Сюрпрыз ад выканкама — 26 тысяч за інжынерныя сеткі. «Не аплацім — электраацяплення не будзе»
Каб абаграваць свой новы дом электрычнасцю па нізкім тарыфе, у жыхаркі Барысава Раісы ўжо ўсё прадугледжана: дазволеная да выкарыстання магутнасць сеткі — 30 кВт, электравадзяныя падлогі і асобны лічыльнік. «Прэзідэнт абяцаў стымуляваць энергаспажыванне з уводам АЭС, таму мы сістэму ацяплення рабілі ў разліку на танную энергію», — кажа яна. Аднак яе дом цяпер ацяпляецца камінам і абагравальнікамі — энергасеткі адмаўляюцца пламбіраваць лічыльнік на электраацяпленне. Прычына — мясцовы выканкам адмаўляецца ўводзіць дом у эксплуатацыю, пакуль Раіса не выплаціць 26 тысяч рублёў кампенсацыі за інжынерныя сеткі на ўчастку.
Участак на новай вуліцы Шпітальнай Раіса купляла ў сакавіку 2017 года з аўкцыёна. У апісанні аўкцыённага лота на сайце выканкама і ў газеце «Адзiнства» было паказана, што зямельныя надзелы маюць электрычнасць, ваду і газ, таму ахвотных іх купіць было дастаткова. Адпаведна, кошт зямлі ў ходзе таргоў сур'ёзна вырас — да 40 тысяч рублёў за 9 сотак. Насамрэч камунікацый у гэтым раёне не аказалася.

— Мы з суседзямі хадзілі да нашага старога мэра на прыём, пыталіся ў яго, дзе ж камунікацыі? — распавядае Раіса. — Ён нам сказаў, што гэта ў мясцовай газеце нешта наблыталі. Але ж усім зразумела, што рэдакцыя перадрукавала інфармацыю з сайта выканкама. Увогуле, пытанні з сеткамі пачалі вырашацца ўжо пры новым кіраўніцтве горада — у пачатку 2018 годзе на вуліцы зрабілі вадаправод, правялі электрычнасць, выпрасталі дарогу. З суседзямі стварылі кааператыў і за свой кошт правялі цэнтральную каналізацыю.
Дом Раісы пабудаваўся ў сціслыя тэрміны — 20 снежня 2018 года яна падала заяву аб пачатку працэдуры ўводу ў эксплуатацыю. Акты ўводу падпісалі і ў водаканале, і ў энерганаглядзе.

— Усе службы былі пройдзены, і раптам нам у аддзеле архітэктуры кажуць выплаціць кампенсацыю за інжынерныя сеткі на ўчастку, згодна з пастановай Саўміна № 298, інакш дом у эксплуатацыю не увядуць. І выстаўляюць рахунак — 26 тысяч рублёў, — кажа Раіса. — Гэта стала для нас шокам — калі мы куплялі ўчастак, ніхто нам не казаў пра існаванне гэтай пастановы, у дамове таксама пра гэта няма. І калі мы атрымлівалі дазвол на будаўніцтва ў выканкаме — таксама ніхто ні слова, ні паўслова. На прыёме ў райвыканкаме нам сказалі, што няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Але тут жа зусім іншая — з юрыдычнага пункту гледжання гэта парушэнне дамоўных адносін.

Паводле той жа пастановы № 298, перад тым як выдаць дазвол на будаўніцтва, нам павінны былі паведаміць пра гэта.
Пазней высветлілася, што землеўпарадкавальнай службай пры ацэнцы кадастравага кошту ўчастка камунікацыі не былі ўлічаныя. Затое іх не забылі ў УКБ.
— Ва УКБ я папрасіла разлік — за што я павінна заплаціць і колькі каштавала будаўніцтва гэтых сетак.

У лісце УКБ Барысаўскага раёна тлумачыцца, што сума кампенсаваных выдаткаў на будаўніцтва, у тым ліку праектаванне, аб'ектаў размеркавальнай інжынернай і транспартнай інфраструктуры да зямельным участку разлічваецца згодна з зацверджанымі удзельнымі паказчыкамі па Барысаўскім раёне і прадастаўленым магутнасцям аб'ектаў інфраструктуры да хаты. То бок, гэтая сума не залежыць ад фактычных затрат па праектаванні і будаўніцтву інжынерных сетак для участкаў на вуліцы Шпітальнай.
— Чаму я як плацельшчык не маю права ведаць, колькі гэта каштавала? Калі мы за свой кошт будавалі каналізацыю, то ўсё было гранічна зразумела, за што і колькі мы плацім. Гэтак жа павінна быць і з іншымі сеткамі - магчыма, жыхарам вуліцы танней было б правесці гэтыя камунікацыі — і электрычнасць і ваду — за свой кошт.
Вось які разлік прадаставіў УКБ:

Кампенсацыя за вадаправод склала 170,32 рубля.

Даражэй за ўсё — рахунак за электрасеткі. 25 тысяч рублёў.

Не забыліся пра дарогу — яшчэ 806 рублёў. Разам — 26 тысяч рублёў.
Участак на вуліцы Шпітальнай у Барысаве пры такіх раскладах становіцца «залатым» — з улікам сумы кампенсацыі ён абыдзецца ў 66 тысяч рублёў. Раіса кажа, што калі б пра дадатковыя выдаткі ведала загадзя, то наўрад ці яна купляла гэтую зямлю.
— У нас двое дзяцей, іншай жылплошчы няма, усе сілы, грошы, у тым ліку крэдытныя, кінулі на будаўніцтва гэтага дома, — кажа Раіса. — Гэтая сума для нас непасільная. Калі людзям трэба будзе гэта ўсё аплачваць, то дзяржаве варта было б прадугледзець растэрміноўку — як такую суму можна адразу выплаціць з заробкам у 700-800 рублёў? Мы збіраемся звяртацца з заявай у Мінскаблвыканкам аб праверцы гэтых разлікаў. Магчыма, што прыйдзецца звяртацца яшчэ і ў суд.

Зараз дом Раісы абаграваецца фактычна за кошт каміна і абагравальнікаў: падключаць электрападлогі да бытавой сеткі, а не выдзеленай для гэтага асобнай лініі нельга — яна не разлічана на такія нагрузкі. І пакуль дом не ўведзены ў эксплуатацыю, электрасеткі па законе не могуць апламбаваць лічыльнік на ацяпленне. За спажытую электраэнергію даводзіцца плаціць па 18 капеек за кВт замест 3,35 (па тарыфе на ацяпленне, дзеючым з 1 студзеня 2019 года).
Каментары