Грамадства22

Валачобніцтва і пакланенне каменным крыжам: якія велікодныя традыцыі захоўваюць беларусы

Велікодныя традыцыі ў Беларусі не абмяжоўваюцца толькі фарбаваннем яек, выпяканнем булак і асвячэннем гэтага ўсяго ў царкве. У розных рэгіёнах нашай краіны дасюль захаваліся цікавыя звычаі. Шмат якія з іх маюць у сабе яшчэ паганскія карані, якія арыгінальна спалучыліся з хрысціянствам. Некаторыя ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. «Белсат» сабраў самыя цікавыя з іх.

Сапоцкінскія пісанкі ў Гарадзенскай вобласці, Беларусь. 18 красавіка 2025 года. Фото: БелТА

Белы тыдзень 

Белы тыдзень — час перад Вялікаднем, падчас якога да свята рыхтавалі хату. Усё мылі, чысцілі, бялілі печкі, здымалі і пралі ручнікі, абрусы, фіранкі. Ад гэтага і пайшла назва, бо ўсё рабілася чыстым, белым. 

Мылі ў тым ліку дзяжу, у якой замешвалі хлеб. Пасля мыцця яе ставілі ў кут і казалі: «Дзяжа ў споведзь пайшла». Гэта было таксама сімвалам ачышчэння. 

У ноч на чацвер (так званы чысты) цеплілі лазню — перад святамі трэба было абавязкова памыцца. Таксама з чацвярга пачынаўся вельмі строгі пост, які канчаўся ў нядзелю, пасля службы ў царкве. Разгаўляцца за велікодным сталом пачыналі асвечанымі яйкамі. 

Валачобнікі 

Валачобны абрад распаўсюджаны пераважна на поўначы Беларусі: у Падзвінні і ў цэнтральных частках нашай краіны. Ён падобны да калядавання. Удзел у ім бяруць у асноўным мужчыны і хлопцы. Яны збіраюцца ўвечары Вялікадня ў групу з 8—10 чалавек і ідуць па дварах з песнямі, у якіх хваляць гаспадароў дому ды іхных дзяцей, зычаць ім здароўя, плёну, дабрабыту, добрага ўраджаю. Тыя ў адказ павінны падзяліцца з валачобнікамі прысмакамі. 

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту праходзіць рэканструкцыя традыцыйных беларускіх абрадаў, якія праводзіліся ў сельскай мясцовасці на Вялікдзень. Менск, Беларусь. 5 траўня 2024 года. Фота: Getty Images

Валачобныя песні могуць мець да 150 радкоў. Пачынае спевы «запявала», астатнія падхопліваюць за ім рэфрэн. У складзе групы могуць быць музыкі, якія граюць на дудзе, скрыпцы, іншых інструментах. 

Акрамя Беларусі, валачобніцтва сустракаецца ў некаторых раёнах Польшчы. 

Гульня ў біткі 

Гэта ўлюбёная забава на Вялікдзень, папулярная і сёння. Сутнасць яе ў тым, што трэба стукацца фарбаванымі яйкамі. Перамагае той, чыё яйка самае моцнае і застаецца цэлым. 

Хаджэнне ў жакі 

Гэтая традыцыя распаўсюджаная пераважна на Гарадзеншчыне — там і сёння «ходзяць у жакі». Абрад падобны да валачобніцтва, толькі тут у іх ролі — дзеці: жакі. Яны ходзяць па хатах у першы ці другі дзень Вялікадня і спяваюць святочныя песні ці расказваюць вершы, віншуюць гаспадароў. Пры гэтым прыгаворваюць: 

Я маленькі жачок, 
Паўзу, як рачок, 
Скачу, як жабка, 
Дай яечка, бабка! 

Гаспадары дзякуюць дзецям яйкамі, цукеркамі, пірагамі. Дзеля гэтага часта загадзя рыхтуюць больш пачастункаў, каб было чым падзяліцца з валачобнікамі ці жакамі. 

У былыя часы жакам называлі касцельнага служку малодшага чыну або студэнта, шкаляра.

«Відаць, у час Вялікага Княства Літоўскага студэнцкая і школьная моладзь акурат на Вялікдзень мела канікулы і на свята вярталася ў бацькоўскія дамы з універсітэтаў і калегіяў. Вядома, што падчас святочнай літургіі яны дапамагалі ў святынях, а потым, відавочна, ішлі па гасподах, каб віншаваць суседзяў і пры нагодзе сабраць сабе крыху правіянту на дарогу і на час вучобы, бо, вядома, што студэнцкае жыццё ніколі не бывае занадта сытым. Пэўна, праз некаторы час наведваць дамы са святочнымі пажаданнямі пачалі не толькі студэнты-жакі, а ўся моладзь. Праўда, у гэтым выпадку назва пачынальнікаў звычаю засталася. Гэтак і сёння сучасныя жакі працягваюць традыцыю колішніх шкаляроў», — тлумачыў вядоўца «Белсату» Віктар Шукеловіч. 

Масляны баран 

Гэтая традыцыя ўласцівая для Глыбоччыны — тут у вёсцы Мацюкава на Вялікдзень робяць барана з хатняга масла паводле мясцовай традыцыйнай рэцэптуры. Яго ставяць пасярэдзіне святочнага стала і ў першы дзень свята не чапаюць, есці пачынаюць на другі дзень. 

Прыгатаванне барана пачынаецца са збору смятаны. Затым у спецыяльнай драўлянай бойцы ўзбіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, прамываецца масла ў некалькіх водах, абавязкова соліцца. 

Прыгатаванне масленага барана ў вёсцы Мацюкава ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, Беларусь. 22 лютага 2017 года. Фота: БелТА

Масла сціскаюць у камок прадаўгаватай формы, і выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінту робіцца авечая поўсць, якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску робяцца рожкі, з гароху перцу — вочкі. Апошні штрых — аздабленне барана зелянінаю. 

Маслены баран занесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. 

«Каменныя дзевачкі» 

Гэты абрад дагэтуль жыве ў вёсках Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёну. Там захаваліся камяні, якія формаю нагадваюць і крыж, і фігуру чалавека. 

Ёсць легенда, паводле якой у гэтым рэгіёне некалі на полі працавала жанчына з 12‑гадовай дачкой Евай. У нейкі момант дзяўчынка захацела адпачыць. Раптам неба зацягнула цёмная хмара. Маці пачала непакоіцца і падганяць дачку, але тая не слухалася і не ішла працаваць. Тады маці са злосцю крыкнула: «Каб ты каменем стала!» Імгненна паднялася бура, а калі скончылася, маці ўбачыла замест дзяўчынкі камень. Паводле іншай версіі легенды, маці з дачкой зняважылі хлеб, за што абедзве былі ператвораныя ў камяні.

Абрад пакланення «Каменныя дзевачкі» ў вёсцы Данілевічы Лепельскага раёну Віцебскай вобласці, Беларусь. Фота: Лельчицы. Фота: Светлае жыццё / Telegram

Цяпер гэтае месца з камянямі мясцовыя жыхары асаблівым чынам ушаноўваюць. Напярэдадні Вялікадня здымаюць з крыжоў старое адзенне, спальваюць яго і апранаюць новае, спецыяльна вышытае. Камяні ўпрыгожваюцца і пацеркамі, кветкамі. Ля крыжоў пакідаюць ежу і нават грошы (аброк), просяць аб здароўі, ураджаі. Усё, што было пакінута ля камянёў цягам года, на наступны Вялікдзень спальваецца на вогнішчы са словамі «Ідзі да бога дымам». 

На наступную раніцу з усходам сонца да «каменных дзевачак» нясуць новыя гасцінцы. Вераць: хто першы прынясе, той будзе самым шчаслівым у гэтым годзе. 

Каля крыжоў пачынаюцца веснавыя карагоды — «Лелюшкі». 

«Каменныя дзевачкі» стаяць ля могілак. 

«За савецкім часам спрабавалі перанесці гэты каменны крыж туды, дзе стаяла раней царква — цвінтар. Калі перацягнулі, пачала дохнуць скаціна. Для мясцовых жыхароў гэта быў знак, што патрэбна вярнуць усё назад, бо нешта парушылася ў сусвеце. Калі Еўка вярнулася, усё стала добра», — апавядаў этнограф Пятро Цалка. 

«Каменныя дзевачкі» з 2016 года маюць статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці. 

«Намскі Вялікдзень» 

Гэта ўнікальны традыцыйны абрад, які штогод у чацвер велікоднага тыдня праводзіцца ў вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёну Берасцейскай вобласці. Гэта старадаўні хрэсны ход з абразамі, які ўвасабляе лакальную культурніцкую традыцыю, унесеную ў 2009 годзе ў Спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. 

«Намскі» — азначае «наш», «нам дадзены». 

Шэсце пачынаюць жанчыны, якія з іконай, агорнутай у вышываны ручнік, абыходзяць вакол царквы, а потым разам са святаром ідуць па вёсцы. Жыхары загадзя рыхтуюцца сустракаць хрэсны ход: выстаўляюць ля хатаў сталы з пачастункамі — булкамі, велікоднымі яйкамі, цукеркамі, грашовым ахвяраваннем для царквы. 

Удзельнікі працэсіі падыходзяць да кожнага стала, святар чытае ўрыўкі з Бібліі, акрапляе гаспадароў, якія яго сустракаюць, святой вадой ды віншуе са святам. 

Абрад «Намскі Вялікдзень» у вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёну Берасцейскай вобласці, Беларусь. Фото: svaboda.org

Некаторыя жыхары вёскі кажуць, што ў цяперашнім выглядзе «Намскі вялікдзень» з'явіўся ў 1920-я, калі, паводле падання, у вёсцы ад невядомай хваробы штодня паміралі дзеці. Старыя аброўцы падказалі тады, як адвесці бяду: сабраліся жанчыны і за ноч саткалі ручнік, якім ахінулі абраз Багародзіцы. З гэтым абразом абышлі кожны двор вёскі, і дзеці перасталі паміраць. 

Пасля гэтага штогод аброўцы ходзяць з такім шэсцем у наступны чацвер пасля Вялікадня. 

У цяперашнім выглядзе абрад перапыняў сваё існаванне ў савецкі час і быў адноўлены ў 1990-я. 

Традыцыя з падобнаю назвай існуе на Палессі — «Наўскі Вялікдзень». Ён таксама адзначаецца ў велікодны чацвер. Іншая назва — «Вялікдзень памерлых». «Наўскі» паходзіць ад «наўкі», што азначае «душы памерлых». У гэты дзень, як і на Радаўніцу, прынята хадзіць на могілкі і пакідаць там фарбаваныя яйкі. 

Сапоцкінскія пісанкі 

Гэта ўнікальны спосаб упрыгожваць велікодныя яйкі, які захаваўся ў вёсцы Сапоцкін у Гарадзенскай вобласці. Адзін са старажытных народных відаў роспісу. З 2016 года — у Дзяржаўным спісе гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. 

Сапоцкінская пісанка зазвычай робіцца ў манахромнай гаме, але можна сустрэць і рознакаляровыя прыклады. 

Сапоцкінскія пісанкі ў Гарадзенскай вобласці, Беларусь. 18 красавіка 2025 года. Фото: БелТА

Пасля нанясення першаснага ўзору яйка акунаюць у разведзеную халодную фарбу (пачынаючы з самай светлай), дастаецца, праціраецца сурвэткай альбо тканінай. Воскам і шпількай (пісаком) робіцца новы ўзор, і яйка акунаюць у больш цёмную фарбу. Можна паўтараць гэты спосаб столькі разоў, колькі ёсць жаданне дадаць колераў. 

Найбольш пашыраны і любімы матыў Сапоцкінскіх майстрых — круг-разетка ў цэнтры яйка, свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак трапляюць на канцы яйка. 

Традыцыйны малюнак на яйках у Сапоцкіне — старажытныя матывы: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, дзьмухаўцы), яловыя галінкі.

Каментары2

  • Мімаходзь
    12.04.2026
    Дзякуй, амаль ні пра што з гэтага не ведаў. Вельмі пазнавальна
  • Filipp
    12.04.2026
    Вось што цікава, што калі глядзець на гэты дзень артыкуламі НН, то можна і не даведацца, што беларусы сёння святкуюць Вялікдзень. Няма ні віншаваньняў, ні добрых слоў. Нейкая магія.

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі12

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Тэйлар Свіфт заплаціла 160 тысяч даляраў за ўзгадненне свайго грандыёзнага вяселля з уладамі Нью-Ёрка1

Непадалёк ад плошчы Перамогі ў незвычайным доме прадаецца кватэра з садам пад вокнамі і месцам для барбекю

У Расіі беларус на фуры так урэзаўся ў аўтазак, што арыштант унутры страціў прытомнасць

Што рабіць, калі кватэру затапіла?2

У мінскім парку Чавеса два дні будзе працаваць зіплайн — рэч са спускам на шалёнай хуткасці2

Лукашэнка загадаў, каб былых сілавікоў, ратавальнікаў і дыпламатаў, звольненых «па дыскрэдытуючых», адсочвалі пяць гадоў9

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі30

Марына Золатава: У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі рак. Гэта не проста дрэнная навіна, гэта жудасная навіна1

Пасажырскі самалёт разбіўся на Багамах — усе 10 пасажыраў загінулі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі12

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць