Вярхоўная Рада падтрымала ў першым чытанні законапраект аб перайменаванні разменнай манеты капейка на шаг. За прыняцце законапраекта за аснову прагаласавалі 264 народныя дэпутаты, піша «УНІАН».

Таксама дэпутаты прагаласавалі за тое, каб вярнуцца ў залу парламента 27 снежня, каб прыняць закон у цэлым.
«Змена назвы разменнай манеты «капейка» (адна сотая частка грыўні) на гістарычна абгрунтаваную і спрадвечна ўкраінскую назву «шаг» дасць магчымасць адрадзіць нацыянальныя традыцыі Украіны ў намінацыі грошай і завяршыць грашовую рэформу, распачатую ў 1996 годзе», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекта.
Адзначаецца, што пасля ўвядзення ў абарачэнне Нацыянальным банкам разменных манет наміналам 50 шагоў не прадугледжваецца адначасовае выманне з грашовага абарачэння манет наміналам 50 капеек, паколькі па стане на 1 верасня ў наяўным абарачэнні знаходзілася 1,4 млрд штук манет гэтага наміналу.
Манеты новага і старога дызайну будуць знаходзіцца ў абарачэнні паралельна. Адпаведна, паводле ацэнак НБУ, не ўзнікне дадатковых выдаткаў, звязаных з утылізацыяй манет наміналам 50 «капеек» і вырабам разменных манет наміналам 50 «шагоў» на іх замену. Выдаткі, звязаныя з вырабам разменных манет 50 «шагоў», — гэта аперацыйныя выдаткі ў адпаведнасці з планавымі аб’ёмамі іх вырабу на 2025 год.
Каментары