Прадстаўнік апазіцыйных камуністаў: «БНР — антынацыянальны і антыбеларускі праект»
22 сакавіка ў Мінску прайшоў круглы стол на тэму «100 гадоў БНР: у фокусе левых». Звяртае на сябе ўвагу даклад маладога камуніста Паўла Катаржэўскага, які прадстаўляе партыю Сяргея Калякіна «Справядлівы свет». Даклад мае правакацыйную назву «БНР як антынацыянальны праект».

Найперш Катаржэўскі абураецца, што дзяржава надала святкаванню 100-годдзя БНР нашмат болей увагі, чым 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. «У адрозненне ад БНР, цалкам было праігнаравана 100-годдзе Пятра Машэрва, пры гэтым Лукашэнка сябе называе «савецкім чалавекам».
Малады камуніст звяртае ўвагу, што без Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую так «ненавідзяць апалагеты БНР», не магло б адбыцца ніякага абвяшчэння незалежнасці. «Уладзімір Ільіч Ленін быў, магчыма, першым палітыкам, які заявіў аб ідэі незалежнай Беларусі ў артыкуле «Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?» ў верасні 1917 года», — піша Катаржэўскі.
Хлопец мяркуе, што людзі, якія абвяшчалі незалежнасць БНР не былі ніякімі «сацыялістамі». «Нават Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ) выступала толькі за большую аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі, а Ленін казаў аб поўнай свабодзе Беларусі».
Катаржэўскі мяркуе, што БНР ад самага пачатку было «мёртанароджаным праектам». Далей камуніст піша пра тое, што ўлады БНР існавалі толькі ў цесным кантакце з нямецкімі акупантамі.
«БНР аказалася глыбока антынацыянальным і антыбеларускім праектам, дыскрэдытуючы саму ідэю беларускай дзяржаўнасці і прыраўноўваючы яе да калабарацыянізму», — лічыць Павел Катаржэўскі.
Першай беларускай дзяржавай прадстаўнік «Справядлівага свету» называе БССР, якая была абвешчана 1 студзеня 1919 года.
Паўлу Катаржэўскаму 22 гады, ён працуе ў «Бургер-Кінгу». На фотаздымках Укантакце бачна, што браў удзел у экалагічных і анархісцкіх арганізацыях. Шмат выказвае салідарнасць з арыштаваным анархістам Змітром Паліенкам.
Катаржэўскі наступнымі словамі віншаваў з 100-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі: «І ніякія Керанскія, Пуціны, Лукашэнкі, Назарбаевы і ім падобныя не змогуць спыніць кола гісторыі і світанак грамадства свабоды, справядлівасці і роўнасці, як бы ім гэтага ні хацелася».
Беларусь называе «сумессю цырку, канцлагера і псіхбальніцы». Сталінскія метады кіравання асуджае. Жанаты з украінскай камуністкай Валянцінай Сенчанка.
Каментары