Грамадства44

«Інтэрнэт — хуткі, клімат — лагодны, людзі — талерантныя». Праграміст з Ірана знайшоў сябе ў Беларусі

Высокая хуткасьць інтэрнэту і вольны доступ да міжнароднай банкаўскай сыстэмы прымусілі трох іранскіх праграмістаў пераехаць у 2013 годзе ў Беларусь.

Як ратуюць грошы ад дэвальвацыі ў Іране і чаму Беларусь можна лічыць разьвітай ды свабоднай краінай — пра гэта 33-гадовы Магдзі Джадзьдзі (Mahdi Jeddi) апавёў у інтэрвію Свабодзе.

Зьехалі ў Беларусь, ратуючыся ад санкцыяў супраць Ірана

Трое іранскіх сяброў апынуліся ў Беларусі выпадкова. Усе яны працавалі на адну кампанію ў Тэгеране, дзе стваралі кампутарныя гульні. Ім было ўжо па 30 год, і яны вырашылі адкрыць свой бізнэс. Аднак працаваць на сябе ў Іране даволі складана, і яны сталі думаць, куды б ім зьехаць, каб паспрабаваць свае сілы.

Паехаць за мяжу іранцаў падштурхнулі санкцыі Захаду, якія загналі краіну ў эканамічную блякаду. Праз санкцыі ў Іране не працавалі міжнародныя банкаўскія сыстэмы MasterCard і Visa.

«І нават калі празь сяброў ты адкрыеш рахунак за мяжой, грошы ў краіну можна ўвезьці толькі наяўнымі, — кажа Джадзьдзі. — Мы не маглі ні адправіць, ні атрымаць грошы з-за мяжы».

Нават іранскія студэнты, якія вучацца ў Беларусі, ня могуць атрымаць грошы ад бацькоў іншым спосабам, як толькі перадачкай. Калі хто з іранцаў зьбіраецца на радзіму, студэнты даюць яму кантакты бацькоў, каб прывёз наяўныя грошы.

Дарэчы, каб паехаць за мяжу, бацькі хлопцаў, якія не служылі ў войску, мусяць пакідаць заклад ад 1700 да 6800 даляраў — на выпадак, калі тыя ня вернуцца. Для Джадзьдзі зрабілі выключэньне, бо ў год ад’езду ён выйграў міжнародны конкурс «Robocup».

Яшчэ адна перашкода ў працы праграмістаў — гэта фактычная дзяржаўная манаполія ў IT-сфэры. Падтрымліваць стасункі з замежнымі кампаніямі іранцам вельмі складана, а таму яны вымушаныя працаваць на дзяржаўных замоўцаў. А гэта вельмі абмежаваны рынак.

«Гэта ў Беларусі ты альбо праграміст, альбо не, — кажа Джадзьдзі. — А ў Іране такой розьніцы няма. Дактары і інжынэры там вельмі добра зарабляюць. А праграмісты могуць зарабіць больш, але не нашмат».

Ужо на наступны дзень мяне паклікалі на працу

Сярод краін, куды можна было б зьехаць, хлопцы разглядалі тры. У Малайзію і Турэччыну іранцам не патрэбная віза, а ў Беларусі ў іх былі кантакты — знаёмыя аднаго зь сяброў. Пасьля экскурсіі ў Менск летам 2012 году яны вырашылі перабірацца сюды.

Паступіўшы на курсы расейскай мовы ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, сябры атрымалі студэнцкія візы ў лютым 2013 году. Спачатку жылі ў інтэрнаце, паміж лекцыямі праграмавалі ў сябе ў пакоях.

«Жыцьцё ў інтэрнаце — цікавы досьвед, але гэта мела нэгатыўны эфэкт на працу, — кажа Джадзьдзі. — У цябе няма прыватнай прасторы, а яшчэ ўвесь час нехта заходзіць у госьці ды адцягвае ўвагу ад працы».

Хлопцы ўсьвядомілі, што пачаць уласны бізнэс ня так проста. А таму ўжо праз год двое з трох паехалі назад у Іран. Адзін, праўда, потым вярнуўся ў Беларусь. Другі працуе ў Тэгеране.

Джадзьдзі пашчасьціла больш. Ён разьмясьціў сваё рэзюмэ на сайце вакансій і ўжо на наступны дзень атрымаў прапанову працы.

«Я ня быў упэўнены, ці хопіць мне майго ўзроўню расейскай мовы, — кажа хлопец. — Але хапіла. Я паўтара года быў на адной працы, цяпер перайшоў на іншую. Працую праграмістам».

Не турбавала беларускіх працадаўцаў і адсутнасьць вышэйшай адукацыі. У Тэгеране Джадзьдзі кінуў унівэрсытэт, калі яму прапанавалі добрую працу. Ці атрымае ён калі-небудзь дыплём, ён ня ведае: у Беларусі можна працаваць і безь яго.

«У гэтай індустрыі працуе вельмі шмат людзей без адукацыі, — кажа ён. — Калі ты ведаеш працу, цябе возьмуць і без дыплёма».

Іран ня хутка дагоніць Беларусь

Джадзьдзі кажа, што цалкам задаволены сваім жыцьцём у Беларусі. Асноўныя паказчыкі якасьці ягонага жыцьця — тэхнічныя і эканамічныя. Інтэрнэт у нас прынамсі ў дзесяць разоў хутчэйшы за іранскі. У Тэгеране, кажа ён, хуткасьць хатняга падключэньня на момант іхняга ад’езду вагалася ад 256 да 512 кб/с. Юрыдычная асоба магла мець хуткасьць да 2 Мб/с. У Беларусі ўжо тады хуткасьць была да 100 Мб/с.

«Каб заліць гульню на iStore, мне трэба было прачынацца раніцай, і гэта займала некалькі гадзін, — узгадвае Джадзьдзі. — Тут гэта займае менш за 10 хвілін».

Таксама ў Беларусі ёсьць Paypal, можна адпраўляць гульні на Google PlayWindows Store — MicrosoftXbox. Нічога з гэтага немагчыма ў Іране.

Жывучы ў Беларусі, Джадзьдзі можа нарэшце карыстацца тымі грашыма, якія зарабляе за сваю працу на замежныя кампаніі.

«Калі гэтага нехта ня ведаў, я ім скажу: Беларусь — вельмі разьвітая краіна, — кажа іранец. — Мне, замежніку, тут прасьцей адкрыць уласны бізнэс, чым у Іране».

Вялікіх спадзеваў на спыненьне санкцыяў ён ня мае. Па-першае, адмена — толькі першы крок. Невядома, калі пачнуць працаваць іншыя мэханізмы, калі банкі падключацца да міжнародных сыстэм. Па-другое, у Іране, кажа ён, усё вельмі павольна зьмяняецца.

«Нават калі дазволіць нешта раней забароненае, людзям страшна брацца за новыя рэчы. А тут, як толькі зьяўляецца новая магчымасьць, людзі ёй адразу карыстаюцца, не чакаюць нічога. У Беларусі я навучыўся прынцыпу, што калі табе трапляецца нешта лепшае, трэба гэтым адразу карыстацца».

Таму на радзіму ў хуткім часе Джадзьдзі не зьбіраецца. Нават калі Іран пачне разьвівацца, ён так хутка не дагоніць Беларусь.

«Тут увесь час умовы для бізнэсу паляпшаюцца. Напэўна, таму, што ў вас высокія падаткі і дзяржаве выгадна, каб людзі больш зараблялі».

Тут я свой, а ў Эўропе быў бы тэрарыстам

Цяпер у Тэгеране стаіць 40-градусная сьпёка. На пытаньне, ці ня холадна яму ў Беларусі, Джадзьдзі пярэчыць. Ён, маўляў, вельмі цяжка пераносіць лета ў Іране, а ў Беларусі адчувае сябе выдатна.

«У холад ты можаш надзець яшчэ адзін швэдар, а калі горача, ты хоць да трусоў разьдзенься — гэта не дапаможа. Але хіба толькі я такі. Многія іранцы мяне не разумеюць».

Да таго ж кандыцыянэры абыходзяцца даражэй за ацяпленьне. Карацей, клімат у Беларусі для яго проста ідэальны.

Не адчувае Джадзьдзі і ніякай варожасьці ад беларусаў. На працы ён адзіны замежнік, для якога расейская мова ня родная, але працуе на роўных з усімі.

«Мясцовым усё адно, адкуль я. У мяне ніколі не было праблемаў з тым, што я замежнік. А вось у Эўропе і ЗША на ўладальнікаў іранскіх пашпартоў могуць глядзець як на тэрарыстаў».

Дэвальвацыі і абмежаваньні з валютай для Джадзьдзі — не навіна. Курс рыала, іранскай валюты, у два разы ніжэйшы за курс беларускага рубля. То бок 1 даляр у іх каштуе 29 тысяч рыалаў.

Аднак валютай да нядаўняга часу ніхто асабліва не цікавіўся. Усе разьлікі ў краіне праходзяць у рыалах. А калі нехта хоча ўкласьці грошы, то купляе золата ці нерухомасьць. Толькі апошнім часам, калі ў краіне павялічыліся пераддэвальвацыйныя настроі, іранцы пачалі скупляць валюту. Як калісьці і ў нас, часам яе вельмі складана набыць.

Усё, што забаронена рэлігійнымі ўладамі, усё адно можна набыць, кажа Джадзьдзі. Толькі гэта будзе небясьпечна і каштаваць будзе даражэй, чым у іншых краінах.

«Алькаголь у нас — як наркотыкі. Трэба ведаць чалавека, які табе прадасьць. Некаторыя робяць віно дома. Але мяне гэта не хвалюе, бо я не ўжываю алькаголю».

На пытаньне пра свабоду слова іранец пацьвярджае антырэйтынгі правоў чалавека і абмежаваньняў прэсы, якія ўзначальвае Іран. Але ён ня згодны, што з такімі самымі праблемамі сутыкаюцца беларусы.

«Беларусаў абмяжоўваюць? Я гэтага ўвогуле не адчуваю. У важных для мяне рэчах мяне тут ніяк не абмяжоўваюць».

Каментары4

Цяпер чытаюць

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім17

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

З 2026 года ў Беларусі істотна падаражэе шэраг аўто папулярных кітайскіх марак1

Чаму неба над «Мінск-Светам» дзіўна зіхаціць? ВІДЭА2

Міністры замежных спраў ЕС ухвалілі пашырэнне санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да Беларусі4

Адной з вывезеных ва Украіну палітвязняў аказалася выкладчыца з Глыбокага1

У Пецярбургу 15‑гадовы школьнік напаў з нажом на настаўніцу — яны абодва шпіталізаваныя6

Аляксандра Здаравеннава з Рэчыцы за «здраду дзяржаве» асудзілі да 10 гадоў калоніі і буйнога штрафу1

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА9

Справай вертухая Шынвізэ занялася крымінальная паліцыя Германіі9

На палітвязняў ужо сабралі ўдвая больш за запланаваную суму. Збор яшчэ можна падтрымаць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім17

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць