«Беларускі партызан» вырашыў даведацца: як складаецца лёс фігурантаў «справы патрыётаў» «на свабодзе»? Свабода — ўмоўнае паняцце: усе фігуранты знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе і пад падпіскай пра неразгалошванне.
У верасні Следчы камітэт падоўжыў следства па «справе патрыётаў» на два месяцы. Перыядычна фігурантаў крымінальнай справы выклікаюць на допыты, аднак «прарыву» ў крымінальнай справе не назіраецца.
Алесь Зімніцкі: «Турма не такая страшная, як здаецца па гэты бок сцяны тым, хто там не быў»

— З працай усё нармальна: я вярнуўся на старое месца. Я працую старшым навуковым супрацоўнікам у Нацыянальным гістарычным музеі, праўда, мае абавязкі трошкі змяніліся, але гэта чыста працоўныя моманты. Я на тым жа месцы, на ранейшай пасадзе і займаюся ранейшай працай — захавальнік калекцыі даспехаў і ваеннага рыштунку.
— А што рабіць са страчанымі месяцамі, якія вы правялі ў зняволенні?
— Паводле заканадаўства, падчас следства ніхто не мае права звольніць з працы, ва ўсякім разе — да рашэння суда. Таму месяцы, праведзеныя за кратамі, выліліся ў «неаплатны адпачынак».
— А якой цаной сям'і далося расстанне з вамі?
— І маці, і бацька ўжо пенсіянеры, для іх, безумоўна, цяжка даліся ўсе перажыванні. Бацькам прыйшлося цяжэй, чым мне.
— Пасля ўмоўнага «вызвалення» вы не задумваліся аб тым, каб завесці ўласную сям'ю, ажаніцца?
— Пакуль не, не надумаў. У мяне адзіная любоў — Беларусь (смяецца).
— Вашы калегі па няшчасці кажуць, што за кратамі псіхалагічна было куды складаней, чым фізічна.
— Турма мне псіхіку не паламала, псіхалагічнай траўмы таксама не нанесла, наколькі я магу судзіць. Жыццёвыя планы таксама не надта змяніліся за тры месяцы — усё ж такі не гады за кратамі. Ратавалі тры рэчы: усведамленне, што ты не адзін і ў цябе памятаюць (за што трэба сказаць дзякуй людзям), усведамленне, што не ты першы і не ты апошні (колькі беларусаў адкруціць тэрмін праз любоў да радзімы ці нават проста так) і жаданне застацца чалавекам. А сядзець не цяжка. Усюды ж жывыя людзі. Проста сядзеў, шукаў, чым у побытавым плане заняць час, што з'явіўся: чытаў кнігі, трэніраваўся. А псіхалагічныя цяжкасці звязаныя з тым, як сябе адчувалі родныя, з іх перажываннямі, спроба аказаць нейкую дапамогу. Гэта сапраўды аказалася цяжка. Як там кажуць: «Тэрміны даюцца не абвінавачаным, а іх сем'ям».
— Які адбітак наклала заключэнне на здароўе?
— Не скажу, што з'явіліся нейкія крытычныя праблемы. Але старыя традыцыйныя турэмныя праблемы адбіліся і на мне: трохі пабольваюць суставы, спіна — усяго патроху.
Калі трапляеш за краты, аказваецца, усё не так страшна, як здаецца па гэты бок сцяны. Але раз так здарылася — трэба перажыць.
Андрэй Дундукоў: Сёлета збіраўся ўзысці на Эльбрус…

Фігурант «справы патрыётаў» Андрэй Дундукоў толькі-толькі вярнуўся ад лекара. Таму першае пытанне «Беларускага партызана»: праблемы са здароўем — наступствы заключэння?
— Не, праблемы са здароўем — не наступствы заключэння, проста захварэў.
— Як праходзіць адаптацыя да «жыцця на волі»?
— Я ўжо адаптаваўся да новых умоў. Дагэтуль мяне яшчэ не звольнілі з працы, а проста перавялі «ў распараджэнне начальніка». Зараз я проста працую крыху інакш, — кажа Андрэй Дундуков.
Выратавальнік адзначае, што заключэнне не моцна паўплывала на сямейнае жыццё, ва ўсякім разе, «цяпер усё добра».
— Трэба разумець, вы падсадзілі сваю жонку на беларускую мову?
— Што значыць - падсадзіў? (Смяецца). Яна даўно размаўляе па-беларуску: да яе звяртаюцца на беларускай мове, яна таксама адказвае па-беларуску. Усё залежыць ад сітуацыі. А я, наадварот, на працы ў асноўным карыстаюся рускай мовай, — кажа выратавальнік.
— Большасць фігурантаў «справы патрыётаў» знаёмыя даўно: хтосьці з'яўляецца сваяком, нехта даўнім сябрам, таму натуральна, што мы падтрымліваем адносіны.
Андрэй Дундукоў адзначае, што самае страшнае ва ўсёй гэтай гісторыі — улады паламалі жыццёвыя планы:
— Самае цяжкае ў тым, што нам забаронена свабодна перасоўвацца: па Беларусі можна, але мы пазбаўленыя права пакідаць межы краіны. А я ў гэтым годзе збіраўся ўзысці на Эльбрус — шматлікія планы нам проста паламалі. Таму цяпер даводзіцца шукаць новыя захапленні, хобі — і такая сітуацыя ў многіх з нас. Бо жыццё зводзіцца не проста да таго, каб адпрацаваць працоўны дзень і вярнуцца ў кватэру — і так кожны дзень, — падкрэсліў Андрэй Дундукоў.
Андрэй Дундукоў адслужыў тэрміновую службу ў ВДВ, з 2011 года працуе выратавальнікам у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Захапляецца рэканструкцыяй і экстрэмальным турызмам.
Андрэй Комлік-Ямацін: Псіхалагічна складана, калі не можаш займацца любімым рамяством

Сітуацыя ў Андрэя Комліка-Ямаціна паскладаней: самога хлопца адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, затое яго бацьку Ігара Комліка больш за месяц трымалі ў СІЗА. Ігар Комлік з'яўляецца галоўным бухгалтарам Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і фігурантам крымінальнай справы аб нявыплаце падаткаў.
— Трохі адаптаваўся да ранейшых умоваў. Але, вядома ж, маё заключэнне цяжка псіхалагічна адбілася на сям'і, трэба яшчэ адысці ад усяго. Абвастрыліся старыя хваробы: нядаўна праходзіў медагляд, сказалі, што не вельмі добрая кардыяграма, пагоршыўся зрок, ды і наогул адчуваю сябе горш, чым да заключэння (трэба праходзіць дадатковае абследаванне).
— Як ідуць вашы справы з працай?
— Вярнуўся на старую працу — на Мінскі маторны завод, адміністрацыя прадпрыемства ніякіх прэтэнзій не выказвала. Але справа ў тым, што я яшчэ з'яўляюся і рамеснікам. На жаль, усе матэрыялы па рамесніцтве знаходзяцца ў камп'ютары, які забралі падчас ператрусу; усё абяцаюць аддаць, але ніяк не аддадуць. Таму пакуль займацца сваім рамяством мне праблематычна. Я раблю творы ў этнастылі: раблю вопратку, аксэсуары, паясы.
— А як адбілася адсутнасць магчымасці паўнавартасна займацца рамесніцкай дзейнасцю на матэрыяльным становішчы сям'і?
— Трымаемся. Дапамагаюць родныя, сябры. Псіхалагічна вельмі складана, калі не маеш магчымасці займацца любімым рамяством, развіваць беларускія традыцыйныя касцюмы, беларускую культуру.
— Як вы глядзіце на перспектывы крымінальнай справы, асабліва на фоне пераатэстацыі, якую зладзіла Міністэрства юстыцыі адвакатам?
— Усё павінна скончыцца справядліва — на выхадзе ўсё роўна ніякай справы няма. Гэта маё асабістае меркаванне. Ціск на адвакатаў ніяк не ўпісваецца ў прававыя нормы, ды і не па-чалавечы неяк.
Каментары