Грамадства143143

У мінскай гімназіі №4 з незадаволеных ляцяць галовы, бацькі пратэстуюць супраць русіфікацыі

Нядаўна скульптар Гэнік Лойка судзіўся з дырэктарам гімназіі праз тое, што настаўнікі фізкультуры не ведаюць роднай мовы. Калі Алена Лазоўская, што выкладае ў школе чэшскую мову, вырашыла заступіцца за спадара Лойку, яе паставілі перад фактам: «Вы звольненыя».

Вясновы кірмаш у гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

Вось ужо мінуў цэлы навучальны год, як гімназіяй кіруе Андрэй Гоцман. Калі ён толькі сеў у дырэктарскае крэсла, якое да яго займаў карупцыянер Юрый Бандарэнка, што трапіў у турму за хабар, настаўнікі і бацькі цешыліся: нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай. Сёння многія з іх думаюць іначай.

Алена Лазоўская працуе тут ужо тры гады, з таго часу, як прывяла ў першы клас гімназіі дачку. Жанчына кажа, што наконт беларускамоўнасці настаўнікаў не раз узнікалі пытанні.

«Калі маё дзіця пайшло ў першы клас, да нас прыйшла настаўніца, якая мовай не валодала зусім. На бацькоўскім сходзе яна па-беларуску зачытала з паперкі штосьці пра сябе хвілінкі на тры, а далей перайшла на рускую мову. Потым, праўда, бацькі ўзяліся за праблему, і настаўніцу памянялі, — прыгадвае Алена. —

У нас у гімназіі так: хто ведае мову — той вядзе па-беларуску, хто не ведае, напрыклад, настаўнік фізікі ці матэматыкі, — па-руску. Са званком большасць настаўнікаў тут жа пераходзіць на рускую мову. Ведаеце, у мяне дзеці размаўлялі па-беларуску, пакуль не прыйшлі ў беларускамоўную гімназію. А прыйшлі — усё, цяпер толькі з роднымі размаўляюць».

Алена тлумачыць, што проста не можа маўчаць. Яшчэ ў лютым, калі ў школе была педагагічная нарада, яна звярнулася да калег з заклікам захоўваць беларушчыну.

«На той нарадзе быў і Гэнік Лойка, але яму слова амаль не далі. Я не вытрымала, устала і сказала: «Паслухайце, узгадайце сербалужыцкі народ і сербалужыцкую мову. Што ад іх засталося? Кніга рэцэптаў. Няўжо і ад нас толькі кніга застанецца? Для чаго мы сабраліся менавіта ў гэтай школе? Няўжо для таго, каб паказаць, як ісці па шляху найменшага супраціву, паказаць, як жыць лягчэй?

Мы папросту вучым дзяцей быць прыстасаванцамі. Вы можаце ўявіць сабе карціну, што ў Чэхіі, Германіі, Аўстрыі, Англіі, Польшчы, Латвіі са званком настаўнік раптам пераходзіць на іншую мову? Не. Дык чаму такі абсурд у нас?» — даводзіць настаўніца. — Пасля гэтага дырэктар стаў мяне выклікаць да сябе і казаць, каб мяняла паводзіны, бо адарвалася ад калектыву».

Вясновы кірмаш у гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

Алена дадае, што калі спадар Лойка падаў на дырэктара ў суд праз настаўнікаў фізкультуры, яе зноў выклікалі на размову.

«Дырэктар сказаў, што збірае на Гэніка пакет дакументаў, каб праверылі яго псіхічны стан. Тады я і зразумела, што трэба дзейнічаць», — распавядае жанчына.

Два тыдні таму Алена склала ліст і пачала збіраць пад ім подпісы настаўнікаў і бацькоў.

«Мы, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска, просім спыніць выгнанне і фактычна вынішчэнне беларускай мовы, якое адбываецца ў сценах нашай гімназіі. Гімназія №4 — адзіная на ўвесь Фрунзенскі раён беларускамоўная школа са статусам гімназіі. І мы, бацькі, свядома прывялі нашых дзяцей менавіта ў гэтую навучальную ўстанову, каб яны атрымлівалі веды на роднай мове.

Для нас вельмі важна, каб працэс навучання, выхавання і зносін настаўнікаў з вучнямі і іх бацькамі адбываўся на роднай — беларускай мове. Гэта значыць, што мова павінна гучаць падчас урокаў, факультатываў, на перапынках, у сталовай, гардэробе, падчас наведвання вучнямі гарадскіх мерапрыемстваў, тэатраў і кінатэатраў, экскурсій, паходаў, у групе падоўжанага дня і гэтак далей. Бацькоўскія сходы таксама маюць весціся на роднай мове.

У нашай школе са званком настаўнікі раптам забываюцца на свой абавязак і стасуюцца з вучнямі на рускай мове, а некаторыя нават выкладаюць свае прадметы па-руску. Яны парушаюць права вучняў набываць адукацыю на роднай мове. У нашай гімназіі, такім чынам, парушаецца закон нашай краіны.

Мы, бацькі, зыходзячы з інтарэсаў нашых дзяцей, просім ад настаўнікаў выкладаць свае прадметы на беларускай мове і не забывацца пра свае абавязкі адразу пасля званка. Мы ім даверылі нашых дзяцей, а яны ім падаюць прыклад двудушнасці, абыякавасці да сваёй мовы.

З павагай, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска».

Андрэй Гоцман, дырэктар гімназіі №4.

Алена распавядае, што калі кіраўніцтва дазналася пра збор подпісаў, дырэктар патэлефанаваў ёй і паведаміў пра звальненне. Пасля гэтага іншыя настаўнікі адмовіліся падпісвацца, бо страціць працу ніхто не гатовы. Ды і бацькі таксама баяцца, толькі не за сябе, а за дзяцей. Пакуль што падпісаліся ўсяго 17 чалавек.

«Калі мы дамагаліся, каб нам далі беларускамоўную настаўніцу малодшых класаў, ён сказаў адной маці: «Не рыпайцеся, бо вам яшчэ ў гімназію паступаць, а мы ўсе коды ведаем», — кажа Алена.

— Мамы, якія падпісваліся пад лістом, казалі, што таксама баяцца. Мы ўсе баімся, каб ён дзяцей нашых не пазабіраў. Можаце сабе ўявіць? Гэта ж не 1930-я гады! У XXI стагоддзі мы баімся, каб у нас, нармальных адэкватных мам, не забралі дзяцей. Ды хто? Дырэктар школы».

Хоць Алена ўжо страціла месца ў гімназіі і дапрацоўвае апошнія дні, тут працягваюць вучыцца яе двое дзяцей, таму ёй усё адно ёсць за што перажываць. Яна кажа, бацькоў хвалюе, што цяпер кіраўніцтва гімназіі ўзялося перарабляць Статут, а пра тое, якія праўкі будуць унесеныя, ніхто не гаворыць.

«Раней мы былі нацыянальнай гімназіяй, але цяпер мы ўжо не нацыянальная. Потым мы сталі гімназіяй з беларускай мовай навучання, але гэта таксама цяпер пад пытаннем. Статут могуць змяніць так, што мы станем школай з рускай і беларускай мовай навучання. Альбо — з рускай, дзе асобныя прадметы будуць выкладацца на беларускай мове. Ці ўвогуле створаць па адным класе ў кожнай паралелі для такіх, як мы, і ўсё.

Мы хвалюемся за лёс Статута і ўвогуле лёс гімназіі. Мы запужаныя. У нашай школе стаў панаваць страх. Былы дырэктар вёў тую ж самую палітыку, але страху не было», — кажа Алена.

Падчас гукання вясны ў гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

«Мы бачым, што цяпер адбываецца ў гімназіі, і разумеем, што нам няма чаго тут рабіць»

У гімназіі №4 вучацца двое дзяцей Вольгі. 

«Мы ішлі ў гімназію толькі дзеля беларускай мовы. Яе і так там 50%, а калі ўвогуле нічога не будзе… Мы бачым, што цяпер адбываецца ў гімназіі, і разумеем, што нам няма чаго тут рабіць. Наша старэйшая дачка цяпер спрабуе паступіць у ліцэй імя Якуба Коласа. У школе застаецца сын, — распавядае Вольга.

— Я сама беларускую мову дасканала не ведаю, бо няма з кім яе вывучаць. Мы — дзеці тых часоў, калі нічога беларускага не было. Нашы бацькі мовы не ведалі, не размаўлялі на ёй, таму вучымся самі. Але ж мы хацелі з дзецьмі, хацелі, каб яны адразу пачалі ўбіраць гэта ўсё ў сябе. Таму наша дачка і сыходзіць, бо ў гімназіі праблемы не толькі з мовай, але і з настаўнікамі. Падабраная такая каманда, якая будзе слухацца, будзе рабіць тое, што скажуць. У выніку найлепшыя проста бягуць. У нашай дачкі за сем гадоў змяніліся шэсць класных кіраўнікоў. І яшчэ ўсё патрабуюць грошы: на рамонты, на настаўнікаў, на адно, на другое».

Сын вядомага мастака Уладзіміра Вішнеўскага заканчвае другі клас гімназіі.

«Настаўнікі працуюць як быццам пад прымусам, таму што за межамі класа яны не размаўляюць на беларускай мове. А некаторыя выкладчыкі не размаўляюць увогуле на беларускай мове. Напрыклад, настаўніца хору размаўляе толькі на рускай мове, і песні дзеці спяваюць па-руску, — кажа спадар Вішнеўскі. — Я працую ў Акадэміі мастацтваў, таму пакідаю дзіця ў групе падоўжанага дня. Там настаўніца таксама размаўляе на рускай мове, хоць і ведае беларускую. І дзеці паміж сабой размаўляюць больш па-руску».

Некаторыя бацькі, з якімі мы пагутарылі, пажадалі, каб іх імя не прагучала. Аднак яны пацвердзілі гэтыя факты.

Дырэктар: Праблем з беларускай мовай у гімназіі №4 я не бачу

Каментары143

Цяпер чытаюць

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт31

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Усе навіны →
Усе навіны

Ігар Лосік расказаў, што не дало яму паехаць дахам у турме6

Зяленскі: Мы гатовы спыніць гэту вайну як найхутчэй

Трамп прыгразіў Украіне і Расіі пошлінамі 200 працэнтаў5

Шэкспір пісаў п'есы разам са сваім найвядомейшым канкурэнтам. Навукоўцы знайшлі новыя доказы2

Кіраўнік Пентагона загарэўся паставіць у сябе ў кабінеце глобус Эйзенхаўэра. Але па дарозе рэліквію растаўклі10

Праз больш чым 30 гадоў адсутнасці ў Беларусі зноў заўважылі прыкметы жыцця хахулі2

Украіна і Расія абвясцілі рэжым спынення агню ў раёне Алешак з 27 кастрычніка3

Сотні беларусаў аформілі на сябе банкаўскія карткі, каб прадаць іх расійскім махлярам1

Акіян страчвае свае «трапічныя лясы». Прагнозы навукоўцаў невясёлыя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт31

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць