аховы спрэчная. Яно часта не дае зручных для карыстальніка спосабаў распаўсюду і спажывання легальным кантэнтам.
Барацьба з жаданнем чалавека не плаціць за кантэнт – састарэлая мадэль на думку Волчака.
«Кантэнт зараз не заўсёды ўсунеш бясплатна, а патрабаваць за яго плаціць… Гэта не падыходзіць да сённяшніх рэалій у сеціве»,
— кажа ён.
Калі чалавек мае магчымасць здабыць нешта бясплатна, ён здабудзе, мяркуе Волчак. «Ганяцца за гэтым няма перспектыў. Лепей прыдумаць, як гэта зрабіць зручна», — сцвярджае ён.
Нават калі карыстальнік не супраць заплаціць, часта яму прасцей спампаваць неліцэнзійную копію, чым знайсці доступ да ліцэнзійнай.
У якасці прыкладу ён прыводзіць сэрвісы патокавага відэа ці аўдыё, дзе карыстальнік плаціць не за кантэнт, а за карыстанне зручным сервісам. Падобныя бізнэс-мадэлі ўжо маюць пэўны поспех, але сучаснае аўтарскае права часам замінае іх шырокаму распаўсюду.
Каментары