Аляксандр Лукашэнка плануе прыняць удзел у самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і краін БРІКС, якія пройдуць 7—8 ліпеня ва Уфе (Расія).
«Прэзідэнт Беларусі разам з дэлегацыяй будзе на мерапрыемствах ва Уфе, — паведаміла БелаПАН прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. — Пакуль па праграме ўсё яшчэ ўдакладняецца. Час знаходжання і прылёту залежыць ад таго, якой будзе праграма. Мерапрыемствы вялікія, будзе шмат дэлегацый, таму і па праграме ёсць самыя розныя варыянты. Гэта ўсё яшчэ цяпер у працэсе прапрацоўкі».
Беларусь на саміце спадзяецца атрымаць статус назіральніка ў ШАС — пра гэта паведаміў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 8 чэрвеня ў Маскве на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.
ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расіяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам. За выключэннем Узбекістана ўсе гэтыя краіны з'яўляліся ўдзельніцамі «Шанхайскай пяцёркі», заснаванай у выніку падпісання ў 1996-1997 гадах пагадненняў аб умацаванні даверу ў вайсковай вобласці і аб узаемным скарачэнні ўзброеных сіл у раёне мяжы.
БРІКС — група з пяці буйных краін: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
Каментары