Топ-5 электрамабіляў будучыні — на чым мы будзем ездзіць праз некалькі гадоў
Цягам апошніх некалькіх гадоў урады розных краін заяўлялі пра намер забараніць вытворчасць і продаж аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання з 2030-2040 гадоў. У сувязі з гэтым з кожным годам усё больш машынабудаўнічых гігантаў прэзентуюць свае ўласныя электракары. Па дадзеных Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у 2016 годзе па дарогах свету ездзіла 2 мільёны электрамабіляў, а ў 2040 годзе іх будзе налічвацца ўжо 40 мільёнаў.
1. Mitsubishi прадставіла электрагрузавік з запасам ходу 350 км
Нямецкі аўтамабілебудаўнічы канцэрн Daimler, якому належаць 85% акцый кампаніі Mitsubishi Fuso Truck and Bus Corporation, прадставіў электрычны грузавік будучыні пад брэндам Mitsubishi E-Fuso Vision One.
Згодна з канцэптам, электрагрузавік будзе мець грузападымальнасць 11 тон і запас ходу 350 км. Пакуль гэта толькі прататып, таму больш падрабязныя характарыстыкі грузавіка не раскрываліся. Пра наяўнасць функцыі аўтапілота таксама нічога невядома. Тым не менш, прадстаўнікі кампаніі заявілі, што Mitsubishi E-Fuso Vision One выйдзе ў серыйны продаж у 2020 годзе, і да таго часу яго знешні выгляд і характарыстыкі моцна зменяць і дапрацуюць.
2-3. Toyota паказала электракар для інвалідаў і трохколавы электраскутар
Адразу дзве незвычайныя футурыстычныя навінкі прэзентавала кампанія Toyota: невялічкі электракар Concept-i Ride і трохколавы электраскутар Concept-i Walk. Тэставанне абедзвюх мадэляў у гарадскіх умовах пачнецца да 2020 года.
Concept-i Ride ўяўляе сабой двухмесны электрамабіль з цалкам электрычнай цягай, створаны спецыяльна для людзей з абмежаванай рухомасцю. Навінка абсталяваная адкрыванымі ўгору дзвярыма і адмысловым кранам для загрузкі інваліднага вазка. Запас ходу машыны — 100-150 км, а яе штучны інтэлект умее адсочваць стан кіроўцы і ўключаць аўтапілот, калі той стаміўся.
Concept-i Walk — трохколавы электрасамакат, якім трэба кіраваць з дапамогай спецыяльнага джойсціка. На адным зарадзе Concept-i Walk праязджае да 20 км. Максімальная яго хуткасць будзе дасягаць 6,5 км/г, што дапаможа карыстальніку падладзіцца пад пешаходны трафік.
4. Nissan прэзентавала канцэпт электракара з неймаверным запасам ходу
Напярэдадні адкрыцця Такійскага аўтасалона кампанія Nissan прадставіла электрычны красовер Nissan IMx Concept, створаны на базе новай электрычнай платформы, інавацыйнасць якой заключаецца ў незалежнай падвесцы і магчымасці стварэння паўнапрываднага рэжыму. Nissan IMx Concept абсталяваны двума электрычнымі рухавікамі з круцячым момантам 700 Н·м і агульнай магутнасцю 435 к.с. Заяўлены запас ходу на адным зарадзе акумулятара ўражвае: ажно 600 км!
Канцэпт электракара атрымаў абноўленую сістэму кіравання Nissan ProPILOT, якая можа сама знайсці парковачнае месца ў вызначаным раёне і прыпаркавацца. Падчас выкарыстання аўтапілота руль машыны хаваецца, а пасажырскія сядзенні прымаюць амаль гарызантальнае становішча. Ёсць магчымасць кіраваць бартавым камп'ютарам з дапамогай жэстаў і позірку.
5. Спартыўны электрамабіль ад Honda
На такійскім аўтасалоне, які ў 2017 годзе праходзіць з 27 кастрычніка па 5 лістапада, кампанія Honda прадставіла канцэпт свайго спартыўнага электракара Honda Sports EV Concept. Яго футурыстычнасць натхняе. Але кампанія зусім нічога не распавяла пра яго, акрамя таго, што аўтамабіль будзе кіравацца сістэмай штучнага інтэлекту, які, відавочна, прадугледжвае і наяўнасць аўтапілота.
Дарэчы. Электрамабілі справакавалі сусветны дэфіцыт металаў
У склад акумулятарных батарэй, якія выкарыстоўваюцца ў электрамабілях, уваходзіць мноства розных матэрыялаў: літый, нікель, кобальт, графіт. Колькасць аўтамабіляў на электрычнай цязе, якая расце вялікімі тэмпамі, справакавала рост коштаў на ўсе гэтыя матэрыялы, а кошт кобальту, які у асноўным здабываецца ў Конга, за апошнія паўтара года узляцеў ажно на 190%.
Праз палітыку шматлікіх краін, звязаную з забаронай цягам бліжэйшых двух дзесяцігоддзяў аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання, аналітыкі прагназуюць неверагодны рост колькасці электрамабіляў у свеце, у сувязі з чым аўтавытворцы спяшаюцца як мага хутчэй заключыць дамовы аб пастаўках металаў для акумулятараў.
На гэтым фоне ўжо актывізаваліся фінансавыя спекулянты, якія актыўна назапашваюць патрэбныя для электрычнай аўтавытворчасці каштоўныя металы тонамі або ўкладваюцца ў іх здабычу, бо відавочна, што цана на іх будзе толькі расці. Аналітыкі чакаюць, што на адзін толькі кобальт попыт да 2020 года вырасце прыблізна ўдвая, да 200 000 тон у год, а на літый да 2025 году — павысіцца на 779 000 тон, гэта значыць у чатыры разы.
Між тым, сусветныя запасы гэтых металаў не бязмежныя, таму вытворцы акумулятараў ужо імкнуцца паменшыць колькасць кобальту ў сваіх вырабах. Так, у верасні была прадстаўленая батарэя, якая выкарыстоўвае літый і нікель, але ўтрымлівае зусім няшмат кобальту. Кошт нікеля складае адну шостую ад кошту кобальту, пры гэтым сусветных запасаў нікеля прыкладна ў 20 разоў больш, і ён дапамагае значна павысіць магутнасць акумулятара.
Каментары