Здароўе55

Як падтрымаць здароўе вачэй і захаваць зрок: размова са спецыялістам

Па дадзеных Міжнароднага агенцтва па прафілактыцы слепаты каля 300 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце маюць сур'ёзныя парушэнні зроку ці слепату. Пра тое, як захаваць зрок і як падтрымліваць здароўе вачэй, «НН» распавяла доктар-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Вольга Спіглазава.

— Якія фактары ўплываюць на пагаршэнне зроку?

— 90% інфармацыі чалавек атрымлівае пры дапамозе вачэй. Таму найбольш неспрыяльны фактар — гэта пастаянная нагрузка на орган зроку, якая моцна павялічылася з інфарматызацыяй грамадства. Значную нагрузку на сятчатку вока і мышцы вачэй, як вядома, аказвае пастаянная праца з камп'ютарам. На здароўе вачэй аказвае ўплыў таксама гіпадынамія. Людзі ўсё часцей вядуць маларухомы лад жыцця: фізічных нагрузак вельмі мала, затое мышцы вачэй пастаянна напружаныя. Гіпадынамія прыводзіць да парушэння паставы, з-за чаго могуць сціскацца нервовыя канчаткі, парушацца кровазабеспячэнне галаўнога мозгу і вока. Акрамя непасрэдных нагрузак на вочы, на іх здароўе аказваюць моцны ўплыў і знешнія фактары: кепская экалагічная сітуацыя, нездаровае харчаванне.

— Якія меры неабходна прымаць, каб не дапусціць захворванняў вачэй і пагаршэння зроку?

— Прафілактыкай пагаршэння зроку, у першую чаргу, з'яўляюцца правільная арганізацыя рэжыму працы, адсутнасць празмерных нагрузак на вочы, а таксама вядзенне здаровага ладу жыцця. Вельмі важны здаровы сон, паколькі недасыпы значна зніжаюць працаздольнасць вачэй: яны не паспяваюць адпачыць, і ў выніку слізістая абалонка можа падсыхаць. Таксама вочы могуць перасыхаць падчас працы за камп'ютарам, калі трэба сачыць за рознымі дробнымі аб'ектамі на маніторы, з-за чаго прыходзіцца радзей міргаць. У гэтым выпадку пачынае развівацца стомленасць вачэй, з'яўляецца іх пачырваненне, адчуванне пяску і сухасці, што, безумоўна, можа прывесці да пагаршэння зроку.

Такім чынам, для прафілактыкі пагаршэння зроку неабходныя здаровы сон, своечасовы адпачынак, дастатковае знаходжанне на свежым паветры, пастаянная фізічная актыўнасць, а таксама правільнае харчаванне, у тым ліку ўжыванне неабходнай колькасці вітамінаў і мінералаў.

Аднак важна разумець, што на здароўе вачэй ўплываюць і іншыя сумежныя хваробы: гіпертанія, цукровы дыябет, захворванні шчытападобнае залозы, парушэнні працы страўнікава-кішачнага тракту, лор-захворванні. А такія выпадкі, калі мае месца выключна захворванне вачэй, без якіх-небудзь іншых праблем, адбываюцца вельмі рэдка.

— Як спланаваць працу за камп'ютарам такім чынам, каб забяспечыць як мага меншую нагрузку на вочы?

— Важна пастаянна трэніраваць мышцы вачэй. Для гэтага падчас працы неабходна на некаторы час адцягвацца ад камп'ютара і факусаваць зрок на кропках рознай аддаленасці: паглядзець трохі ўдалячынь, паблізу, направа, налева. Для пазбягання гіпадынаміі праз кожную гадзіну працы трэба на працягу 10-15 хвілін забяспечыць арганізм хаця б мінімальнай фізічнай нагрузкай: прайсціся, даць свайму хрыбетніку адпачыць, трохі расцерці шыю для паляпшэння кровазвароту.

— У якім узросце завяршаецца фарміраванне вачэй?

— У кожнага гэта адбываецца ў розным узросце. Звычайна ў 18-20 гадоў вока ўжо сфарміраванае, і, здавалася б, зрок не павінны пагаршацца. Але часта бывае такое, што нават людзі, якія скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, пачынаюць шмат працаваць за камп'ютарам, і зрок імкліва падае.

— Якая мяжа пагаршэння зроку, пры якой яго яшчэ можна аднавіць без хірургічнага ўмяшання?

— Вярнуць нармальны зрок можна толькі на пачатковых этапах, калі зрок пагоршыўся не больш, як на адну дыёптрыю. У гэтым выпадку чалавеку неабходна прааналізаваць свой лад жыцця: падумаць над тым, колькі ён спіць, што есць, у якіх стрэсавых сітуацыях апошнім часам бываў, абследавацца на якія-небудзь сумежныя захворванні. Вельмі непажадана жмурыцца, каб палепшыць зрок на кароткі час, бо пры гэтым ствараецца дадатковая нагрузка на мышцы вачэй. У гэтым выпадку лепш звярнуцца да акулярнай карэкцыі. І хоць акуляры рэдка дапамагаюць палепшыць зрок, яны ўсё ж перашкаджаюць яго далейшаму пагаршэнню.

— Што лепш: акуляры ці кантактныя лінзы?

— Не існуе адзінага правільнага адказу на гэтае пытанне. Вядома, большасць знаходзяць лінзы больш камфортнымі: яны не ціснуць на нос, не пацеюць, не абмяжоўваюць поле зроку, яны значна больш зручныя падчас заняткаў спортам. Аднак важна памятаць, што калі вы карыстаецеся кантактнымі лінзамі, то ў вас абавязкова павінны быць і акуляры, бо бывае шмат сітуацый, калі кантактныя лінзы выкарыстоўваць нельга. Напрыклад, пры прастудзе, кан'юктывіце, іншых захворваннях вачэй.

— Як вы ставіцеся да кантактных лінзаў, якія, па заяве вытворцаў, можна выкарыстоўваць доўгі час не здымаючы?

— Афтальмолагі, як правіла, супраць выкарыстання такіх лінзаў пастаянна. Вядома, паколькі гэтыя лінзы дыхаюць, у асобных выпадках яны могуць быць дастаткова карыснымі. Напрыклад, у паездцы, іншых сітуацыях, калі няма магчымасці іх зняць, прамыць растворам. Аднак сістэматычна выкарыстоўваць такія лінзы мы не рэкамендуем — гэта ўсё ж іншародны прадмет. Бо можна, напрыклад, легчы спаць у вопратцы, але хочацца ўсё-ткі быць больш вольным падчас сну. Гэтак жа і воку трэба даваць адпачываць.

— З якога ўзросту дзецям можна выкарыстоўваць лінзы?

— Ніякага ўзроставага абмежавання для нашэння лінзаў няма. Мы даволі часта прапануем дзецям выкарыстоўваць кантактныя лінзы, асабліва пры прагрэсуючай блізарукасці. Да таго ж, многія дзеці саромеюцца нашэння акуляраў, і ў дадзеным выпадку лінзы з'яўляюцца выдатным выхадам з сітуацыі.

— Як часта трэба наведваць афтальмолага?

— Для дзяцей неабходны агляды спецыялістам адзін-два разы на год. Бывае, што дзіця ідзе ў школу ў верасні з ідэальным зрокам, а напрыканцы навучальнага года ён ужо прыкметна пагаршаецца. Дарослыя таксама павінны штогод звяртацца да афтальмолага, незалежна ад таго, маюцца скаргі ці не. Існуюць захворванні, якія не адбіваюцца на вастрыні зроку, і чалавек не адразу заўважае змены. Такія захворванні неабходна выяўляць на ранніх этапах, каб захаваць здароўе сваіх вачэй на доўгія гады.

Больш падрабязна даведацца пра прафілактыку і лячэнне зроку можна тут.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі26

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Збой Google Cloud праз праблему ў дата-цэнтры ў Лондане парушыў працу сэрвісаў па ўсёй Еўропе1

«Да Магілёва 20 хвілін, а да Дрыбіна — больш за гадзіну». Вясковыя пенсіянеры выступілі супраць змены межаў раёнаў3

Бяда ў беларускага Z-гурта Skynet: саліст скардзіцца, што ўлады не пускаюць іх на сцэну30

Spotify будзе правяраць праз QR-код, ці жывуць сумесна ўладальнікі сямейных падпісак7

Кая Калас: Амерыканскія перамоўшчыкі ўжо амаль два гады спрабуюць схіліць Украіну да капітуляцыі5

У Бярозаўскім раёне мужчына прайграваў у казіно нават дапамогі на выхаванне дзіцяці

У 46 год памёр віцэ-прэзідэнт EPAM, адзін з кіраўнікоў бізнэсу ў Паўночнай Амерыцы Алег Вільчынскі6

Японія паспяхова запусціла місію да спадарожнікаў Марса1

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі26

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць