Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні некаторым кабельным аператарам за парушэнне заканадаўства аб СМІ, а таксама аб аўтарскім праве і сумежных правах, паведамляе афіцыйны сайт ведамства.
У чэрвені-ліпені гэтага года Мінінфарм праверыў працу аператараў кабельнага тэлебачання ў Брэсцкай, Мінскай абласцях і Магілёве. Высветлілася, што некаторыя з іх парушалі закон:
- не паведамлялі абанентам, якія тэлепраграмы ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет;
- не выконвалі чарговасць трансляцыі агульнадаступных праграм;
- транслявалі замежныя каналы, што не атрымалі дазволу для распаўсюду ў Беларусі;
- не апавяшчалі Мінінфарм аб пачатку або спыненні распаўсюджвання тэлепраграм;
- транслявалі эратычнае відэа без спецыяльнага кадзіравання.
Міністэрства інфармацыі падкрэсліла, што паўторныя парушэнні пагражаюць аператарам ТБ штрафам і выключэннем з Дзяржаўнага рэестра распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ.
Каментары