Грамадства3838

Суд стаў на бок мінчанкі Жанны Бразоўскай, якую міліцыянты памылкова затрымалі, а пасля абвінавацілі ў супраціўленні

У судзе мінчанцы Жанне Бразоўскай амаль удалося даказаць сваю невінаватасць.

— Сведка Паўлюшчык, вы бачылі, што грамадзянка Бразоўская крычыць і супраціўляецца, калі яе затрымлівалі людзі, якія назваліся міліцыянтамі?

— Так, бачыў. Яны валаклі яе ў машыну. Яна крычала, садзілася на зямлю. Прасіла дапамагчы.

— Чаму вы не дапамаглі?

— Дык… затопчуць жа.

— У якім сэнсе?

— Затопчуць. Гэта ж міліцыя. Паспрабуеш заступіцца за чалавека — яны затопчуць. Суддзя, вы чыталі, што было нядаўна з журналістам тут.бая? Паспрабаваў заступіцца — яго самога міліцыя пабіла проста ў судзе.

Цыганка

Гэтая не самая звычайная справа пачалася два месяцы таму, у снежні 2015 года. Оперупаўнаважаны Кастрычніцкага РУУС Мінска Вязовіч у цывільнай вопратцы на вуліцы Чкалава шукае падазраваную ў здзяйсненні некалькіх крадзяжоў цыганку. Прыкметы — доўгая спадніца, хустка, вялікія торбы. Шукае і раптам бачыць маладую жанчыну з цёмнымі валасамі. У руках торбы, спадніца доўгая. Вязовіч падыходзіць да яе і патрабуе назваць імя, хатні адрас. Дзяўчына з торбамі пужаецца, набірае нумар на дамафоне і знікае у пад’ездзе. Міліцыянт застаецца чакаць. А заадно выклікае дапамогу — старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах Голубева і старшага ўпаўнаважанага Налівайку. Абодва — яго калегі, працуюць у Кастрычніцкім РУУС.

Міліцыянты прыязджаюць на звычайным аўтамабілі без мігалак і міліцэйскай расфарбоўкі, але даволі хутка, за дзясятак хвілін. Чакаюць цыганку ўжо ўтраіх. Праз нейкі час яна з’яўляецца з жыхарамі адной з кватэр, паказвае на оперупаўнаважанага Вязовіча і кажа, што вось гэты невядомы чалавек спрабуе да яе прычапіцца.

Жанна Бразоўская ў судзе з дачкой і бацькам.

Далей пачынаецца самае цікавае: праваахоўнікі паказваюць пасведчанні і меркаванай цыганцы, і сведкам, пасля чаго спрабуюць запакаваць яе ў сваю машыну. Цыганка падчас гэтага тэлефануе ў 102 і расказвае, што яе спрабуюць скрасці невядомыя людзі. А заадно кажа міліцэйскаму дыспетчару ў трубку, што яна ніякая не цыганка, а Жанна Бразоўская. Міліцыянтаў гэта мала хвалюе, Бразоўскую запакоўваюць і вязуць у РУУС у кайданках. Не дапамагае нават тое, што падазраваная ў крадзяжах паказвае свой пашпарт. У пастарунку яе трымаюць, па розных версіях, ад чатырох да пяці гадзін. За гэты час міліцыянты высвятляюць, што Жанна Бразоўская насамрэч Бразоўская, а не цыганка, і нічога ні ў каго не скрала. Таму вырашаюць затрыманую адпусціць. Але не проста так, а склаўшы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое выявілася ў супраціўленні супрацоўнікам міліцыі. Падчас затрымання дзяўчына сядала на зямлю, упіралася, крычала і нават укусіла аднаго з міліцыянтаў. Тлумачэнні Бразоўскай аб тым, што яна да апошняга не верыла, што яе затрымліваюць менавіта міліцыянты, а не бандыты, іх не пераканалі. Суд праходзіць у пачатку лютага.

Суд

На першае паседжанне выклікаюць міліцыянтаў. Прыходзяць усе трое. «Сядала на зямлю, упіралася нагамі, адмаўлялася з намі ехаць… Намі прымянілася фізічная сіла, трэба ж было пасадзіць яе ў машыну, яна адмаўлялася ехаць… старшага оперупаўнаважанага Налівайку ўкусіла. Але гэта не цялесныя пашкоджанні, мы іх не здымалі. Усё ж дзяўчына маладая, а ён вялікі мужык», — расказвае на судзе оперупаўнаважаны Вязовіч.

Навошта яму была такая вялікая падмога, ці мелі права калегі Вязовіча ўдзельнічаць у затрыманні, чаму не складаўся пратакол аб затрыманні падазраванай — на ўсё гэта дакладнага адказу міліцыянт не дае. Кажа толькі, што ўбачыў доўгую спадніцу ў кратку і вялікія торбы. Таму вырашыў, што мае справу з цыганкай. Гаворыць, што «яны ўсе так ходзяць». А пашпарт Бразоўская яму так толкам і не паказала. Не паспеў нават прозвішча ўбачыць.

Яшчэ цікавей праходзіць другое паседжанне, на якое суддзя пастанавіў выклікаць сведак здарэння. Іх было каля дзясятка чалавек — адчайныя крыкі дзяўчыны прыцягнулі ўвагу людзей. Галоўны сведка — Паўлюшчык. Гэта да яго ў дамафон званіла Жанна Бразоўская перад гвалтоўным затрыманнем. Бразоўская падпрацоўвае кур’ерам — развозіць цацкі. У тых самых вялікіх торбах, якія выклікалі падазрэнні ў оперупаўнаважанага Вязовіча. Сведка Паўлюшчык сваю версію падзей расказвае хвілін 15, гаворыць эмацыйныя і не самыя прыемныя для міліцыянтаў рэчы: «Яна прыйшла да нас у кватэру, аддала замову, а потым расказала, што нехта да яе прычапіўся на вуліцы, папрасіла выйсці разам з ёй. Мы выйшлі з дачкой. Там гэты адзін хлопец. Ён мне пасведчанне паказаў. А потым яшчэ два падышлі і пачалі яе хапаць і валачы ў машыну. Секунд 30 прайшло. Яна спрабавала пашпарт ім паказаць. Секунд 10-20 трымала яго разгорнутым, але міліцыянер ніякіх паметак не рабіў. Для яго гэта не грала ніякай ролі».

Сведка Паўлюшчык расказвае, што супраціўляцца Бразоўская пачала, толькі калі яе павалаклі ў машыну. Гаворыць, што яна не паверыла, што гэта супрацоўнікі міліцыі, а не бандыты. «З ёй ніхто не спрабаваў размаўляць, тлумачыць нешта… Я лічу, што прымяненне сілы супрацоўнікамі міліцыі было неабгрунтаваным», — кажа сведка. На гэтым моманце суддзя яго перарывае, знаходзіць у матэрыялах справы тлумачэнні Паўлюшчыка, дадзеныя міліцыі, і зачытвае іх. Карціна здарэння ў дакуменце зусім іншая, нашмат больш прыемная для міліцыянтаў. Паміж суддзёй і сведкам адбываецца забаўны дыялог:

— Сведка Паўлюшчык, гэта вашы словы?

— Не.

— Як не? Тут стаіць пазнака «з маіх словаў запісана правільна». І ваш подпіс.

— Дык гэта не я пісаў, гэта міліцыянер сам пісаў.

— А навошта вы падпісаліся?

— Ведаеце, міліцыянт мне сказаў, што ў іх праз гэтую справу пачаўся скандал. Нібы намеснік міністра нават загадаў разабрацца. І калі яны не залагодзяць справы, то ўсіх пазвальняюць. Паглядзеў, што хлопец нібы харошы. І падпісаў. Ён так прасіў мяне, так прасіў.

Завяршаецца разгляд справы Жанны Бразоўскай праслухоўваннем запісу яе званка па нумары 102, зроблены ў момант затрымання. На ім добра чуваць, што Бразоўская просіць дапамагчы, зрываецца на крык, дыктуе дыспетчару нумар машыны, у якую яе валакуць, называе свае пашпартныя дадзеныя. «Дапамажыце, дапамажыце, мяне затрымліваюць невядома за што! Мне замінаюць размаўляць, цягнуць у машыну!» — крычыць Бразоўская ў трубку. На гэтым запіс перарываецца.

Рашэнне суддзі

Адвакат Жанны Бразоўскай у заключным слове звяртае ўвагу суддзі адразу на некалькі момантаў. На тое, што сведчанні сведак-міліцыянтаў у выніковы пратакол былі ўнесеныя ўжо пасля таго, як Бразоўская яго падпісала. І на тое, што не быў складзены пратакол па справе затрымання падазраванай у здзяйсненні крадзяжоў цыганкі. А ў дадатак на тое, што ў паказаннях міліцыянтаў ёсць значныя несупадзенні, у тым ліку аб часе затрымання і вызвалення Бразоўскай. «Віна маёй падабароннай па адміністрацыйным пратаколе не даказаная», — лічыць адвакат.

Нячасты выпадак, але суддзя фактычна пагаджаецца з адвакатам і 10 лютага абвяшчае сваё рашэнне — накіраваць міліцэйскі пратакол на дапрацоўку. Праўда, ужо 15 лютага сканчаецца тэрмін даўнасці. А значыць, у пакрыўджаных Жаннай Бразоўскай міліцыянтаў з Кастрычніцкага РУУС было ўсяго тры дні, каб нанова абгрунтаваць свае крыўды. Амаль нерэальна.

Каментары38

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра11

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

Статкевіч пра невядомае з падзей 2020 года і высновы з іх: Новую ўладу сфармуюць не тыя, хто эміграваў, а тыя, хто прыбярэ старую41

Масіраваная атака дронаў на Ленінградскую вобласць: пажар у порце і калапс у Пулкаве2

Ізраільскія пасяленцы напалі на палесцінскія вёскі на Заходнім беразе. Гэта адбылося пасля гібелі яўрэйскага падлетка11

У Нью-Ёрку самалёт Air Canada сутыкнуўся з пажарнай машынай на ўзлётна-пасадачнай паласе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра11

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць