Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць з разуменнем паставіцца да заклікаў прыйсці на ўчасткі для галасавання, бо выбары — «гэта важная дзяржаўная справа». Пра гэта яна заявіла ў відэазвароце, размешчаным 8 верасня на сайце vybory2016.by.
Ярмошына патлумачыла, што выбары будуць лічыцца сапраўднымі, калі на іх прагаласуе больш за 50% выбаршчыкаў. «Таму так важная яўка выбаршчыкаў, таму ідзе такая барацьба за ўдзел выбаршчыкаў у выбарах», — патлумачыла яна.
Па словах старшыні ЦВК, справа не ў досыць высокім кошце выбараў (каля 10 млн даляраў), а ў тым, што «абранне парламента, шчаснае завяршэнне найважнейшай палітычнай кампаніі — гэта перш за ўсё аснова палітычнай стабільнасці нашай дзяржавы», гэта абранне заканадаўчага органа, які будзе супрацоўнічаць з парламентамі іншых дзяржаў, «абараняючы нашы інтарэсы».
«Давайце зробім усё, каб выбары адбыліся, з разуменнем паставімся да заклікаў адміністрацый ВНУ, прадпрыемстваў, арганізацый, ЖЭСаў, каб вы паўдзельнічалі ў выбарах. Па-мойму, прасцей задаволіць гэтыя пажаданні і сапраўды прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Калі вас не задавальняюць кандыдаты, якія балатуюцца па дадзенай акрузе, для вас, нездаволеных, існуе графа супраць усіх. Хоць, я думаю, у нас годны падбор кандыдатаў, якія прадстаўляюць усе пункты гледжання», — сказала кіраўнік ЦВК.
«Актыўныя заклікі» адміністрацый ВНУ і арганізацый узяць удзел у выбарах, па яе словах, не з'яўляюцца парушэннямі заканадаўства. «Вы можаце не адгукнуцца на іх і не прыйсці на выбары. Ці прыйсці 11 верасня. Тым не менш дадзеныя запрашэнні маюць месца быць і не з'яўляюцца парушэннямі закона», — сказала яна.
Ярмошына паведаміла пра паступаючыя скаргі на заклікі адміністрацый арганізацый, якія агітуюць прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата. «Гэта таксама не з'яўляецца парушэннем закона. Агітацыя дазволеная», — падкрэсліла яна, адзначыўшы, што парушэннем будзе лічыцца толькі распараджэнне кіраўніцтва сваім падначаленым праводзіць такую агітацыю ў працоўны час.
Цэнтрвыбаркам, паводле слоў Ярмошынай, таксама прыкладзе намаганні, каб выбаршчыкі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. У прыватнасці, па яе словах, ЦВК звярнуўся ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з просьбай праз аператараў мабільнай сеткі накіраваць усім выбаршчыкам запрашэнне прыйсці на выбарчыя ўчасткі. «Гэта не з'яўляецца парушэннем закона, гэта — інфармаванне грамадзян», — лічыць яна. Пры гэтым, паводле яе слоў, запрашэнні будзе рассылаць аўтамат, а таму іх могуць атрымаць замежнікі, замежныя назіральнікі, непаўналетнія, якія не маюць права голасу.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары