З нагоды выхаду новага фільма «Місія невыканальная», дзе падчас аднаго з заданняў дзеянні адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, «Наша Ніва» зрабіла падборку кінастужак і серыялаў, дзе згадвалася Беларусь.
Фільм «Выклік»
Фільм здымаўся ў Літве, хоць дзеянні карціны адбываюцца ў Беларусі. Але гэта адзін з самых беларускіх галівудскіх фільмаў. Тры браты Бельскія падчас нацысцкай акупацыі ствараюць пад Навагрудкам яўрэйскі партызанскі атрад.
Трэйлер:
Серыял «Сябры»

Дзеянне серыяла «Сябры» практычна ўвесь час адбываецца на Манхэтэне, сучасным цэнтры Нью-Ёрка. Серыял прысвечаны жыццю шасцярых галоўных герояў, якія паступова робяцца з звычайных сяброў сапраўднай сям'ёй. Нават у гэтым, адным з самых знакамітых серыялаў, знайшлося месца для Беларусі.
Па гісторыі закаханы ў Фібі, Дэвід — вучоны, у далейшым з'ехаў у працяглую камандзіроўку ў Мінск. У першы раз з'яўляецца ў 10-й серыі 1-га сезона.
Дарэчы, ролю Фібі грае Ліза Кудроў, бабуля якой паходзіць з Ільі Вілейскага раёна. Нядаўна Ліза наведала сваю радзіму, пагутарыла са старымі людзьмі, наведала могілкі закатаваных у вайну яўрэяў. Пра гэта зняты дакументальны фільм.
Момант пра Мінск:
Фільм «Тэрмінал»

Стужка 2004 года распавядае пра гісторыю Віктара Наварскі, які адправіўся ў Нью-Ёрк з Усходняй Еўропы. Пакуль Віктар ляцеў у самалёце, на яго радзіме адбыўся дзяржаўны пераварот. Апынуўшыся ў міжнародным аэрапорце імя Джона Кенедзі з пашпартам ніадкуль, ён не мае права прыехаць у Злучаныя Штаты і павінен бавіць свае дні і ночы на лаўках ля выхаду 67, пакуль вайна ў яго роднай краіне не скончыцца.
Ужо пэўна шмат хто бачыў фота Хэнкса на беларускім пасведчанні кіроўцы. Калі не, то абавязкова паглядзіце фільм.
Трэйлер:
Мультсерыял «Сімпсаны»

Хай і не зусім падрабязна, але і ў гэтым знакамітым мульсерыяле ёсць ўзгадванне нашай краіны. У прыватнасці ў 9 серыі 20 сезону. Маленькая дзяўчынка ў вышыванцы прадстаўляе Беларусь на сімуляцыі ААН.
Паглядзець серыю цалкам можна тут.
Серыял «Шэрлак»

Брытанская тэлерадыёкампанія BBC таксама не абыйшла бокам Беларусь. Ужо ў 1 сезоне 3 серыі серыял пачынаецца ў Мінску, Шэрлак сядзіць на фоне чырвона-зялёнага сцяга і дапытвае падазраванага ў забойстве жанчыны. Трэба адзначыць, як у серыі аддзялілі Беларусь ад Расіі. У Лондане на роспыты доктара Уотсана аб «той рускай справе» Шэрлак удакладняе: «Гэта ў Беларусі. Нічога вартага, звычайнае бытавое забойства»
Цалкам серыю можна паглядзець тут.
Фільм «Пароль «Рыба-меч»

Харызматычны Гэбрыэл Шыр працаваў калісьці на ЦРУ, а цяпер стаў геніяльным злачынцам. Ён задумвае скрасці 9 мільярдаў даляраў з нелегальных урадавых фондаў. Для гэтага ён знаходзіць суперхакера. Але ўсё пайшло не зусім так, як яны хацелі.
Герой Джона Траволты ў фільме «Пароль Рыба-меч» прызнаецца, што мог бы купіць ядзерныя боегалоўкі ў Мінску.
— Ведаеш, я магу купіць ядзерныя боегалоўкі ў Мінску за 40 мільёнаў даляраў. Чорт, калі я куплю паўтузіна, то яны мне нават зніжку дадуць.
Момант пра Мінск:
Мультсерыял «Саўс-парк»

«Паўднёвы Парк» — папулярны ва ўсім свеце мультсерыял. Серыял высмейвае заганы амерыканскай культуры і падзеі ў свеце, а таксама крытыкуе агульнапрынятыя погляды і забароны з дапамогай пародыі, сатыры і чорнага гумару.
13-серыя 16-га сезона South Park падымае праблему. «Ведаеш, што сумна? Што менавіта гэта важна для людзей. І ніхто не памятае пра фермера з Беларусі. Ты хочаш сказаць, што фермеры з Беларусі — гэта фігня?» — скардзіцца Стэн свайму сябру Кайлу. У канцы эпізоду Ісус з'яўляецца ў Беларусі, каб урэгуляваць канфлікт.
Паглядзець цалкам серыю можна тут. Абмяжоўванне ўзросту — 16 гадоў.
Серыял «Скарпіён»

Моладзевы шпіёнскі серыял у адным з эпізодаў распавядае пра даўні памежны канфлікт Беларусі, Літвы і Латвіі, абвастрэнне якога можа прывесці да Трэцяй сусветнай вайны. Свет ратуе каманда вундэркіндаў, ім давядзецца выкрыць, хто атруціў аднога з прэзідэнтаў.
У «Скарпіёне» можна пабачыць новага прэзідэнта Беларусі, Барыса Саковіча. Ён размаўляе па-беларуску нават з балтыйскімі калегамі, а важныя рашэнні прымае пад медавуху.
Падрабязней пра эпізод мы пісалі тут.
Серыял «Звышнатуральнае»

Серыял распавядае пра прыгоды братоў Сэма і Дына, якія падарожнічаюць у Злучаных Штатах на чорным аўтамабілі Chevrolet Impala 1967 года, расследуюць паранармальныя з'явы, многія з якіх заснаваныя на амерыканскіх гарадскіх легендах і фальклоры, і змагаюцца з спараджэннямі зла, такімі як дэманы і прывіды.
Ратуючы братоў вінчэстараў, Кастыэль закідвае іх у Беларусь. У начным лесе Кас прапануе Дзіну і Сэму забіць Лёс.
— Дзе мы?
— Беларусь.
Момант з серыялу:
Серыял «Агенты Ш.Ч.Ы.Т»

Дзеянні серыяла разгортваюцца пасля падзей фільма «Мсціўцы». Агент Філ Колсан вяртаецца ў праваахоўную арганізацыю пад назвай Ш.Ч.Ы.Т., сабраўшы невялікую каманду прафесіяналаў, ён пачынае працу над новымі справамі, якія часам бываюць вельмі дзіўнымі.
Беларусь згадваецца ў 4 серыі 1 сезона, калі група аператыўнікаў шчыта вымушана выконваць заданне ў беларускім горадзе.
Серыю пра Беларусь цалкам можна зірнуць тут.
Фільм «Турыст»

Амерыканскі турыст Фрэнк прыязджае ў Італію, каб загаіць душэўную рану. У Венецыі ён знаёміцца з незвычайнай жанчынай па імені Эліза. Параненае сэрца, падобна, гатова здацца новай каханай. Аднак планы Фрэнка і Элізы найгрубейшым чынам парушае вір інтрыг і небяспекі.
Героі Анджэліны Джолі і Джоні Дэпа ў новым фільме «Турыст» супрацьстаяць беларускай мафіі. У ёй злыдні размаўляюць паміж сабой па-беларуску.
Момант з беларускімі гангстарамі:
* * *
Калі вы ведаеце яшчэ фільмы, дзе ўзгадваецца наша краіна — пішыце ў каментах.

Каментары