Хілары Клінтан падчас першых прамых дэбатаў з Дональдам Трампам папракнула яго ў патуранні кібератакам супраць амерыканскіх дзяржустаноў і кампаній, у якіх яна абвінаваціла Крэмль.

Трамп, у сваю чаргу заявіў, што за кібератакамі магла стаяць не Расія, а Кітай або іншая краіна, і папракнуў цяперашнюю амерыканскую адміністрацыю ў тым, што яна прайграе інфармацыйную вайну з экстрэмістамі.
«Усё часцей мы бачым кібератакі, што сыходзяць ад урадаў, і адным з такіх урадаў была Расія, якая правяла кібератакі на самыя розныя кампаніі і ўстановы», - заявіла кандыдат у прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў у ходзе дэбатаў у Нью-Ёрку.
«Мы будзем абараняць жыхароў нашай краіны, і рускія павінны гэта разумець», - дадала яна.
«Дональд вельмі добра выказваецца пра Пуціна […] Я была ў шоку, калі Дональд публічна заклікаў Пуціна выкрадаць інфармацыю аб грамадзянах ЗША», - заўважыла Хілары Клінтан, кажучы пра звернуты да Расіі заклік Трампа дапамагчы ў пошуках 30 тысяч лістоў, якія яна выдаліла пасля скандалу, выкліканага тым, што — будучы дзяржсакратаром ЗША - у парушэнне ўстаноўленых патрабаванняў вяла службовую перапіску з асабістага акаўнта электроннай пошты.
«Яна кажа «Расія, Расія, Расія», але гэта маглі зрабіць Расія, ці Кітай, ці нейкі чалавек вагой у 400 фунтаў, седзячы на ложку ў сваім пакоі», - адказаў кандыдат у прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў.
Паводле апытанняў, у апошні час разрыў ў рэйтынгу паміж Хілары Клінтан і Дональдам Трампам скараціўся; экс-дзяржсакратар апярэджвае свайго суперніка ўсяго на 2%.
Каментары