Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе выканаўчым прадзюсарам папулярнага рэаліці-шоу тэлеканала Эн-бі-сі The Celebrity Apprentice («Вучань знакамітасці»), паведамляюць амерыканскія СМІ са спасылкай на кіраўніцтва канала.
Трамп быў вядучым праграмы з 2008 па 2015 год, аднак летам мінулага года тэлеканал разарваў кантракт з ім з-за скандальных заяў аб мексіканскіх мігрантах, якія Трамп зрабіў проста на старце сваёй прэзідэнцкай кампаніі. Пасля гэтага праграма перастала выходзіць у эфір.
Паказ новых выпускаў праграмы пачнецца 2 студзеня 2017 года, вядучым 15-га па ліку сезона будзе галівудскі акцёр і былы губернатар штата Каліфорнія Арнольд Шварцэнэгер.
У тэлешоу The Celebrity Apprentice ўдзельнічаюць знакамітасці, якія імкнуцца сабраць як мага больш сродкаў на патрэбы якой-небудзь дабрачыннай арганізацыі.
Дэталі будучага кантракту Трамп з тэлеканалам не выдаюцца. У прыватнасці, невядома, які заробак ён будзе атрымліваць на гэтай пасадзе.
Раней Трамп адзначаў, што не мае намеру займацца справамі сваіх кампаній на пасадзе прэзідэнта краіны. Аднак многія эксперты мяркуюць, што ён не зможа цалкам адысці ад бізнэсу, заняўшы прэзідэнцкую пасаду, і гэта можа прывесці да канфлікту інтарэсаў..

Каментары