Сотні беларусаў аформілі на сябе банкаўскія карткі, каб прадаць іх расійскім махлярам
Восенню мінулага года смаленскія сілавікі выйшлі на след удзельніка групоўкі тэлефонных махляроў. На імя 26‑гадовага хлопца прыйшла пасылка з вялікай колькасцю банкаўскіх картак. 151 картку і SIM-карткі, якія знаходзіліся ў пасылцы, замянілі муляжамі і арганізавалі засаду. Калі атрымальнік прыйшоў па пасылку, яго затрымалі з доказамі злачынства, паведамляе пракуратура Смаленскай вобласці Расіі.

Падчас ператрусу ў кватэры знайшлі яшчэ 520 электронных сродкаў плацяжу і сродкі доступу да іх. На іх ужо былі падключаныя сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Усё гэта малады чалавек набыў са жніўня да кастрычніка 2025 года і збіраўся за грошы перадаць трэцім асобам.
Асаблівасць гэтай гісторыі ў тым, што ўсе банкаўскія карткі былі аформленыя на грамадзян Беларусі. Яны былі так званымі дропамі — людзьмі, якія звычайна за ўзнагароду афармляюць на сябе банкаўскія карткі, каб потым перадаць іх махлярам. Такім чынам, сотні беларусаў сталі памагатымі расійскіх злачынцаў.
Затрыманы ў Смаленску малады чалавек быў не шараговым удзельнікам групоўкі. Як паведамляе прэс-служба пракуратуры Смаленскай вобласці, яму адвялі ролю «кантралёра». У яго абавязкі ўваходзілі атрыманне грошай, узаемадзеянне з так званымі дропаводамі праз месенджары і падчас асабістых сустрэч, аплата, праверка працаздольнасці банкаўскіх картак і падрыхтоўка іх да далейшай адпраўкі.
У выніку «кантралёру» выставілі абвінавачанне ў незаконным набыцці электронных сродкаў плацяжу і доступу да іх. Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі і значны штраф.
Тых жа беларусаў, якія прадавалі свае банкаўскія карткі, таксама ёсць законныя падставы прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу да 30 базавых адзінак. А калі праз іх карткі махляры пераводзілі грошы, можа наступіць і крымінальная адказнасць — ад штрафу да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Мінчанка не паверыла, што кур’ер працуе ў Нацбанку, і папрасіла парады ў махляроў
11‑гадовая дзяўчынка вынесла з дому 45 тысяч рублёў, каб «выратаваць» маму
Рэчыцкая пенсіянерка завяла раман з акцёрам Меншыкавым і ўляцела на 3 тысячы рублёў. Добра, што больш не мела
Спынена дзейнасць буйной махлярскай сеткі, у якую ўваходзілі больш за 80 чалавек
Мінчуку патэлефанавалі з «пенсійнага фонду» — ён прадаў кватэру і страціў 250 тысяч рублёў
Каментары