Усяго патроху88

Кінапрадзюсарка Воля Чайкоўская пра трылінгвізм, рэчы і самае каштоўнае ў жыцці

У нашай штотыднёвай рубрыцы «Пяць рэчаў» расказваем пра тое, што з’яўляецца важнай часткай жыцця розных беларусаў. Сёння пра свае рэчы-сімвалы нам расказвае паэтка, прадзюсарка, дырэктарка і заснавальніца фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

— Упершыню я трапіла ў скандынаўскія краіны ў 2014 годзе. Яшчэ тады адчула, што ў гэтых мясцінах мне нібыта вальней дыхаецца. Павага да іншага, тактоўнасць адчуваюцца там ва ўсёй камунікацыі. Акрамя гэтага, мне як творчаму чалавеку там камфортна ў плане разнастайнасці і выбару: там больш галерэй, мастацкіх практык і магчымасцяў для развіцця ў галіне культуры і кіно.

Я вельмі радая, што сёння ў мяне гарманічна атрымліваецца спалучаць досвед і кінавытворцы, і жанчыны, якая дае людзям пляцоўку для дэманстрацыі гатовага прадукту. Памятаю, у студэнцтве людзі больш сталага ўзросту раілі хутчэй зрабіць свой выбар і займацца нечым адным. Я згодная, што фокус на чымсьці канкрэтным — гэта вельмі класна, але што мне перашкаджае трымаць яго адразу на двух кірунках?

Калі я рабіла першы кінафестываль «Паўночнае ззянне», то не ведала, што ён стане штогадовым. Не здагадвалася, што з гэтага выйдзе. Але мы ўпэўнена нарошчваем масу, кантакты і магчымасці. Наступны год для фэсту будзе юбілейным (5-годдзе), і планы ў мяне глабальныя.

Летам фестываль набыў форму кінашколы, дзе ў свабодным фармаце я распавядаю пра рэжысёраў, кірункі, жанры, віды, метады, як рабіць і глядзець кіно, ці варта арыентавацца на рэйтынгі на Кінапошуку ды IMDB і гэтак далей. Дзялюся сваімі ведамі па прамоцыі і прадзюсіраванні дакументальнага кіно. У пэўны момант адчула патрэбу перадаваць веды іншым. Я веру ў добрую каманду і плённае, доўгатэрміновае партнёрства. Таму зацікаўленая дзяліцца тым, чаму навучылася.

У дадзены момант я прадзюсірую некалькі праектаў. Два з іх цяпер на стадыі пост-прадакшн. Першы — рэжысёра Максіма Шведа з рабочай назвай «Мастацтва ЖЭС-арту» пра феномен фупрыматызму, які ствараецца супрацоўнікамі беларускіх ЖЭСаў, калі яны замалёўваюць розныя малюнкі, тэгі, графіці. Другі праект — «Бабуля і мора перамен», рэжысёра Сашы Міхалковіча. Гэта сямейная сага на фоне геапалітычнага канфлікту, якую мы здымалі ва Украіне.

У мяне ў прынцыпе існуе набор тэм, якія мне заўсёды цікавыя: гендар, самавызначэнне, ідэнтычнасць, новы нацыяналізм, нейкія культурныя эксперыменты, сацыяльныя пераўтварэнні… Калі брацца за кіно, то за такое (прынамсі на дадзеным этапе свайго светабачання ў мяне такія прэферэнцыі).

Што тычыцца рэчаў, то абраць самыя важныя было няпроста. Я не «рэчыстка», не захапляюся рэчамі самімі па сабе. Таму я паспрабавала падабраць рэчы-сімвалы, якія ахопліваюць нейкія экзістэнцыяльныя паняткі, нешта, да чаго я не абыякавая.

Цацка, зробленая непальскімі жанчынамі

Гэта цацка дацкага брэнда Menu, які падтрымаў працу непальскіх жанчын. Там жанчыны моцна дыскрымінуюцца і іх праца не цэніцца, хаця яны шмат робяць рукамі.

Дацкі брэнд прадае цацкі, зробленыя непальскімі жанчынамі, такая праца каштуе каля 50 еўра, а выручка з продажаў ідзе менавіта майстрыхам.

Я заўсёды любіла мяккія цацкі — яны для мяне пра цеплыню, таму мне дарылі іх і сябры, і хлопцы ўжо ў дарослым узросце. Цацкам я заўсёды давала мянушкі: мядзведзь Амлет, заяц Шпінат, папугай Вуду-птушка.

Канкрэтна гэты мядзведзь на фота безаблічны і мянушкі не мае. Але я яго вельмі люблю, кладу яго з сабой у чамадан, калі збіраюся ў вандроўку. А яшчэ ён падабаецца маёй котцы: яна любіць з ім гуляцца, і каб яна моцна не драла мядзведзя, я часам абліваю яго эфірным алеем з мелісай.

Кніга. Эсэ Бродскага

Я вельмі люблю Бродскага, і гэтая кніжка — як сімвал майго захаплення літаратурай у тым сэнсе, што я яе яшчэ і сама ствараю, не толькі чытаю.

У дадзены момант я рыхтую трэці зборнік, першыя рукапісы для якога былі створаныя яшчэ ў 2016 годзе. Цяпер усё гатова, засталося толькі вызначыцца з дызайнам і абраць выдаўца. Пасля я думаю запусціць краўдфандынг.

Канкрэтна гэтая кніжка не вершы. Гэта эсэ пра Венецыю, арыгінал якога пісаўся на ангельскай мове. Ёсць тут і рускамоўны аўтапераклад. Для мяне важны момант білінгвізму, што тут прысутнічае, таму што гэта вельмі шмат пра тую сітуацыю, у якой мы жывем у Беларусі. А для мяне нават і трылінгвізму, таму што ў мяне шмат камунікацыі на ангельскай.

Памятаю, калі вучылася ў 8-м класе і пасля алімпіяды па беларускай мове перайшла на яе цалкам (на ўсю школу ў Віцебску, дзе я вучылася, нас такіх было дзве дзяўчыны), настаўніца рускай мовы распавяла мне пра сваю сяброўку з Лондана, якая таксама размаўляе па-беларуску, але лёгка пераключаецца на любую іншую з ёй вядомых. Для мяне на той момант гэта было нерэальна: як толькі стала размаўляць па-беларуску, нібыта забыла ўсе рускія словы. Сёння я магу лёгка пераключацца і на рускую, і на ангельскую — і гэта крута.

Кінахлапушка і «Паўночнае ззянне»

З гэтымі рэчамі ўсё відавочна. Яны пра тое, чым я жыву і чым займаюся. Хлапушку падарылі сябры, на ёй напісаная назва маёй кампаніі Volia Films. Цяпер толькі засталося займець крэсла з вялікім надпісам: ПРАДЗЮСАРКА. Як бываюць на буйных здымачных пляцоўках. А «Паўночнае ззянне» — гэта далёка не рэч, канечне, але важная частка майго жыцця, мой праект, які з’яўляецца больш неабдымным і важкім, чым любыя матэрыяльныя рэчы.

Гадзіннік

Гадзіннік Marc Jacobs — адзін з трох, што ў мяне ёсць. Ён скарыў сваёй лаканічнасцю і дыспрапорцыяй: такі вось вялікі экран і побач тонкі ланцужок.

Гадзіннікамі я карыстаюся пастаянна, бо стараюся правільна размяркоўваць свой час. Не заўсёды атрымліваецца, але я над гэтым працую.

На мой погляд, час — адна з самых каштоўных рэчаў у нашым жыцці. Ён нікога не чакае. Але адчуванне, што з узростам я станаўлюся толькі лепш — вельмі прыемнае. Толькі з часам, пераадольваючы розныя жыццёвыя перашкоды, праходзячы праз самы розны досвед, мы знаходзім шлях да саміх сябе, становімся сабой.

Калі я вучылася на журфаку, то выглядала як сапраўдная хіпі: фенечкі на адной руцэ і другой, амаль да локця, пацеркі… Цяпер мне больш па душы мінімалізм: на маім целе заўсёды прысутнічаюць толькі гадзіннік, завушніцы, бранзалет.

Макбук

Я набыла яго ў 2015 годзе пасля таго, як зразумела, што працаваць на старым лэптопе больш проста немагчыма. Сваіх грошай у мяне на той момант на новы ноўт не хапала, я іх пазычала.

Я лічу, класны, эфектыўны камп — гэта адна з самых добрых інвестыцый для працоўнага чалавека. Для мяне камп’ютар і зручнасць працы — гэта вельмі важна. Там унутры ўсё — і дзённікі, і вершы, і працоўная інфармацыя, і мантажныя праграмы…

Каментары8

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ29

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы1

«Чым больш цемры, тым больш патрэбныя ліхтарыкі». Уладзімір Пугач — пра надзею, Максіма Знака і першы аўтобус да Мінска1

Прапануюць бясплатна пажыць на выспе ля берагоў Уэльса — тым, хто гатовы лічыць тупікаў і іншых жывёл

Памёр экс-намеснік міністра культуры, дыпламат Васіль Чэрнік

Мінэнерга: Людзі павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах8

12‑гадовы хлопчык у рэанімацыі пасля катання на цюбінгу3

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна2

Уначы над Беларуссю бачылі Снежны Месяц ФОТЫ

Bad Bunny выйграў «Грэмі» за найлепшы альбом года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ29

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць