Літаратура77

Гэтая кніга пра «традыцыйную жонку» стала адной з самых папулярных у 2026‑м і ўжо зацікавіла Галівуд

Дэбютны раман 32‑гадовай амерыканскай пісьменніцы Кары Клэр Бёрк стаў адным з галоўных кніжных хітоў 2026 года. У цэнтры сюжэта папулярная блогерка, якая прапагандуе жыццё «традыцыйнай жонкі», але за ідэальнай карцінкай у сацсетках хаваецца зусім іншая рэальнасць. Чым кніга так захапіла чытачоў і чаму за права яе экранізаваць змагаліся галівудскія студыі?

Фота: caroclaireburkе / Instagram

Наталі Хелер Мілс жыве на маляўнічай ферме ў амерыканскім штаце Айдаха. У яе прыгожы муж, дзеці, утульны дом і мільёны падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Жанчына публікуе фатаграфіі хатняга хлеба, паказвае сямейныя будні і прапагандуе традыцыйны лад жыцця, у якім галоўная роля жанчыны заключаецца ў клопаце пра мужа, дзяцей і гаспадарку.

Але за прыгожай карцінкай хаваецца зусім іншая рэальнасць. Даглядаць дзяцей дапамагаюць няні, над кантэнтам працуюць спецыяльныя супрацоўнікі, а на кухні стаіць прафесійнае абсталяванне. Тое, што падпісчыкам здаецца простым і натуральным жыццём, насамрэч з'яўляецца старанна арганізаваным бізнэсам.

Аднойчы Наталі прачынаецца і выяўляе, што апынулася ў 1855 годзе. Вакол нібыта ўсё тое самае: ферма, муж, дзеці. Але зніклі электрычнасць, сучасная тэхніка, вадаправод і людзі, якія дапамагалі ёй падтрымліваць ідэальны вобраз.

Цяпер ёй даводзіцца на ўласным досведзе пераканацца, якім было жыццё жанчын у эпоху, якую яна так рамантызавала ў інтэрнэце. Пры гэтым гераіня не разумее, што з ёй здарылася: ці сапраўды яна перанеслася ў мінулае, ці стала ўдзельніцай жорсткага эксперыменту або рэаліці-шоу.

На гэтым супрацьпастаўленні пабудаваны раман «Yesteryear» («У былыя часы») амерыканскай пісьменніцы Каро Клэр Бёрк. Кніга спалучае псіхалагічны трылер і сацыяльную сатыру, высмейваючы ідэалізаваныя ўяўленні пра «старыя добрыя часы».

Як дэбютны раман стаў бестселерам

«Yesteryear» выйшаў 7 красавіка 2026 года і хутка стаў адной з самых абмяркоўваных кніг у ЗША. На платформе Goodreads, дзе карыстальнікі адзначаюць прачытаныя кнігі і складаюць асабістыя спісы, раман заняў першае месца ў рэйтынгу найбольш папулярных кніг, выдадзеных у 2026 годзе. На 23 кастрычніка больш за 1,05 мільёна карыстальнікаў адзначылі яго як прачытаны.

Поспех пацвярджаецца і продажамі. Паводле звестак даследчай кампаніі Circana, толькі за першае паўгоддзе 2026 года ў ЗША прадалі 402 тысячы друкаваных асобнікаў рамана. Гэта забяспечыла яму восьмае месца сярод самых прадаваных друкаваных кніг на амерыканскім рынку.

Да жніўня, як піша The New Yorker, агульныя продажы кнігі ўжо дасягнулі каля 1,4 мільёна асобнікаў. Раман таксама ўзначальваў спіс бестселераў The New York Times і на той момант трымаўся ў ім 17 тыдняў запар.

Кніга выклікала і бурныя дыскусіі. Адны чытачы ўбачылі ў ёй дасціпную крытыку ідэалізацыі мінулага і традыцыйных гендарных роляў. Іншыя спрачаліся пра тое, наколькі справядліва аўтарка адлюстравала жанчын, якія свядома выбіраюць сям'ю і хатнюю гаспадарку.

tradwife традыцыйная жонка традиционная жена
Здымак ілюстрацыйны. Вобраз «традыцыйнай жонкі». Скрыншот відэа з тыктоку

Раман, напісаны за дзевяць тыдняў

Для Каро Клэр Бёрк «Yesteryear» стаў літаратурным дэбютам. Раней яна працавала ў журналістыцы, у тым ліку ў медыякампаніі Katie Couric Media, і займалася падкастамі. На момант напісання кнігі яна мела 40 тысяч падпісчыкаў у TikTok.

Ідэя рамана з'явілася ў 2024 годзе, калі Бёрк пачала вывучаць папулярны ў сацыяльных сетках рух «традыцыйных жонак» (tradwives). Так называюць жанчын, якія прапагандуюць традыцыйныя сямейныя ролі, мацярынства і хатнюю гаспадарку, а таксама часта выступаюць за фінансавую залежнасць жонкі ад мужа.

Па словах пісьменніцы, яе зацікавіла супярэчнасць паміж ідэальнай карцінкай такога жыцця ў інтэрнэце і тым, што застаецца па-за кадрам. Так узнікла гісторыя блогеркі, якой даводзіцца сапраўды жыць у мінулым, без усіх сучасных выгод.

Цікава, што раман, які прынёс Бёрк вядомасць, яна напісала ўсяго за восем-дзевяць тыдняў. Да гэтага чатыры з паловай гады працавала над іншай кнігай, якую так і не ўдалося выдаць. А калі з'явілася ідэя «Yesteryear», пачала ўставаць а чацвёртай-пятай раніцы, каб паспець напісаць дзве-тры тысячы слоў перад асноўнай працай у рэдакцыі.

Сама Бёрк падкрэслівае, што яе раман не толькі пра «традыцыйных жонак». У інтэрв'ю The New Yorker яна параўнала яго з «Мобі Дзікам» Германа Мелвіла. На думку пісьменніцы, як знакаміты раман не зводзіцца да гісторыі пра кіта, так і «Yesteryear» закранае значна шырэйшыя тэмы. Перадусім яе цікавіла, як людзі ідэалізуюць мінулае, скажаюць факты і ствараюць уласную версію рэальнасці, у якую потым пачынаюць верыць.

Каро Клэр Бёрк. Фота: caroclaireburkе / Instagram

Галівуд зацікавіўся кнігай яшчэ да яе выхаду

Гісторыя поспеху «Yesteryear» пачалася задоўга да таго, як раман з'явіўся ў кнігарнях. Яшчэ ў 2024 годзе за права выдаць дэбютную кнігу Бёрк змагаліся 12 выдавецтваў. У выніку кантракт атрымаў прэстыжны амерыканскі выдавецкі дом Knopf, вядомы кнігамі Габрыэля Гарсія Маркеса, Тоні Морысан і Харукі Муракамі. Паводле The New Yorker, сума кантракта перавысіла мільён даляраў.

Неўзабаве правы на экранізацыю набыла кінастудыя Amazon MGM Studios. Галоўную ролю плануе выканаць Эн Хэтэўэй, вядомая па фільмах «Д'ябал носіць Prada» і «Інтэрстэлар». Актрыса таксама выступіць адной з прадзюсарак і ўжо абмяркоўвала з Бёрк, як перанесці незвычайны сюжэт на экран. Сама пісьменніца будзе ўдзельнічаць у праекце ў якасці выканаўчай прадзюсаркі. Пакуль экранізацыя знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

Але нечаканая вядомасць прынесла Бёрк не толькі поспех, але і хвалю крытыкі ў сацыяльных сетках. Пісьменніца прызнаецца, што цяпер сама часам адчувае сябе падобна да галоўнай гераіні свайго рамана. Незнаёмыя людзі абмяркоўваюць яе жыццё, прыпісваюць ёй чужыя погляды і нават распаўсюджваюць чуткі, нібы кнігу за яе напісала Эн Хэтэўэй.

Пакуль невядома, ці з'явіцца раман у беларускім перакладзе. Затое яго ўжо можна прачытаць па-ўкраінску. Кніга выйшла ў выдавецтве Vivat пад назвай «Вчоріч». А 28 кастрычніка чакаецца польскае выданне рамана ў перакладзе Эльжбеты Яноты. Яго выпусціць Wydawnictwo Poznańskie пад арыгінальнай назвай «Yesteryear».

Каментары7

  • Влад
    23.10.2026
    [Рэд. выдалена]
  • .
    23.10.2026
    Пашукаў бы лепшы пераклад для «Yesteryear», не проста «У былыя часы». А, напрыклад, "учорашні год" або "летасьчора".
  • Отец Засандалий
    23.10.2026
    Рабочее название проекта "Гэля".

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Папа Леў XIV прыняў Боба Дылана. Той фатаграфаваўся ў капюшоне1

Галоўнага ідэолага Белчыгункі адправілі на пенсію — а ён знайшоў новую працу13

Вэнс заклікаў Трампа пачаць перамовы з Іранам, каб спыніць вайну15

Хакеры спрабавалі размарозіць халадзільнікі з донарскай крывёй у Францыі

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос37

Стары тэлескоп NASA, які важыў паўтары тоны і які няўдала спрабавалі выратаваць, упаў на Зямлю1

У Мінску ў «сакрэтным» доме прадаюць кватэру за $1,5 мільёна7

Дызельная ўгода Трампа з Расіяй пад пагрозай зрыву5

Кушнер расказаў, якога міру ЗША хочуць для Украіны8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць