Грамадства1515

Старшыня сената ЕГУ: У ХХІ стагоддзі вызначэнне «Нацыянальны ўніверсітэт» не працуе

Пра моўную палітыку ЭГУ, абазнанасьць новага рэктара ў беларускіх справах і прафэсіяналізм Аляксандра Мілінкевіча як патэнцыйнага рэктара Свабода пагутарыла са старшынём сэнату ЭГУ Рыгорам Мінянковым.

57 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі выступілі з заявай з нагоды выбараў новага рэктара ЭГУ. У заяве крытыкуецца асоба новага кіраўніка ўнівэрсытэту, амэрыканца Дэйвіда Поліка, ставіцца пад сумнеў права ЭГУ лічыцца «беларускім праектам» і прапаноўваецца стварыць альтэрнатыўны Нацыянальны ўнівэрсытэт, «у якім беларускасьць будзе прынцыпам існаваньня».

У адказ ЭГУ распаўсюдзіў прэс-рэліз са статыстыкай, якая сьведчыць, што большасьць выпускнікоў унівэрсытэту застаюцца працаваць у Беларусі.

З гэтай нагоды Свабода пагутарыла са старшынём сэнату ЭГУ прафэсарам-эмэрытам Рыгорам Мінянковым.

— У заяве 57-мі грамадзкіх і культурніцкіх дзеячоў сьцьвярджаецца, што «лёс унівэрсытэту трапіў у рукі чалавека, які ня толькі ніколі не займаўся беларускімі справамі, але нават не знаёмы з сытуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне». Як вы лічыце, тут гучаць прэтэнзіі канкрэтных асобаў, якія балятаваліся на пасаду кіраўніка ЭГУ, ці аб’ектыўная ацэнка асобы Дэйвіда Поліка?

— Гэтая заява вельмі цікавая. Я стаўлюся так: калі пра нас пішуць, калі пра нас выдаюць заявы, значыць, мы жывем. Ва ўнівэрсытэце паставіліся да чарговай заявы беларускіх дзеячоў, якая гэтым разам вельмі суворая і надзвычай крытычная, даволі спакойна. Мы разумеем, што ёсьць пытаньні, на якія мы павінны адказаць.

Што да асобы Дэйвіда Поліка. Я думаю, тое, што ён «ня толькі ніколі не займаўся беларускімі справамі, але нават не знаёмы з сытуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне», — ня самая вялікая праблема. Любы добра падрыхтаваны чалавек можа хутка пазнаёміцца з гэтымі справамі, гэта ня так цяжка.

Гаворачы пра рэктара, трэба памятаць, што такое сучасны ўнівэрсытэт. З акцэнтам на слова «сучасны». Найперш, гэта міжнародная ўстанова, дзе працуюць і кіруюць людзі з розных краін. Гэта норма — людзі размаўляюць на розных мовах, а пры неабходнасьці пераходзяць на ангельскую. Тое, што мы кіруемся гэтай тэндэнцыяй, — ня так і кепска. Мне дзіўна чытаць, што «лёс унівэрсытэту трапіў у рукі чалавека…». Лёс унівэрсытэту — у руках акадэмічнай супольнасьці, а не ў руках аднаго чалавека. Нягледзячы ні на што, наш унівэрсытэт застаецца беларускім. Гэта адзіны беларускі ўнівэрсытэт, які працуе паводле Балёнскай мадэлі. А калі мы дадамо сюды амэрыканскі мэнэджмэнт, то атрымаем яшчэ адзін плюс, бо амэрыканскія ўнівэрсытэты — самыя пасьпяховыя ў сьвеце. Мы будзем працаваць далей. І будзем вучыць спадара Поліка, тлумачыць яму асаблівасьці Беларусі і беларускай сытуацыі.

— У адказ на заяву 57 асобаў пра адсутнасьць беларускасьці ў ЭГУ прэс-служба распаўсюдзіла прэс-рэліз, які выйшаў па-расейску і па-ангельску. Прычым у прэс-рэлізе расьпісаныя шматлікія сувязі ўнівэрсытэту зь Беларусьсю. Удакладніце, якая мова лічыцца афіцыйнай у ЭГУ?

— Афіцыйна мы — літоўская навучальная ўстанова. У Літве мы можам працаваць як на літоўскай мове, так і на любой іншай мове Эўразьвязу. Ні беларуская, ні расейская мовы такімі не зьяўляюцца. Таму афіцыйна наша мова — літоўская, і ўсе дакумэнты ў нас вядуцца менавіта па-літоўску.

Што да працоўных моваў, то іх тры — беларуская, расейская, ангельская. Гэта наша палітыка, мы зыходзім з таго, што беларускі выкладчык павінен карыстацца той мовай, якая зручнейшая і прасьцейшая для яго, а заходнія ці расейскія выкладчыкі — адпаведна той мовай, якую яны ведаюць: расейскай, ангельскай, францускай, нямецкай. Студэнт мае права адказваць вусна і пісаць працы на той мове, на якой яму прасьцей. Таму ў межах некаторых курсаў выкладчык чытае па-расейску, дае літаратуру на ангельскай мове, а пасьля правярае пісьмовыя заданьні, выкананыя па-беларуску. Самае вялікае значэньне для нас мае ангельская мова — так пабудаваны сучасны ўнівэрсытэт. Калі зьвярнуцца да статыстыкі, то толькі 10% курсаў у нас чытаюцца па-беларуску, але больш за 50% прысьвечаныя беларускай праблематыцы. Толькі 10% курсавых і дыплёмных працаў пішацца па-беларуску, але больш за 60% усіх працаў — гэта дасьледаваньні беларускай праблематыкі. У нас вельмі гнуткая моўная палітыка, мы стараемся не адставаць ад сучасных унівэрсытэтаў, якія ў бальшыні сваёй полімоўныя.

— Чаму пры адсутнасьці дыскрымінацыі беларускай мовы ўсё ж такая малая доля працаў пішацца па-беларуску? Можа, грамадзкасьць чакае ад ЭГУ заахвочваньня і матываваньня студэнтаў пераходзіць на родную мову як падчас вучобы, так і пры напісаньні навуковых працаў?

— Я пагаджуся, што гэта праблема. І яна абмяркоўваецца ў многіх эўрапейскіх унівэрсытэтах, ня толькі ў ЭГУ. Міжнародная мова — ангельская, рынак працы таксама патрабуе англамоўных працаўнікоў. Таму як нам падштурхоўваць студэнтаў у бок беларускай мовы? Мы думаем пра гэта, але ёсьць шмат перашкодаў. Напрыклад, няма перакладаў тэкстаў на беларускую мову. Таксама цяпер высокі ўзровень студэнцкай мабільнасьці — гэта значыць, што да нас едуць шмат студэнтаў зь іншых краін, а студэнты ЭГУ таксама едуць у іншыя ВНУ. І тут нам трэба працаваць у бок павелічэньня колькасьці курсаў на ангельскай мове (хаця б да 25%), бо тады да нас будуць прыяжджаць яшчэ больш, што выгадна ў фінансавым і іміджавым пляне.

— То бок моўны прыярытэт ЭГУ — ангельская мова?

— Так, бо гэта глябальная сытуацыя. Мы не арыентуем студэнтаў на беларускую мову, але арыентуем іхнія працы і дасьледаваньні на беларускую праблематыку ў эўрапейскім кантэксьце.

— Давайце вернемся да асобы новага рэктара, працэс абраньня якога выклікаў вялікі рэзананс у СМІ. Якім чынам адміністрацыя і камісія па абраньні ўлічвалі думку аўтарытэтных беларусаў, якія неаднаразова выступалі з публічнымі заявамі пра тое, каб топ-мэнэджмэнт ЭГУ складаўся зь беларусаў?

— Ведаеце, калі я чую такія заклікі, то ўзгадваю 2004 год, калі зачынілі ЭГУ. Тады першай ластаўкай стала выступленьне міністра адукацыі Радзькова, які сказаў, што «ЭГУ ператварыўся ў прахадны двор», маючы на ўвазе, што кожны год ва ўнівэрсытэце выкладалі 50 выкладчыкаў зь іншых краінаў. Тады міністар абурыўся і спытаў: ці ў нас сваіх выкладчыкаў не хапае? То бок — тое, што сёньня лічыцца вялікім плюсам, міністар Радзькоў адзначыў як тлусты мінус.

Тое і сёньня. Чаму топ-мэнэджмэнт павінен складацца зь беларусаў? Ён павінен быць прафэсійны. У нас цяпер ён складаецца зь літоўцаў, беларусаў, амэрыканцаў, брытанца. Тут няма праблемы. Падчас абраньня Дэйвіда Поліка мы ўлічвалі думкі і выказваньні знакавых беларусаў. Мабыць, менавіта таму працэс падбору рэктара і быў такі доўгі. Але ня ў пашпартных зьвестках праблема. Нам былі патрэбныя прафэсійныя якасьці.

— Прэтэндэнтам на пасаду рэктара быў беларус Аляксандар Мілінкевіч, які спалучае ў сабе досьвед акадэмічнай працы, палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Яму таксама бракуе прафэсійнасьці?

— Я думаю, што так. Нам быў патрэбны чалавек, які выдатна арыентуецца ва ўсіх міжнародных адукацыйных тэндэнцыях і праблемах. Мы — унівэрсытэт, які фінансава не падтрымліваецца ніякай дзяржавай і ў якім плата студэнтаў за навучаньне складае толькі 14% бюджэту. Астатнія грошы мы павінны шукаць, а гэта вельмі цяжка.

— Дарэчы, пра грошы. У сваім звароце 57 грамадзкіх і культурніцкіх дзеячоў заяўляюць, «што ў сваім цяперашнім стане ЭГУ не дае падставаў надалей лічыць яго беларускім праектам. Падтрымка такога ўнівэрсытэту ня можа ўспрымацца як падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі». Якім чынам адміністрацыя ЭГУ будзе рэагаваць на такія абвінавачаньні? І ці могуць яны паўплываць на фінансавую стабільнасьць унівэрсытэту, калі беларускія апазыцыйныя палітыкі будуць гаварыць донарам, што ня варта падтрымліваць ЭГУ?

— Я разумею, што гэта палітычная заява, якая перасьледуе палітычныя мэты. Магчыма, што яна будзе мець нэгатыўны ўплыў на ЭГУ. Але ўвогуле такія заявы павінны абапірацца ня толькі на палітычныя моманты, але і на факты. Як можна рэагаваць на такія абвінавачаньні? Хіба што сказаць: «Не, я не вярблюд». Мы разумеем праблему. Кіроўная рада даручыла новаму рэктару распрацаваць нашу стратэгію што да дэмакратыі, правоў чалавека. Мы б хацелі абмяркоўваць гэтую праблему разам з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Для гэта будуць зробленыя адмысловыя сустрэчы. Таксама мы ўлічым прапановы, якія выказвалі ўсе прэтэндэнты на пасаду рэктара.

— Як вы ставіцеся да ідэі стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту як альтэрнатывы ЭГУ?

— Мы нават гатовыя падпісацца 58-мымі пад такой заявай. Хай будзе больш розных унівэрсытэтаў. Мы гатовыя дапамагаць і супрацоўнічаць, бо маем досьвед, як стварыць і захаваць унівэрсытэт у ня самых спрыяльных абставінах.

— А ці ня страціць ЭГУ значную колькасьць выкладчыкаў, якія цяпер незадаволеныя палітыкай кіраўніцтва, у выніку стварэньня новага ўнівэрсытэту?

— Выкладчыкі заўсёды маюць права выбіраць, куды ім далучыцца. Але я б адзначыў, што ў заяве гаворка ідзе пра Нацыянальны ўнівэрсытэт. Але ў 21-м стагодзьдзі вызначэньне «нацыянальны ўнівэрсытэт» не працуе, гэтае вызначэньне было актуальнае ў 19-м стагодзьдзі. Але я разумею, пра што гаворыцца ў заяве — пра стварэньне ўнівэрсытэту, які б адказваў на беларускія праблемы. Гэта добра. Але ён павінен адказваць на іх, улічваючы тое, што адбываецца ў сучасным сьвеце, дзе Беларусь — вельмі невялікая краіна. Таму ўсё трэба ўзважваць і думаць.

— Вы сказалі, што лічыце заяву 57 беларускіх дзеячоў выключна палітычнай. Што вы маеце на ўвазе?

— Заява палітычная, бо зьвязаная з пэўнымі інтарэсамі і мэтамі. І мне здаецца, што яны не зусім зьвязаныя з адукацыяй. Адукацыйныя праекты ніколі ня робяцца праз палітычныя заявы, гэта вельмі цяжкая чарнавая праца. Тут гутарка вядзецца і пра кірункі разьвіцьця нашай краіны і адукацыі, і пра фінансавыя патокі. У заяве схавана шмат чаго, паглядзім, што будзе далей. Я стаўлюся спакойна — барацьба ёсьць барацьба.

Каментары15

Цяпер чытаюць

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп назваў Дэмакратычную партыю галоўным ворагам ЗША пасля Ірана15

Дырэктараў пачнуць штрафаваць за вялікія зарплаты7

Навукоўцы: хімікаты ў нарошчаных валасах могуць павышаць рызыку раку грудзей

Колькасць палітвязняў у Беларусі ўпершыню за чатыры гады знізілася да 897 чалавек2

УСУ заявілі пра знішчэнне ў Бранскай вобласці расійскіх ЗРК «Бук»1

У Мінску ўвялі максімальны кошт праезду ў маршрутках2

У Слонімскім раёне да вядомай валанцёркі чыноўнікі без папярэджання прыйшлі палічыць сабак, якіх яна ўтрымлівае за ўласны кошт5

На Падляшшы экспрэс «Зубр» збіў трох белавежскіх зуброў1

Пасажыры British Airways больш за 13 гадзін ляцелі з целам памерлай на борце жанчыны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць