З'явіўся дакумент, у якім распісана, як падатковая будзе збіраць звесткі аб дармаедах
Савет міністраў падрыхтаваў дакумент, у якім распісана, як павінны ўзаемадзейнічаць дзяржаўныя органы ў частцы рэалізацыі Дэкрэта №3 аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства. Пры гэтым некаторыя пункты пастановы, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пазначаныя як «для службовага карыстання». Дакумент ужо ўступіў у сілу.

У палажэнні распісана, як менавіта будзе фармавацца база так званых гультаёў. Нагадаем, збіраць звесткі пра грамадзянаў, якія доўгі час не працавалі, павінна Міністэрства па падатках і зборах. Па сутнасці, у базе будуць звесткі пра ўсіх грамадзян краіны і асобах без грамадзянства, якія атрымалі права на пастаяннае пражыванне ў Беларусі.
Спіс звестак такі:
— ідэнтыфікацыйны нумар,
— прозвішча, імя, імя па бацьку,
— дата нараджэння,
— пол,
— грамадзянства,
— дадзеныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (знаходжання),
— від, серыя і нумар дакумента, які сведчыць асобу,
— час, калі грамадзянін удзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў,
— сума выплачаных падаткаў, сума даходаў па грамадзянска-прававых дагаворах або дата выплаты збору ў якасці рамесніка (аказання паслуг у галіне аграэкатурызму).
Да пастановы прыкладаецца палажэнне. У ім распісаны пералік дзяржорганаў і тое, якія звесткі яны павінны перадаваць у МПЗ.
Напрыклад, Мінпрацы будзе распавядаць аб атрымальніках пенсій, дапамог, беспрацоўных, ФСАН — пра грамадзян, якія працуюць, і пра тых, хто заключаў грамадзянска-прававыя дамовы, Мінкульт — пра творчых работнікаў, Мінадукацыі — пра студэнтаў дзённай формы навучання і гэтак далей.
Пункт 2 новай пастановы Саўміна закрыты для грамадскасці і носіць характар «для службовага карыстання».
Акрамя таго, пад грыфам ДСП праходзяць пункты, якія датычацца некаторых дзеянняў у частцы рэалізацыі норм Дэкрэта № 3, такіх структур як МУС, Служба бяспекі прэзідэнта, ААЦ, Камітэт дзяржбяспекі, Следчы камітэт, МНС, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны памежны камітэт.
Каментары