Справа «Консула»: сын зарабляе ў Лондане, бацька сядзіць у КДБ, дзед вывеў беларускіх свіней
У Брэсце разгортваецца гучная справа кампаніі «Консул».

19 верасня Павел Гільман, малады беларускі прадпрымальнік, які жыве ў Лондане, выступаў у Мінску на бізнэс-форуме і раздаваў інтэрв’ю. 28-гадовы хлопец кіруе групай кампаній на брытанскім рынку нерухомасці, актыўна інвестуе ў біятэхналогіі і медыя. Але ж роўна праз месяц прозвішча Гільман загучала ўжо ў абсалютна іншым кантэксце. 19 кастрычніка бацьку і дзядзьку Паўла ў Брэсце затрымаў КДБ.
Міхаіл і Леанід Гільманы з’яўляюцца акцыянерамі і кіраўнікамі брэсцкага ЗАТ «Консул». Кожны з братоў мае па 33% акцый кампаніі. Міхаіл — дырэктар па вытворчасці, Леанід — па эканоміцы. Яны сыны вядомага беларускага вучонага Залмана Гільмана. Яму 86 гадоў, ён доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, спецыяліст-заатэхнік.

Залман Гільман мае аўтарскія пасведчанні на 14 вынаходак і патэнтаў, у тым ліку за вывядзенне двух парод свіней — «беларускай буйной белай» і «беларускай чорнапярэстай». Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР, кавалер многіх ордэнаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі.
У галіне АПК працавалі і Міхаіл і Леанід Гільманы. Прадпрыемства — найбуйнейшая ў Беларусі кампанія, якая забяспечвае поўны цыкл догляду за жывёлай і птушкай. «Консул» вырабляе кармы і вітаміннамінеральныя дабаўкі, распрацоўвае праграмы кармлення і аздараўлення жывёл і птушкі, пастаўляе вакцыны і ветпрэпараты, ветэрынарнае абсталяванне, а таксама абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, камбікормавых заводаў, мясакамбінатаў.

Паслугамі кампаніі, паводле звестак, размешчаных на яе афіцыйным сайце, карыстаецца больш за 500 прадпрыемстваў АПК Беларусі. «Консул» таксама мае свае прадстаўніцтвы ва Украіне, Расіі, Англіі, Польшчы і Латвіі.
Усяго з кіраўніцтва прадпрыемства затрымалі 13 чалавек, і сёння дзейнасць кампаніі практычна цалкам паралізаваная, як паведаміў газеце «Вячэрні Брэст» адзін з супрацоўнікаў «Консула». Па яго словах, аперацыя камітэтчыкаў стала поўнай нечаканасцю. На думку супрацоўніка, за ўсім гэтым крыюцца інтрыгі канкурэнтаў, бо нібыта ніякіх перадумоў для такога развіцця падзей (буйных праверак, праблем з бухгалтарскімі або фінансавымі справамі) у фірме не назіралася. Такое ж меркаванне выказаў і Залман Гільман.
«Мы так шмат зрабілі для Беларусі! Дзясяткі гадоў працавалі з самымі перадавымі гаспадаркамі. Таму, спадзяюся, гэтае пытанне неўзабаве вырашыцца, усё ўстаканіцца», — заявіў ён у каментары «Нашай Ніве».
Аднак у КДБ свой погляд на тое, што адбывалася ў «Консуле».
Паведамляецца, што, выкарыстоўваючы больш за 40 падкантрольных фірмаў, арганізатары выводзілі за мяжу валюту, ухіляліся ад выплаты падаткаў і рэалізоўвалі прадукцыю канчатковаму спажыўцу з завышэннем цаны да трох разоў. На тэрыторыі Беларусі спецслужбамі было праведзена 48 ператрусаў. Выяўлена і канфіскавана 36 пячатак замежных кампаній, праз рахункі якіх ажыццяўлялася кіраванне ценявымі плынямі. У ходзе ператрусаў канфіскавана і накладзены арышт у агульнай колькасці больш чым на два мільёны даляраў. Акрамя таго, арышты накладзеныя на 106 аб'ектаў нерухомасці, больш за 100 легкавых і грузавых аўтамабіляў.
На сустрэчы з Лукашэнкам старшыня КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што ўдзельнікі «шэрых» схем выводзяць з абароту сродкі, не выплачваюць падаткаў і атрымліваюць велізарны прыбытак.
Якія абвінавачванні будуць выстаўленыя кіраўніцтву кампаніі і каму канкрэтна, пакуль што невядома. У КДБ сітуацыю з «Консулам» не каментуюць. Але па словах Залмана Гільмана, вядзецца следства і затрыманых кіраўнікоў прадпрыемства яшчэ ніхто не выпусціў. Залман Гільман сцвярджае, што следчыя і дагэтуль не выставілі абвінавачванне.
Каментары