Па інфармацыі, якая стала вядома праваабаронцам-«вясноўцам», у Следчым ізалятары №1 Мінска знаходзіцца не шэсць, а сем асобаў, прысуджаных да смяротнага пакарання.
Яшчэ адзін прысуд быў вынесены, меркавана, Віцебскім абласным судом ў мінулым годзе.
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў здолеў адшукаць дадатковую інфармацыю аб тым, што сапраўды Віцебскім абласным судом 22 верасня 2017 года быў вынесены смяротны прысуд. Ён уступіў у законную сілу 6 кастрычніка 2017 года. Гэты прысуд не абскарджваўся і не апратэстоўваўся.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, прысуд быў вынесены за забойства сукамерніка.
Дагэтуль праваабаронцам было вядома пра шэсць грамадзян, асуджаных да смяротнага пакарання, некаторыя з якіх беспаспяхова абскардзілі прысуды ў Вярхоўным судзе.
Гэта жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які зімой 2016 года забіў дваіх уласных дзяцей, раней неаднойчы судзімы жыхар Нароўлі Алесь Міхаленя, які ў сакавіку 2016 года забіў суседзяў-пенсіянераў. Яшчэ двое — Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны — фігуранты гучнай справы «чорных рыэлтараў».
А сёлета Мінскі гарадскі суд вынес два смяротныя прысуды мінчанам Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарка за забойства маладой пары ў Мінску і мужчыны ў Калодзішчах. Увесну іх прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але Вярхоўны суд вярнуў справу на перагляд. Зараз у іх засталося права падаць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.
Каментары