Грамадства1818

Сацыёлаг Манаеў, які эміграваў у ЗША: Прычына майго невяртання выключна палітычная

Алег Манаеў у Менску, сьнежань 2014 году

Беларускі сацыёляг, прафэсар Алег Манаеў, былы кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД) цяпер жыве ў ЗША. Ён распавядае пры прычыны сваёй вымушанай палітычнай эміграцыі, тлумачыць, чаму постсавецкія эмігранты галасуюць за рэспубіканцаў, разважае пра сацыяльную рэвалюцыю ў Беларусі і магчымасьць прыходу да ўлады новага прыхільніка «цьвёрдай рукі».

Рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады

Вы вось ужо некалькі гадоў жывяце ў ЗША. Што стала галоўнай прычынай вашага ад’езду? Разгром незалежнай сацыялёгіі ўладамі Беларусі, у выніку чаго ў вас зьнікла магчымасьць займацца любімай справай, якой вы аддалі 20 гадоў? Ці можа прычыны былі больш празаічныя — побытавыя і сямейныя?

— Вясной 2015 году мяне запрасілі чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэт Тэнэсі, а праз год супраць нас падняліся новая хваля рэпрэсіяў: БТ паказаў «спэцыяльны рэпартаж» — «Прымат НІСЭПД», у якім абвінавачваў інстытут у фальсыфікацыі апытаньняў грамадзкай думкі і наўпрост апэляваў да праваахоўных органаў. Дзясяткі людзей апынуліся пад пагрозай крымінальнага перасьледу. У выніку сетка інтэрвіюераў апынулася разбуранай, і мы вымушаныя былі спыніць шматгадовыя апытаньні грамадзкай думкі. Афіцыйную заяву Сусьветнай асацыяцыі па вывучэньні грамадзкай думкі (WAPOR), якая аспрэчвае абвінавачваньні НІСЭПД у фальсыфікацыях, беларускія ўлады праігнаравалі. А «спэцыяльны рэпартаж» БТ неўзабаве атрымаў прыз на II фэстывалі дакумэнтальных фільмаў СНД за «расьсьледаваньне, якое дасягнула мэты».

Наступныя «справы» з кіраўніцтвам незалежнага прафсаюзу РЭП і незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН разьвіваліся па такой жа схеме: судовы працэс і крымінальнае расьсьледаваньне па іх ідуць да гэтага часу. Так што прычына майго «невяртаньня» — выключна палітычная, ніякіх бытавых або сямейных прычынаў для гэтага не было. Зрэшты, ацэньваючы сытуацыю рэтраспэктыўна, можна сказаць, што справа да гэтага ішла даўно: рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады.

Ці ўдалося вам знайсьці ў ЗША нейкую працу, зьвязаную з вашымі прафэсійнымі інтарэсамі і здольнасьцямі ці вы не ставілі сабе такой задачы?

— Я ўдзельнічаю ў навукова-дасьледчай працы ва Ўнівэрсытэце Тэнэсі, а выкладаю ў іншым унівэрсытэце (чытаю курсы па сусьветнай гісторыі камунізму і па ўраду ЗША). Так што прафэсійную форму падтрымліваю. Але мушу заўважыць: каб рабіць пасьпяховую кар’еру на Захадзе, трэба пачынаць не ў 63, а ў 23 ці 33 гады.

Постсавецкія эмігранты зьбеглі з СССР менавіта ад таго, да чаго заклікаюць многія дэмакраты

Вы жывяце ў штаце Тэнэсі. Гэта сярэдзінная Амэрыка, якая галасавала за Трампа. Што звычайныя амэрыканцы кажуць пра яго, як яны ўвогуле абмяркоўваюць палітыку?

— Так, «сярэдзінная Амэрыка», асабліва тут, на Поўдні — традыцыйна галасуе за рэспубліканцаў. Простыя амэрыканцы, зь якімі мне даводзіцца мець зносіны, часьцей кажуць пра Трампа, які ён «круты» і «дае прыкурыць» вашынгтонскаму істэблішмэнту. Прадстаўнікі сярэдняй і вышэйшай клясы пераважна кажуць пра палітыку Трампа: напрыклад, аб зьніжэньні падаткаў, аб стварэньні лепшых умоў для прыватнага прадпрымальніцтва, аб барацьбе з нелегальнай іміграцыяй, аб зьніжэньні выдаткаў за мяжой.

Продаж атрыбутыкі для прыхільнікаў Дональда Трампа
Продаж атрыбутыкі для прыхільнікаў Дональда Трампа.

Але ва ўнівэрсытэцкіх кампусах палітычны клімат зусім іншы: нават тут ён застаецца лібэральным, з крытычным стаўленьнем да Трампа і яго палітыкі.

У той жа час трэба мець на ўвазе, што ў асабістых зносінах у ЗША не прынята абмяркоўваць палітыку і наогул выказваць палітычныя погляды. Але ў публічнай прасторы — падчас выбарчых кампаній, у традыцыйных і сацыяльных мэдыя, лякальных адкрытых дыскусіях (напрыклад, у публічных бібліятэках) палітычныя дэбаты ідуць пастаянна. Яны ясна паказваюць, што раскол у амэрыканскім грамадзтве істотна павялічыўся.

Чым можна патлумачыць тое, што постсавецкія эмігранты ў ЗША пераважна за Трампа?

— Постсавецкія эмігранты традыцыйна галасуюць за Рэспубліканцаў, бо яны зьбеглі з СССР менавіта ад таго, да чаго заклікаюць многія дэмакраты: узрастаньня ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах жыцьця, рэгуляваньні за ўсё і ўся, павелічэньню сацыяльных выдаткаў, ураўнілаўкі, пераразьмеркаваньня грамадзкага багацьця «зьверху ўніз». Хоць большасьць амэрыканскіх левых прама не заклікаюць да сацыялізму, нашы людзі на сваім вопыце ведаюць, да чаго непазьбежна прыводзіць такая палітыка.

— Ды ўжо ў рамках Дэмакратычнай партыі ёсьць частка палітыкаў, якія заяўляюць менавіта пра сацыялізм. А ўвогуле тое, што адбываецца ў сьвеце апошнія гады — Трамп, Брэксіт, рост правых, папулісцкіх, антыімігранцкіх рухаў — чым гэта можна патлумачыць і як вы да гэтага ставіцеся?

— На мой погляд, самая галоўная прычына — глябалізацыя, перш за ўсё, эканамічная: свабоднае перасоўваньне грошай, тавараў, людзей. За апошнія пяцьдзесят гадоў велічэзныя амэрыканскія капіталы перацяклі ў замежныя краіны. Усьлед за імі «перацякла» і вытворчасьць (выдаткі там меншыя, а прыбыткі большыя). У сваю чаргу, сюды «перацяклі» мільёны мігрантаў (у тым ліку і нелегальных), танная рабочая сіла, галоўным чынам з Лацінскай Амэрыкі і Азіі. Як вынік, мільёны грамадзян ЗША страцілі добра аплачаную працу і звыклы лад жыцьця, цэлыя рэгіёны трапілі ў дэпрэсію.

Іншая, калі казаць менавіта пра ЗША, вельмі важная прычына — пашырэньне грамадзянскага правоў для мільёнаў амэрыканцаў, якое пачалося ў 1960-я гады. Наступствам гэтага стала ўзрастаньне ролі самых розных меншасьцяў і паліткарэктнасьці. Гаворка ідзе не толькі аб палітычным дыскурсе, але і пра шматмільярдныя выдаткі на адпаведную сацыяльную палітыку. Гэта таксама ўзмацніла незадаволенасьць многіх простых белых амэрыканцаў, якое і выказаў Трамп.

Мне асабіста многае ў гэтым не падабаецца. Але як сацыёляг я стараюся разглядаць любыя зьявы не ў катэгорыях «падабаецца — не падабаецца», «добра — дрэнна», а ў катэгорыях «аб’ектыўна — неаб'ектыўна», «незаканамерна—заканамерна». І глябалізацыя, і пашырэньне грамадзянскіх правоў — як у ЗША, так і ва ўсім сьвеце — заканамерныя працэсы, выкліканыя аб'ектыўнымі прычынамі. Гэтыя працэсы прыводзяць і да станоўчых, і да адмоўных наступстваў.

Праблема ў тым, што «аддзяліць» адно ад другога немагчыма, можна толькі неяк зьмякчыць, змікшыраваць адмоўныя наступствы (напрыклад, наплыў мігрантаў у краіны Захаду). Спыніць гэтыя працэсы, павярнуць іх назад — значыць спыніць разьвіцьцё чалавечай цывілізацыі (у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем), фігуральна кажучы, «засунуць пасту назад у цюбік».

Сутнасьць не мяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай

— Нярэдка людзі, якія эмігруюць з Беларусі, пачынаюць глядзець на Беларусь трошкі зь іншага ракурсу, у нейкім новым аспэкце. Адны раптам пачынаюць у сваёй радзіме бачыць толькі добрае, станоўчае і захлістваюцца настальгіяй, іншыя — наадварот. З вамі нешта падобнае адбылося? На нейкія рэчы вы паглядзелі па-новаму?

— Ні настальгіі, ні непрыняцьця я не адчуваю. Калі нешта і зьмянілася ў маім позірку, дык гэта, бадай, «вугал гледжаньня». І на Беларусь, і на ЗША і на іншыя краіны я ўсё больш гляджу праз прызму глябальнага разьвіцьця, як рэтраспэктыўнага, гэтак і пэрспэктыўнага. Але гэта зьмена ўзьнікла ня сёньня. З 1990 года я правёў за мяжой амаль дзесяць гадоў, вопыт жыцьця і працы ў дзясятках краін непазьбежна фармуе гэты «вугал гледжаньня». Напрыклад, з беларускім студэнтамі я дзяліўся сваім амэрыканскім досьведам, а з амэрыканскімі — беларускім.

— Гадамі ў якасьці сацыёлага НІСЭПД вы фіксавалі грамадзкія настроі ў Беларусі, рабілі на падставе апытаньяў пэўныя аналітычныя высновы. Як памянялася беларускае грамадзтва за гэтыя 20 гадоў? Па якіх пытаньнях і накірунках можна назіраць самыя радыкальныя зьмены?

— Самай важнай зьменай я лічу перамены ў сацыяльнай структуры беларускага грамадзтва. Аналіз дадзеных шматгадовых апытаньняў НІСЭПД паказвае, што за апошнюю чвэрць стагодзьдзя ў Беларусі адбылася маштабная «ператусоўка»: адны сацыяльныя групы, а гэта мільёны людзей, фігуральна кажучы, «апусьціліся», а іншыя «падняліся». І, хоць гэты працэс не суправаджаецца татальным гвалтам і разбурэньнем ранейшага парадку, як у часы гістарычных сацыяльных рэвалюцый, гэтая «ціхая рэвалюцыя» таксама прыводзіць да вельмі сур’ёзных наступстваў: пераразьмеркаваньня ўлады і ўласнасьці, доступу да такіх важных сацыяльных рэсурсаў, як ахова здароўя, адукацыя і культура.

Напрыклад, дзеці прадстаўнікоў дзяржаўнай бюракратыі, сілавікі, «прыдворны» бізнэс мае сёньня зусім іншы жыцьцёвыя пэрспэктывы, чым дзеці рабочых, спэцыялістаў або індывідуальных прадпрымальнікаў. Інакш кажучы, павялічылася сацыяльна-эканамічная і грамадзка-палітычная няроўнасьць. Прычым гэты працэс ідзе не столькі спантанна, колькі мэтанакіравана стымулюецца ўладамі.

25 сакавіка 2017 году
25 сакавіка 2017 году

Што тычыцца сур'ёзных палітычных і эканамічных зьменаў, шчыра кажучы, я іх не бачу. Так, пэрыядычна нават незалежная прэса і крытыка ўлады, не кажучы ўжо пра афіцыёзе, з натхненьнем разважаюць пра прагрэс: напрыклад, пра «лічбавую эканоміку», пра «тэхнакратычны ўрад», пра «шматвэктарную зьнешнюю палітыку», пра «мяккую беларусізацыю» і гэтак далей. Але ўсё гэта аказваецца «дымавой заслонай», якая хавае нязьменнасць палітычнага курсу. Калі яна расьсейваецца, становіцца ясна, што сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай.

— Галоўнае пытаньне, адказ на які хочацца і адначасова страшнавата пачуць. У тым, што Беларусь там, дзе яна ёсьць — гэта віна выключна ўлады ці гэта адпавядае стану грамадзтва? То бок калі ўлада нейкім чынам зьменіцца — мы шчыльнымі радамі выйдзем на вольны прастор ці гэта грамадзтва захоча новай моцнай рукі?

— На гэтае пытаньне нельга адказаць аднаскладова. Так, у Беларусі былі і ёсьць мільёны людзей, якія не падтрымліваюць цяперашнюю палітыку, хто хоча жыць пры дэмакратыі, рынкавай эканоміцы і прававой дзяржаве. Але ў 1994 годзе яны апынуліся ў меншасьці, і з таго часу іх пазыцыі толькі саслаблі. Лукашэнка прэзыдэнт іншай Беларусі — мільёнаў людзей, якіх яго палітыка ці задавальняе, ці яны настолькі не ўпэўнены ў сваіх пэрспэктывах пры кардынальнай зьмене ўлады, што аддаюць перавагу «сініцы ў руках».

Сёньня гаворка ідзе не столькі пра мільёны «абяздоленых беларусаў», спадзевы якіх калісьці выказваў малады Лукашэнка, колькі пра цэлыя пласты грамадзтва, сфарміраваных у выніку мэтанакіраванай «ператасоўкі» сацыяльнай структуры, якія кроўна зацікаўленыя ў цяперашнім становішчы. І так проста яны ад яго не адмовяцца. Думаю, ня варта мець ілюзіяў, што зьмена прэзыдэнта абавязкова прывядзе да жаданых пераменаў — рэальная дэмакратыя, рынкавая эканоміка, прававая дзяржава і шлях у Эўропу.

Шанец на гэта ёсьць, але за яго трэба змагацца. Так, мільёны людзей чакаюць пераменаў, але зусім не такіх, якіх чакаем мы. І новая «цьвёрдая рука», падтрыманая Масквой, на маю думку, цалкам імаверная.

Каментары18

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У фінскім серыяле расіяне высаджваюць дэсант з самалёта «Белавія». Што робяць Суомі?

У фінскім серыяле расіяне высаджваюць дэсант з самалёта «Белавія». Што робяць Суомі?

Усе навіны →
Усе навіны

Прайшоў другі этап абмену расійска-ўкраінскага абмену ваеннапалоннымі. Абмянялі і аднаго беларуса2

Стала вядома, каго з расійскіх вайскоўцаў лячылі ў бальніцах Гомельшчыны ў пачатку вайны13

«Выскачыць на вуліцу ў кароткіх спаднічках — гэта вы маглі. І ўсіх гвалтавалі там». Лукашэнка ўспомніў кіношнікам 2020-ы і заклікаў спыніцца23

«Вы за ўсё адкажаце». Беларусам на прайдзе ва Уроцлаве таксама пагражалі невядомыя53

«Вакол вайна, вакол бушуе. Вазьміце Фінляндыю». Лукашэнка прачытаў кіношнікам лекцыю па міжнародным становішчы10

Еўракамісія прапануе знізіць верхнюю мяжу цаны на нафту1

Telegram: Мы ніколі не раскрывалі прыватныя паведамленні трэцім асобам6

Да ветэранаў спецназа Паўлічэнкі прыязджаў незвычайны госць: беларус, але мусульманін3

Зніклі крыжы на могілках у Гудагаі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У фінскім серыяле расіяне высаджваюць дэсант з самалёта «Белавія». Што робяць Суомі?

У фінскім серыяле расіяне высаджваюць дэсант з самалёта «Белавія». Што робяць Суомі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць