Тэатр33

Віталь Краўчанка: новае імя ў беларускай рэжысуры

Пра спектакль Магілёўскага драматычнага «Браты і Ліза» піша Вячаслаў Ракіцкі.

Учора ў Менску Магілёўскі абласны драматычны тэатар паказаў адну са сваіх сёлетніх прэм’ераў —спэктакль «Браты і Ліза» паводле Аляксея Казанцава.

У нашы дні сам факт гастроляў абласнога тэатра ў сталіцы, з майго гледзішча, ужо ёсьць падзеяй.

Радуюся за магілёцаў, бо толькі яны не баяцца рэгулярна прыяжджаць у Менск: і сродкі знаходзяць, і паказваць ім ёсьць што.

За два апошнія гады сталічная публіка ўбачыла іхныя «Жаніцьбу» Гогаля, «У маленькім маёнтку» Віткевіча, «Крэйцараву санату» Талстога і вось — «Братоў і Лізу». Тэатар тым самым падкрэсьлівае, што ён ня недзе там на задворках тэатральнага працэсу, а актыўна (і даволі плённа, як па мне) у ім удзельнічае.

Выглядае, што і сталічны глядач прывыкае да Магілёўскага тэатра.

На спэктакль «Браты і Ліза», які паказваўся на сцэне Тэатра беларускай арміі, увогуле без адмысловай рэклямы, сабралася багата гледачоў — каля 90 адсоткаў залі.

Квіткі былі далёка ня таннымі: празь інтэрнэт-касы ад 10 да 17 рублёў. Парадавала, што ў Менску людзі выбіраюць ня толькі забаўляльную безгустоўшчыну, але і сур’ёзную псыхалягічную драму.

Падзеяй я называю ўчорашні спэктакль яшчэ і таму, што тэатар пазнаёміў Менск з новым імем у беларускай рэжысуры.

«Братоў і Лізу» паставіў сёлетні выпускнік Акадэміі мастацтваў (майстэрня Мікалая Пінігіна) — Віталь Краўчанка. Першы ў жыцьці самастойны спэктакль на прафэсійнай сцэне — і першы посьпех.

Праца Віталя Краўчанкі выклікае павагу тонкай псыхалягічнай партытурай, складаныя пабудовы абсурдысцкай драмы змушаюць гледачоў думаць, і яны прачытваюць гісторыю як на інтэлектуальным, гэтак і эмацыйным узроўні.

Народная артыстка Бэла Масумян павіншавала рэжысёра Віталя Краўчанку і нават папрасіла падпісаць праграмку.

Я глядзеў спэктакль другі раз. (Першы раз — у Магілёве ў сакавіку як рэцэнзэнт дыплёмнай працы ад Акадэміі мастацтваў, і прапанаваў дзяржкамісіі паставіць дыпляманту 10, што яна і зрабіла). Спэктакль не разваліўся, ён жывы, хоць прычапіцца, натуральна, ёсьць да чаго і да каго. І ўчора, нягледзячы на тое, што ён ішоў пры непаўнавартасным сьвятле, не атрымалася яно на новай пляцоўцы, і атмасфэра спэктакля была парушаная, прайшоў ён вельмі годна, абсалютна варта сталічных падмосткаў. Цёпла прынялі яго і гледачы, я бачыў людзей, якія нават плакалі ад спачуваньня героям. Такім чынам, адбылося хрышчэньне цікавага маладога беларускага рэжысэра ў сталіцы.

Ёсьць зьмена ў айчыннай рэжысуры, але ці яна патрэбная менскім тэатрам?! Пытаньне не рытарычнае, бо ведаю, што стукаўся Краўчанка і ў дзьверы тэатра, дзе раней ён працаваў акторам. Але яму іх не адчынілі.

Кажуць, што зноў там зьбіраецца нешта ставіць маскоўскі Астрахан. Дык пра якое разьвіцьцё нацыянальнага тэатру можа ісьці гаворка?

Падзеяй учорашні спэктакль я называю яшчэ і таму, што на яго прыйшлі амаль усе аўтарытэтныя крытыкі, таксама журналісты, якія пішуць пра тэатар, маладыя акторы менскіх тэатраў і нават народная артыстка Бэла Масумян. Далёка не на кожнай прэм’еры менскіх тэатраў мы зьбіраемся ў такім таварыстве.

Я шчыра дзякую дырэкцыі Магілёўскага тэатра, акторам Мікалаю Раманоўскаму, Ганне і Руслану Кушнерам, Марыі Рудаковай, рэжысэру-дэбютанту Віталю Краўчанку за ўчорашні спэктакль, за іхнае жаданьне ў найскладанейшых эканамічных умовах рабіць сур’ёзны тэатар, за надзею на тэатральнае абнаўленьне. І нават калі крытыкі і выкажуць вам заўвагі, гэта будзе нармалёва, не крыўдуйце. Важна, што пра вас гавораць, вы сябе паказваеце і вас заўважаюць, бачаць. Вы ёсьць у беларускім тэатральным мастацтве. Віншую зь менскай прэм’ерай і годным рэжысэрскім дэбютам!

Каментары3

Цяпер чытаюць

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА6

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ два спадарожнікі з расійскага аналага Starlink не змаглі падняцца на сваю арбіту4

У ЗША падлеткі амаль паўгадзіны правіселі ўніз галавой на паламаным атракцыёне2

ЗША папрасілі Украіну не біць па Расіі, пакуль там дырэктар ЦРУ. Яго самалёт ужо вылецеў з Масквы3

Рэдактар адказвае на моўнае пытанне: Мы за дзвіж. І за варушняк таксама21

Праўнук Беніта Мусаліні дэбютаваў у гульнях за рымскі «Лацыа» на стадыёне, які адкрываў ягоны прадзед2

У Дубаі адкрылі першы ў свеце вертыпорт для паветраных таксі1

«Лірыка пра тое, што 25 жніўня 1991 года нехта прыгожа выступіў, і ўсе памянялі свае погляды — гэта для мастацкага кіно»24

У Маскву з няяснымі мэтамі прылятаў дырэктар ЦРУ7

Беларускія школы ўжо хутка пяройдуць на электронныя дзённікі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА6

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць