Беларуская блаґасфера

Ivansaj «пра Жанчынаў з-пад кантролю»

Жанчыны выходзяць з-пад кантролю: Беларускае жаночае апавяданьне. – Менск: І.П.Логвінаў, 2007. Кнігарня “Наша Ніва”.

Трапілася мне паміж двума сакавіцкімі днямі ў рукі гэтая кніжыца пагартаць. І вось што я адтуль выгартаў.

Яны, натуральна, хацелі мяне справакаваць. Каб я пачаў даводзіць, што ня мае сэнсу творы прыгожага пісьменства падзяляць на жаночыя і мужчынскія. Маўляў, якая розьніца, праз каго прамовіць бясплоцевы Бог. Але, як казаў незабыўны Адамовіч Славамір, мы на правакацыі не паддаемся, мы іх ствараем самі. Заўважу толькі, што Бог не заўсёды прамаўляе. Вось у чым штука. І тады апавяданьні становяцца жаночымі і мужчынскімі. Падобныя падзелы характэрныя для непрафэсійных літаратур, якімі займаецца звычайна не літаратуразнаўства, а навука этнаграфія. Ну дык, скажаце, нашы апавяданьні і ня ёсьць прафэсійнымі, прынамсі, у сацыяльным сэнсе – за іх ніхто ня плаціць і ніхто не жыве.

Але ня буду далей разьвіваць гэтую думку і спрачацца з ананімным укладальнікам “Жанчын”, бо насамрэч тэма зборніка можа быць любой і ў нашым выпадку абраная такая, каб ня толькі справакаваць увагу, але, найперш, -- адцягнуць яе ад галоўнага. Ці адбылася кніга? Ці стварыўся новы кантэкст, новая літаратурная калі ня зьява, дык камбінацыя, што стала б немімалётным здабыткам прыгожага пісьменства? Мне выглядае, што такая задача і ня ставілася. Мэханічна паўтораныя з газэтных старонак розных гадоў тэксты ня скупіліся ў эстэтычную вяршыню часу, не засьведчылі эвалюцыі альбо дэградацыі абранага жанру, ня склаліся ў доказ асаблівага нашаніўскага стылю і духу.

Нават найбольш удалыя творы тут не ўзаемадзейнічаюць, бо належаць да розных кантэкстаў. Скажам, калі апавяданьні Марыі Роўды зь лёгкасьцю ўяўляюцца ў Анталёгіі канца мінулага стагодзьдзя побач з творамі Стральцова і Адамчыка (ёсьць эфэкт абэртону), дык скрыпт Крысьціны Курчанковай я б аднес да выбаркі найлепшых Дэбютаў пачатку стагодзьдзя ўжо гэтага. Творы Паўліны Качатковай – сапраўдны здабытак адноўленага нашаніўства – мусілі б друкавацца ў міжжанравай (і міжплоцевай) кнізе найлепшых публікацыяў згаданае газэты.

Ёсьць у кнізе і зусім выпадковыя, для плоцевага аб’ёму далучаныя тэксты, якія самі па сабе не дазваляюць выфантазіяваць нават нейкага ўяўнага кантэксту, у якім яны б заігралі як дыямэнты. Таму іх закранаць ня буду, цалкам дапускаючы, што некалі ў іншых падборках ці кнігах яны выявяцца фрагмэнтамі праўдзівых шэдэўраў. Скажу пра тое, што папала ў “Жанчын” яўна невыпадкова.

Наталка Бабіна. “Шкельцы, шкельцы”. Верагодна, гэта і ёсьць тое “журналісцкае апавяданьне”. Сумяшчэньне несумяшчальнага. У дзяцінстве я таксама думаў, што найлепшы жывапіс – гэта графіка. Але ўрэшце ўсё стала на свае месцы. Бо ў нарыса і апавяданьня розная прырода тыпізацыі. Распавядзі аўтарка нармальнай “газэтнай” мовай пра гэты рэальны выпадак з жыцьця, я б задумаўся пра яго, як пра зьяву, але на памяць прыйшлі б толькі прыклады зь вясковымі бабулямі, якім невыносна ў горадзе. Што да вясковай прыгажуні ды яшчэ й прыдуманай – ня веру. І ад таго зусім ніякавата мне назіраць, як аўтарка мачаліць бедную гераіню то вар’яцтвам, то масьцітам, прычым без усялякай меры.

Адкуль такая няўстрыманасьць? Можа ў гэтым бачыцца жаноцкасьць – як глыбока схаваная ў душы бабская крыўда на сьвет ня цэлы, а прынамсі на палову яго? Аўтарка зусім не ўжывае паўтонаў і быццам не адчувае перагібаў, а наадварот, -- імкнецца перагібаць.

Тое самае ў апавяданьні “Тацяна Янаўна і яе агава”. Гісторыя, вартая журналісцкага апісаньня, у такім псэўдамастацкім пісьме ды яшчэ зь перагібамі, не выклікае даверу як у цэлым, так і ў дэталях. Да пракладу, ні ў якім кантэксьце не магу сабе ўявіць, каб мужчына называў твар жонкі “мордай”. Гэта ніяк не характарызуе жонку (якой бы яна ні была), а характарызуе пэрсанажа, ад імя якога даецца аповед, ужо нават не як “дарэмнага”, а проста нерэальнага чалавека. І што тады нам усе астатнія ягоныя пачуцьці?

Празьмерная гіпэрбалізацыя надаецца для сатыры, але тут не сатыра.

Няўстрыманасьць выяўляецца яшчэ і ў боязі недаказаць, калі да самадастатковай фразы абавязкова прычапляецца пара лішніх вагонаў. Ну пастаў ты кропку! Не. Хочацца яшчэ і яшчэ “разьвіваць думку”. Астапа нясе, ён сам адчувае, што не туды, і таму абавязкова шукае нечага бязь меры парадаксальнага, каб апраўдаць пустагаварэньне. Ён графікай дапаўняе жывапіс... А недзе вышэй зусім зблякла тая акварэльная думка, што насамрэч высьпела ў душы і можа не за адзін год.

Я чуў, што Наталка Бабіна піша раманы. Цалкам дапускаю, што там, на большай прасторы ўсе гэтыя журналісцкія спайкі патрапляюць неяк разыходзіцца ў прозе. Але не чытаў.

Ева Вежнавец. “Візыт Архіварыюса”. Не апавяданьне. Калі б нехта ўзяўся акрэсьліць, што такое нашаніўская эсэістыка і сабраць Анталёгію найбольш характэрных твораў, гэтаму месца там.

“Сьвята вяртаецца” – таксама не апавяданьне. Замалёўка, занатоўка, абразок. Прычым матывацыя ў яго знаходзіцца толькі як у агітацыйнага матэрыялу. З усіх іншых гледзішчаў усё няясна. Навошта было аўтарцы ўлазіць у скуру нейкага Міколы, каб сьцьвердзіць бязглуздае “Мікола жанчын увогуле не любіў”. Так не бывае. (А калі бывае, дык гэта зусім не прычына чытаць далей, а роўна наадварот. Зусім як “морда твару” ў Бабінай). Так можа быць толькі ў псыхічна неадэкватнага чалавека, але ў астатнім гэта не пацьвярджаецца. Навошта было Міколу так доўга згадваць, што значыць 27 ліпеня, калі ён, нібыта, актыўны ўдзельнік гісторыі, як высьвятляецца пазьней. Грыба помніць на дэманстрацыі ў белым гарнітуры. Навошта пісаць, што ў яго няма грошай на тралейбус, каб чытач думаў – адкуль ён узяў на аўтобус, на піва і нават на воблу? І галоўнае – ну і што? Якім бокам усё гэта павінна кагосьці кранаць?

“Няхай вылупіцца цмок”. І таксама не апавяданьне. Тэкст дарэчы быў у газэце. І праз сто гадоў ён будзе на месцы на той самай, толькі зжаўцелай газэтнай паласе, дзе хтосьці будзе шукаць сьлядоў нашага часу. Ня нечага вечнага, а менавіта фізіялёгіі нашых дзён, выяўленай у тым, ува што апраналіся, што пілі, на што такое аранжавае намякалі.

Сьвятлана Сьмірнова. “Купідон”. Нарэшце, сапраўды апавяданьне. Але месца яму ў глянцавым часопісе для падлеткаў, а не ў прыгожым пісьменстве, бо яно дыстыляванае і не нясе на сабе ніякіх прыкметаў аўтарства. Такое можа згенэраваць адпаведным чынам запраграмаваны кампутар. Урэшце нікому, апроч хіба сярэднестатыстычнай дзяўчынкі, не цікавае жаданьне такой самай сярэднестатыстычнай – выйсьці замуж за багатага. Ані асаблівасьці любоўнага пачуцьця, ані адметнасьці характару і сьветапогляду аўтаркі, ані якогась выверту ў сюжэце ў гэтым сачыненьні ня выяўлена. Аднак гэта чысты жанр. І зусім не віна аўтаркі, што яе твор няёмка пачуваецца ў зборніку “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”.

У апавяданьні Тацяны Сьнітко “Курс маладога байца” ёсьць праўда дэталяў, пазнавальных асобаў і пачуцьцяў аўтаркі. Але парадаксальным чынам няма праўды жанру, бо аўтарка ставіцца да свайго літаратурнага занятку па-студэнцку легкаважна, як да забавы, а не як да ўтаймаваньня стыхіі. Тэзысна пісаць прозу прасьцей, чым “цялесна”, але і цана твору выходзіць адпаведная. Тэзысна, за абрывамі фраз, можна схаваць няроўнасьці стылю, дыспрапорцыі важнага і другаснага, “забытае” слова, але паўнавартаснага вобразу і духу часу перадаць немагчыма.

Вольга Бабкова. “Крумкач і Франка”. Часьцей бывае наадварот, а тут – пры добрым рамястве апавяданьню бракуе аўтарскай амбіцыі, каб бачыць гэты твор у зборніку-анталёгіі. Мне лёгка ўяўляецца кніга такіх апавяданьняў – вялікі фармат, маляваныя каляровыя ілюстрацыі і -- чытаць дзецям. Не самім, а каб мама ці дзядуля чытаў дзіцёнку гадоў сямі. І ў працэсе каб яны абмяркоўвалі. Твор ідэальна надаецца для такога выкарыстаньня.

Тацяна Барысік. Іронія, вядома, рэч добрая і нават сьмешная. Але ёсьць тут адна маленькая праблема. Калі іранізуеш з чалавека тупога, цёмнага, хворага, старога, робіш гэта не для самой іроніі або сьмеху, а для таго, каб адкрыць дзьверы ў іншы пакой – у іншы чалавечы сьвет. Гэтак Уладзімер Сьцяпан калісьці апісваў хворага Віцю з рыбаю. Бо сьвет кожнага героя Тацяны Барысік па-свойму завершаны і самадастатковы – са сваім космасам. А людзі, якія падаюцца нам дзівакамі альбо тупымі, насамрэч, такія самыя, як мы, толькі ў іх усё згарманізавана крыху па-іншаму. Калі ж прадметам іроніі становяцца толькі зьнешнія рысы – ці то дАўна ці вясковай дурнічкі ці тупаватай бабкі альбо якога спраўнага калдыра, тады ніякія дзьверы нікуды не адчыняюцца, а апісаньне застаецца прастарэкваньнем. Гэта толькі на першы погляд няма ніякай “інфармацыйнай прасторы” ў паўвымерлай вёсцы. Трэба ўмець бачыць і чуць. Наколькі тут “перагортваецца сьвет” тваіх гарадзкіх стэрэатыпаў важнага і няважнага. І ніколі ня можаш сказаць, што гэта ён з ног на галаву перагарнуўся, а не наадварот. І вось з гэтай багаценнай фактуры выбіраецца якаясь пацяруха.

У мяне няма ніякіх заўваг да аўтарак зборніка, а ўсе закіды да іхных твораў я адрасую ананімнаму ўкладальніку і яшчэ больш ананімнаму рэдактару кніжкі. Падазраю, што яны якраз не жанчыны. І выставілі сваіх галатэяў на ўсеагульнае асьмяяньне ў неўласьцівых убраньнях і неўласьцівых позах. Гэта іхны непрафэсіяналізм бокам вылазіць “Жанчынам”, бо самі яны схаваліся ад чытача ў невядомасьць. Хоць матэрыял, напісаны аўтаркамі, цалкам прыдатны для стварэньня сапраўды вартасных зборнікаў і кніг у адпаведных канфігурацыях і фарматах. Толькі заўсёды ў падобных зборнікаў найпершыя аўтары – укладальнік і рэдактар.

Ці варта выдаваць эсэ, нататкі, нарысы, абразкі за абавязковыя апавяданьні? Чым кепскія пералічаныя жанры? Жанр тым і каштоўны, што ён чысты. На бутэльцы шампанскага таксама можна напісаць “Сьпірт”. Праўда, для справядлівасьці трэба дадаваць – “нячысты”.

Чым кепскі тэкст, разьлічаны на адзін дзень або на тыдзень ці месяц? Калі ў сваім жанры ён паўнавартасны, гэта робіць гонар і імя аўтару, а ня тое, што мы на сутачным тэксьце паставім – вечны. Тады якраз ні гонару, ні імя не атрымліваецца.

Пагаджуся, што міжжанравасьць – адна з характэрных рысаў нашаніўскага стылю. Але вось у чым сакрэт. Гэта міжжанравасьць, адваротная таму, як зразумеў яе ананімны ўкладальнік. “Наша Ніва” ад пачатку была і застаецца ў вялікай ступені альманахам у выглядзе газэты. Гэта значыць, што “вечныя” творы тут камуфлююцца пад “аднадзённыя”. Гэты прыём дазваляе выцягваць з удзельнікаў працэсу максымум творчага самавыяўленьня. Інакш кажучы, рэдакцыя папросту “падманвае” аўтара, запрашаючы яго на “першую рэпэтыцыю” і той выяўляе поўную свабоду, бо не выходзіць у абліччы прызнанага пісьменьніка, а толькі практыкуецца ў высокай літаратуры. Ён дбае пра тое, каб у яго выходзіла як найлепей і яшчэ крышку лепей, але зусім не скаваны думкаю пра тое, як гэта ўсё выглядае з боку. Падумаеш, газэта, жыве адзін дзень! Ён скача, сьмяецца і плача ад усяго сэрца, бо ўсё як бы не насамрэч. Газэта і ўспрымаецца ім як рэпэтыцыя кнігі.

Але вось празьвінеў трэці званок. І... дзе дзеліся тыя разьняволеныя і такія захопленыя ў сваіх забавах, такія фэерычныя і безаглядныя, такія неверагодныя пэрсанажы? Яны мямляць завучаны тэкст... Яны блытаюць словы і ня могуць перадаць настрою, яны бездапаможныя і вартыя жалю.

Пайду кульну...

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае12

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Усе навіны →
Усе навіны

«Яна не дачакала гэтага дня, але гэты дзень дачакаў яе»: Ларысе Геніюш пасмяротна выдалі Нацыянальны пашпарт Беларусі24

Еўракамісія пачала расследаванне з-за тыктокаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, якія заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС9

Расійскія войскі ўдарылі па шматпавярховіку ў гістарычным цэнтры Харкава

ГУР раскрыла падрабязнасці інсцэніроўкі гібелі камандзіра РДК, за якую атрымала $500 тысяч ад заказчыкаў ВІДЭА1

Дзмітрый Мядзведзеў: Фінляндыі давядзецца заплаціць за сваю мярзотную русафобію15

Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках2

«Змена даты ў календары не спыняе вайны ні на хвіліну». Як сустракалі і што елі на Новы год ваяры Палка Каліноўскага?2

Стрыжак запускае новую дабрачынную ініцыятыву40

Кірыла Буданаў узначаліў Офіс прэзідэнта Украіны19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае12

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць