Гісторыя2121

Беларуская памяць пра «жаўнераў выклентых»

Бельск. Помнік ахвярам Ромуальда Райса «Бурага», забітым у 1946 годзе

Калі мне было гадоў 20, я недзе натрапіў на выказваньне: «Нічога не мяняецца больш устойліва, чым мінулае». Ат, падумалася мне тады, цынічны bon mot у стылі Оскара Ўайлда, піша Ян Максімюк з Радыё Свабода

Мінулае, якое мяняецца

Гэтае выказваньне прыходзіць мне на думку кожны год, калі даводзіцца думаць пра марш у памяць «выклятых жаўнераў», які сёлета ўжо трэці год праводзяць польскія нацыяналісты і шавіністы ў Гайнаўцы. Цэнтральным сымбалем гэтага маршу для некалькіх сотняў маладых, якія зьяжджаюцца на гайнаўскі марш з усёй Польшчы, зьяўляецца адзін з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля пасьля вайны, Ромуальд Райс (мянушка «Буры»). Марш невыпадкова адбываецца ў Гайнаўцы — на гайнаўскай зямлі «Буры» ў студзені-лютым 1946 году камандаваў крывавым рэйдам, у якім спаліў некалькі этнічна беларускіх вёсак, забіваючы і палячы жыўцом каля 80 праваслаўных сялян, у тым ліку жанчын і дзяцей.

Некалі камуністычныя ідэолягі залічылі гэтых забітых у агульны гурт ахвяраў змаганьня за ўсталяваньне «народнай улады» ў Польшчы. Падзеньне камунізму ў 1989 годзе прывяло ня толькі да дэмакратызацыі жыцьця ў краіне, але і да ўсплёску нацыяналістычных і клерыкальных настрояў у грамадзтве ды пераацэнкі нядаўняга мінулага краіны. У 1990-х адбылося шмат судовых рэабілітацый прадстаўнікоў антыкамуністычнага падпольля. Суд рэабілітаваў і «Бурага», афіцыйна вырашыўшы, што ён знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Але ў 2005 годзе гісторыкі з Інстытуту нацыянальнай памяці ў выніку праведзенага сьледзтва дайшлі да высновы, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду».

Сёньня я ведаю, што аўтарам фразы пра ўстойлівую зьменнасьць мінулага быў ня Оскар Уайлд, а амэрыканскі гісторык, пісьменьнік і журналіст Джэралд Джонсан. І што поўнасьцю яна гучыць так: «Нічога не мяняецца больш устойліва, чым мінулае — таму што мінулае, якое ўплывае на нашы жыцьці, не складаецца з таго, што здарылася насамрэч, а з таго, у што людзі вераць, што здарылася». І сёньня гэтая фраза гучыць для мяне ўжо ня так цынічна, як 40 гадоў таму…

Цяжка мне сказаць, у што вераць маладыя гарлапаны, якія крычаць на гайнаўскім маршы «Буры — наш герой!». Але я дакладна ведаю, якое мінулае помняць падляскія беларусы. У 1990—1992 гг., будучы журналістам беластоцкага тыднёвіка «Ніва», я запісаў расповеды сьведкаў пра «геройства» «Бурага». Хачу прывесьці некалькі эпізодаў з тых запісаў.

Вёска Зані, 2 лютага 1946 (загінулі 24 чалавекі)

Я запісаў гэтыя сьведчаньні 17 красавіка 1990, «Ніва» апублікавала іх 6 траўня 1990. Людзі ў Занях прасілі мяне: «Вы, калі ласка, не запісвайце нашых прозьвішчаў у газэце. Мы вам расказалі ўсё, як было. Але прозьвішчаў нашых не запісвайце. Жывуць нашы дзеці, нам трэба жыць. Зразумейце тое, што нас стралялі не партызаны з-за граніцы, а нашы суседзі з навакольных вёсак. Мы ня хочам, каб тыя, што стралялі нас тады, помсьцілі нам і цяпер. Калісьці называлі іх бандытамі, цяпер гавораць, што яны героі, бо змагаліся за вольную Польшчу».

Расказвае М.К.:

«Гэта было ў суботу, якраз выпалі польскія Грамніцы. У нас у хаце была я зь сястрою, мама, малодшы брат Ёзік, тата драмалі на зэдліку каля печкі. На вячоркі прыйшлі дзьве мае сяброўкі, адна прала на калаўротку, другая вязала на дротах. Старэйшы брат Уладзік забег у хату і кажа, што паляць Шпакі. Відаць зарыва і дым. Мама кажа, што трэба павыносіць з хаты, бо прыдуць і нас спаляць. Потым хтось грукнуў у дзьверы, тата выйшлі і ў хату ўжо не вярнуліся. Потым стрэлілі ў акно, і згасла карбідоўка. Мы пападалі на падлогу. Я падняла галаву і бачу праз акно, што і наша вёска ўжо гарыць. Ідзі на гару і павынось што, кажа мне мама. Я пайшла і бачу з гарышча, што людзі пабітыя на вуліцы ляжаць. Бо на вуліцы ясна, як удзень, ад агню. Сыходжу і кажу маме. Мама ўзялі польскую ікону, была ў нас адна, і выйшлі на двор. Мы ўсе за ёю. Брат, я памятаю, пасьпеў захапіць з сабою школьны тарністар. Мы хадзілі ў школу ў Занях, вучыў нас найстарэйшы наш брат, Янак, яго ў той час дома не было, бо старэйшыя хлопцы і мужыкі здаўна ўжо ў хатах не начавалі. Хто дзе, у клуні, на вышках у хляве або на грушы, абвязаўшыся вяроўкаю, каб ня ўпасьці, калі засьне. Стаімо мы перад нашым домам, а яны ідуць вуліцай і заходзяць у наш панадворак. Адзін зь іх узяў і прыставіў мне пісталет да галавы. «Поляцы чы бялорусы?» — пытаецца. «Пане, мы поляцы, не забівайце нас», — кажуць мама. — «Як пан не вежы, то нех запыта у сонсядкі. Она католічка». Цераз вуліцу жылі католікі, нашы суседзі. Мама пабачылі, што суседка…цкая стаіць перад домам, і падумалі, што за нас заступіцца. Бо мы зь імі жылі як адна сям’я, гэта я тут праўду, як на споведзі, кажу. Яны былі бедныя, а нашы мама былі шчырыя, спагадлівыя, і памагалі ім чым маглі. Адзін пайшоў пытацца, ці палякі мы. І тая…цкая сказала, ведаеце, з такой пагардай ці са злосьцю: «Так, так, полякі». Ён вярнуўся і стрэліў зь пісталета маме ў галаву. Я бачыла, як страшна пырснула кроў маме з галавы. Мама ўпалі каля хаты. Брат Ёзік кінуўся ўцякаць за хату, за ім стралялі, але не пацэлілі. Ён прасядзеў усю ноч у акопах за вёскай, вярнуўся на другі дзень, ужо на папялішча. А нас зь сястрою і з тымі сяброўкамі запхнулі ў хату. Адзін зь іх прынёс ад суседзяў акалот саломы, яны ім уваход у пограб закрывалі, бо дзьвярэй не было, завалок яго на гару і запаліў. І потым пайшлі паліць далей. Мы думалі, што дзьверы завязалі чым, каб нам ня выйсьці, і пазалазілі пад ложак. Але тут дым, кроквы трашчаць і пачынаюць падаць. Я вырвала акно, у нас яно было падвойнае, як на зіму, другую раму выпхнула на двор. Пад акном у нас была сажалка, тут на яе салома са страхі падае і гарыць. Вада гарыць. Хоць быў люты, то вада не замёрзла, бо тады якраз стаяла адліга. Няма як выскачыць, бо ўсюды агонь. Але вытрываць ня можна, мы ўжо пачалі задыхацца. Тады я ўзяла сястру на рукі, ёй было сем гадоў, а мне чатырнаццаць, і кінулася цераз полымя, церазь сенцы на двор. Дзьверы не былі завязаныя. За мною мае сяброўкі. Я пабегла цераз вуліцу да тых суседзяў і, не пытаючыся, шмыганула ў іхнюю хату і схавалася там. Там, дзе жылі палякі, то не палілі, толькі беларусаў. А таксама абапал дамоў не палілі, каб католікі не згарэлі. У нас у вёсцы было чатыры польскія сем’і, са «шляхты». І тая суседка, што сказала «так, так, полякі», забегла ў хату і выгнала нас адтуль, як паршывых сабак. Я зь сястрою на руках пабегла ў куток панадворка, там у іх хвораст ці то ядловец ляжаў, і таксама пярыны, што павыносілі з хаты, бо ім сказалі раней, што паліць беларусаў будуць, каб павыносілі, калі б ад пажару і іхняя хата занялася. Але і адтуль нас прагналі. І мы схаваліся ў куратніку, што стаяў побач сялібы тых суседзяў. Там мы і прабылі да раньня, не выходзілі, калі яны зьбіраліся і крычалі «Зьбюрка! Зьбюрка!», а потым пайшлі дарогаю на Сьвірыды.»

Расказвае А.К.:

«Яны прыходзілі да нас раней, перад тым, як нас спалілі, былі разоў дваццаць. Грабілі, забіралі коні, сьвіньні, вопратку, хлеб, усё, што згледзелі. Прыходзілі ноччу, грукалі ў акно. Калі гаспадар пытаўся «хто?», яны казалі «польске войско». Мы ўжо ведалі, хто такія і чаго ім трэба. Тады мне было 19 гадоў, я быў на вёсцы, сядзеў з хлопцамі ў некага ў хаце. Па начах мы ў хатах ня спалі, бо калі каго з хлопцаў зловяць, то катуюць. Мы пачулі шоргат і рыпеньне падводаў. Я выйшаў на двор і бачу, што вёску акружаюць. Пытаю хлопцаў, куды ўцякаць будзем? Усе разьбегліся, хто куды. Я сам пабег цераз садок у той бок, дзе лес. Але згубіў шапку і вярнуўся па яе. Тут мяне і схапілі. І вядуць па вуліцы. З адной хаты выглянуў стары, называўся ён Міхал. Яго таксама забралі і павялі са мною. Завялі нас на гасьцінец, што ідзе на Сьвірыды, і там сказалі класьціся на зямлю. Потым адзін зь іх пайшоў на вёску і доўга не варочаўся. Мусіць, пытаўся ў камандзіраў, што з намі рабіць. У вёсцы чуваць была страляніна, з абодвух бакоў пачалі яе паліць. Потым той паляк, што пайшоў, варочаецца, выцягвае пісталет і пытаецца ў Міхала: «Поляк чы бялорус?» «Бялорус» — кажа дзядзька Міхал. Той стрэліў у яго два разы. Потым пытаецца пра тое самае ў мяне. Я адказваю так сама. Ён страляе ў мяне. У першую хвіліну мне падалося, што мне раскалолі галаву і выбілі мозг. Але ж не, я ляжу і думаю, значыць, я жыву і галава цэлая. Чую, як енчыць і страшна хрыпіць дзядзька Міхал. Яму, мусіць, прастрэлілі лёгкія, краем вока бачу, як ён пакутуе і зьвіваецца каля мяне. «Поправ тэму, цо сен так віе» — кажа той, што страляў. І тады другі пусьціў у дзядзьку чаргу з аўтамата. Дабіў яго. Я ляжаў да таго часу, пакуль ня ўбачыў, што яны адышлі ад нас і сталі глядзець, як гарыць вёска. Я паволі адпоўз ад іх, потым прыўзьняўся і кінуўся бегчы. Тады якраз пачалася страляніна, я ня ведаю, стралялі па мне ці, можа, у вёсцы людзей забівалі. Я ўцякаў. Я схаваўся ў акопах, што засталіся пасьля немцаў, сядзеў там і прамёрз. Адчуваў, як па маім целе, пад вопраткай, сьцякае кроў. Трэба было падацца кудысь да людзей. Але куды пайсьці? Кругом польскія вёскі. Я пастукаў у акно, мне адчыніла бабулька. Сказаў, што я з Занёў, што нас спалілі і пабілі. Прыйшоў гаспадар, у хаце лямпы не палілі, але ён адчуў, што нешта са мною блага. Ён стаў мяне разглядаць і ўбачыў, што зь мяне цячэ кроў. Я быў ранены ў двух месцах. Адна куля прайшла праз шыю, другая трапіла ў плячо і выйшла каля локця. Ён мяне перавязаў, а ранкам павёз у Зані. На вуліцы я ўбачыў забітага бацьку. Зайшоў у хату, на пасьцелі ляжала мая сястра, ёй прастрэлілі грудзі. І той чалавек занёс сястру на сваю фурманку і павёз цераз Бранск у Бельск, у шпіталь. Там яе адратавалі. У Занях у тую ноч забілі 24 асобы. Многа паранілі. Наш сусед выносіў з хаты свайго ўнука, па ім стралялі з аўтамата, хлопчыку было ўсяго чатыры гады, а можа і таго не, кулі яго разнесьлі амаль на кавалкі, а суседу адстрэлілі абедзьве рукі. Яны потым выехалі ў СССР, засталася яго дачка, жыве ў Занях да гэтай пары.»

Расказвае П.М.:

«Заходзіць дзядзька ў нашу хату і кажа, што вёска гарыць. Я на двор, а на загуменьні стаяць з карабінамі. Назад у хату! Сядзець і не выходзіць! Я ўзяў дзьвюх маіх дачок на рукі, пайшоў зь імі на двор і цераз вуліцу подбегам, каб хутчэй, у лес. За мною стралялі, куля трапіла мне ў клуб, я ўпаў з дочкамі ў баразёнку на агародзе. Аднекуль падбегла мая сястра, забрала дзяўчынак і панесла іх за вёску. Я бачу, ляжыць мая мама на агародзе, забітая. Я падпоўз да яе, кранаю, але яна не варушыцца. Я ляжаў каля мамы ня ведаю як доўга, аж чую, крычаць: «Зьбюрка! Зьбюрка!» Вёска палыхае, яны ідуць вуліцай, згледзелі нас, падыходзіць адзін, падыходзіць другі. «Курва маць, нема набоі!» Потым падыходзіць трэці з карабінам, такі каратыш, ростам з мэтар, калі ў шапцы. Ён страляе ў маму, ужо мёртвую. Потым страляе ў мяне. І я тады, як ляжаў, то сеў і ня ведаю, што са мною сталася. Ужо нічога ня бачыў. Куля выбіла мне адно вока, прайшла пераносьсем і выкалупнула другое. Яно, як людзі мне потым казалі, ліпела нейкі час на адной жылцы. Яны пайшлі далей, а я застаўся сядзець там без вачэй, жывы. І ў таго каратыша не хапіла на мяне амуніцыі.»

Вёска Залешаны, 29 студзеня 1946 (загінулі 15 чалавек)

Я запісаў гэтае сьведчаньне 2 жніўня 1991, «Ніва» апублікавала яго 28 жніўня 1991.

Расказвае Ніна Лемеш (у 1946 годзе: Сахарчук):

«Палілі нас у панядзелак, ужо пад вечар… Як зганялі нас у тую хату, то сказалі: вёска ваша пойдзе з агнём, а вы Богу на ахвяру… Ну, такі нам вырак далі… «Буры» ўжо з бандаю выехаў, але страж пакінуў. І яны пайшлі па вёсцы і па стрэхах стралялі з аўтаматаў, запальнымі кулямі… Людзей у Сахарчукоў поўная хата, і ўсё бачаць, як вёска гарыць. А тыя людзі, што ў хатах засталіся, сталі выбягаць. А іх сякуць з аўтаматаў. Леанчук Рыгор і двое дзяцей, Нічыпарук Марыя і трое дзяцей, хлопцы былі, і Нічыпарук Наталя і Іван, і іхнія хлопец і дзяўчынка, бацька з сынам выбеглі, бо іх на дварэ застрэлілі, а маці з дачкою паранілі ў хаце, і яны там згарэлі, доўга і страшна енчылі… І наша хата, што напроці, ужо гарыць… А потым яны ўжо сякуць з аўтаматаў па той хаце, дзе мы ўсе, б’юць уверх, пад страху… І мы ўжо гарым… І тут віск, піск падняўся… Адны былі дзьверы ад вуліцы, а другія з тылу, ад падворка… З вуліцы страляюць, а тыя дзьверы ад падворка гвозьдзямі забілі… Але ж там стаяў якісь, разумееце, іншы чым усе, якісь людзкі чалавек… Ён тыя дзьверы адбіў і кажа: uciekajcie, uciekajcie… Каго ж выслаць першага? Людзі стаяць і баяцца… Быў такі хлапчына, Лукашук Лёня, быў з бацькам, мацеры ў яго не было… І людзі кажуць: Лёня, ты бяжы, бяжы… І ўсе глядзяць. І як тое дзіця пабегла, і ніхто да яго не страляў, то грымнулі ўсе. А хата ўжо трашчала і падала на нас. Макар Несьцярук абгарэў страшна: рукі ў яго засталіся калекія аж да сьмерці… А залешанскіх маладых мужчын, і чалавека майго будучага, хацелі ўзяць фурманамі. Паразьдзявалі іх дагала, засталіся яны ў адных кальсонах. Але потым раздумалі — узялі толькі аднаго, ён ужо так і не вярнуўся, а астатніх разам да нас у тую хату… І тыя ж хлопцы басячком, зіма ж была, беглі да Тапароў… Потым ім ногі гнілі, панапухалі… Тата нашы ўцяклі, як хлеў загарэўся… Але незадоўга да таго бачылі, як бандыты прывялі да нас пад дашок солтысавага сына, Пеця Дземянюка, і краўца Зялінку, ці не Аляксандар яму было, і там пастралялі… Пеці было чатырнаццаць тады, як і мне…»

Пра фурманаў

31 студзеня 1946 «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак на Гайнаўшчыне — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія, на загад улады, паехалі ў пушчу на нарыхтоўку дроваў для школы. «Буры» загадаў адпусьціць усіх фурманаў-каталікоў, а праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.

«Мы з вамі»: палякі едуць у Гайнаўку падтрымаць беларусаў і пратэставаць супраць маршу памяці Бурага ВІДЭА

Каментары21

Цяпер чытаюць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба32

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Усе навіны →
Усе навіны

Як адрэагавалі ў свеце на аперацыю ЗША і Ізраіля супраць Ірана9

У Брэсце работнікі МНС знялі з даху чатырохпавярховага дома мужчыну

У Барысаве ў кафэ, што будуецца, адбыўся выбух. Чацвёра пацярпелых

ААЭ і Саудаўская Аравія прыгразілі Ірану адказам на ўдары па іх тэрыторыі

40 дзяўчынак загінула ў выніку ракетнага ўдару па школе на поўдні Ірана — мясцовыя ўлады1

«Мы вельмі блізкія да канчатковай перамогі». Рэза Пехлеві запісаў зварот да іранцаў1

Аднапакаёўку без аздаблення ў «Мінск-Свеце» здаюць за $3502

Змена іранскага рэжыму — не мэта аперацыі, — Ізраіль

З 1 сакавіка ГЦ Green City уводзіць платную начную стаянку

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба32

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць