«На мяне глядзелі, як на экспанат»: як Юля зжылася з атрафіяй вока
Юлі Стасюк 25 гадоў, яна нарадзілася і вырасла ў Брэсце, а цяпер працуе капірайтарам і медыя-аналітыкам у Мінску.
Ад самага нараджэння ў яе атрафія вокарухальнага нерва, неаперабельная. Вердыкт: інваліднасць па зроку.
Людзі з такім дыягназам не могуць глядзець абодвума вачыма роўна перад сабой, што прыводзіць да касавокасці і, як следства, да двайнога бачання.
У Юлі адсутнічае бінакулярны зрок, то бок інфармацыя ў мозг паступае толькі ад аднаго глядзельнага нерва. Правае вока з атрафіяй амаль сляпое. На левым — блізарукасць і астыгматызм. Але самае цяжкае тое, што ўсё гэта бачна іншым людзям, таму Юлі давялося перажыць мноства абраз і здзекаў, перш чым палюбіць сябе.
— Мне пашанцавала, што з самага дзяцінства мяне выхоўвалі як звычайных дзяцей, без фізічных асаблівасцяў, не патуралі, вучылі не рэагаваць на здзекі. Але было складана, калі на мяне глядзелі, як на экспанат у музеі, хтосьці нават тыкаў пальцам. Прыходзілася выбудоўваць лінію абароны. Але я не бегла скардзіцца (хоць потым і галасіла ў падушку). Паскардзіцца — значыць пагадзіцца з тым, што ты сапраўды нейкі не такі. Навучыцца не рэагаваць стала маім самым вялікім дасягненнем і дазволіла выдыхнуць.
Калі мяне залічвалі ў школу з архітэктурна-мастацкім ухілам, то баяліся, што па зроку не выцягну дадатковую нагрузку, але ўсе 11 класаў я спраўлялася з праграмай, як і іншыя аднакласнікі.
Мы з бацькамі шмат падарожнічалі, і я заўважыла, што ў іншых краінах ніхто не надае майму недахопу значэння. Гэта зрабіла мяне больш упэўненай. Канчаткова вызваліцца з кола нелюбові да сябе атрымалася пасля пераезду ў Вільню. Я вучылася ў ЕГУ па спецыяльнасці «Візуальная культура: кіно, тэлебачанне і інтэрнэт».
Варта адзначыць, што да паўналецця ў мяне стаяла інваліднасць па зроку. У 18 трэба было зноў прайсці камісію, але я яе не прайшла, таму што ў заканадаўстве «змяніліся крытэрыі».
Само сабой, лепш я бачыць не стала. Калі казаць мякка, зрок у мяне храновы: ёсць пастаянная рызыка зусім яго страціць. У паўсядзённым жыцці я нашу адну лінзу, на левае вока. Фізічнага дыскамфорту не адчуваю, бо не ведаю, як яно інакш. Мне нават здаецца, калі б я раптам змагла бачыць усё, то звар'яцела б, бо мозг прызвычаіўся да іншага.
У дарослым жыцці праблем з камунікацыяй у мяне амаль не ўзнікае. Я нават паспела папрацаваць адміністратарам хостэла, хаця думала, што мяне могуць не ўзяць.
Часам мне трапляюцца людзі, якія ў лоб пытаюцца пра маю праблему. Я лічу, што гэта некарэктна.
Я магу спакойна гаварыць пра праблему, але паколькі гэта ўсё ж асабістае, то задаваць такія пытанні трэба асцярожна.
Я не буду нагадваць пра важнасць прыняцця сябе. Няма ідэалаў, няма крытэраў прыгажосці.
Чалавек — гэта больш, чым яго знешнасць ці нейкія фізічныя недахопы. Калі хтосьці гэтага не разумее, праблема ў ім, а не ў вас. А калі бацькі не закладаюць дзецям у галовы тое, што гарлапаніць на ўвесь аўтобус «паглядзі на гэтую цёцю!» няветліва, то гэта праблема выхавання.
«Ніна» шукае новых гераінь, якія таксама гатовыя падзяліцца гісторыямі перамогі над сваімі хваробамі і комплексамі. Пішыце нам на пошту [email protected] ці ў сацсетках.
Каментары