Гісторыя88

«1683». Адзін з самых старых у Беларусі помнікаў захаваўся ў вёсцы пад Ляхавічамі

На заходнім ускрайку вёскі Патапавічы, пры старым гасцінцы, што злучае Ляхавічы і Клецк, стаіць з дзясятак шэрых, па-майстэрску апрацаваных камянёў розных формаў. Калі прыглядзецца, можна пабачыць на іх крыжы ў лацінскай і грэчаскай традыцыі, а таксама надпісы «IHS» (варыянт запісу імя Ісуса Хрыста) і «MARIA». Загадку помніка разгадаў гісторык, кандыдат гістарычных навук Павел Булаты.

Камяні ў вёсцы Патапавічы на гістарычнай Наваградчыне (цяпер Ляхавіцкі раён).

Калі распытаць мясцовых пра гэтыя камяні, топавай будзе легенда, што калісьці там рос вялікі лес і адной цёмнай зімовай ноччу, пры моцнай завеі, праз яго ішлі манахіні. На іх напалі ваўкі і з’елі, а камяні — памяць пра іх.

Яшчэ можна пачуць аповед, што камяні паставілі ўдовы па сваіх мужах, якія пайшлі на вайну і не вярнуліся. Таксама кажуць, што гэта «шведская магіла». Цікавая праява народнай памяці! Шведскія войскі сапраўды стаялі тут у 1706 годзе падчас Вялікай Паўночнай вайны і адзначыліся жорсткім рабаўніцтвам. Але ўсё ж гэта фальклор.

Хоць у гістарычных дакументах пакуль не выяўлена звестак пра паходжанне помнікаў, ёсць адна нітачка. Гэта дата, выбітая на трох камянях: 1683.

У той год у Наваградскім павеце і Вялікім Княстве Літоўскім нічога векапомнага не адбывалася: працаваў сойм, суды выносілі рашэнні, краіна крок за крокам аднаўлялася ад цяжкай вайны з Расіяй… А вось у гісторыі Еўропы год 1683-і адзначаны эпахальнай падзеяй. 12 верасня 1683 года пад Венай адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднанымі войскамі Святой Рымскай імперыі і Рэчы Паспалітай на чале з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам III Сабескім і войскам Асманскай імперыі пад камандаваннем візіра Кара Мустафы.

Асманская імперыя на працягу стагоддзяў заваёўвала і падпарадкоўвала ўсё новыя і новыя землі. Туркі ўжо заваявалі паўднёва-ўсходнюю Еўропу, балканскія і румынскія княствы, зламалі супраціўленне Венецыі і захапілі Крыт, заваявалі частку Венгрыі, захапілі ў Рэчы Паспалітай Падолле (паўднёвы захад Украіны) з горадам Камянец-Падольскі.

У 1682 годзе на землях сучаснай Славакіі выбухнула паўстанне супраць імператараў Габсбургаў. Туркі скарысталі момант і рушылі на Вену. Ян Сабескі рушыў на дапамогу саюзнікам.

Вырашальная бітва пачалася 12 верасня 1683 года. А 4-й гадзіне раніцы туркі пайшлі ў наступ, але сустрэлі моцны супраціў аўстрыйцаў і немцаў. 12 гадзін шалі перамогі схіляліся то на адзін, то на другі бок… Усё вырашылася а 17-й, калі падзеленая на чатыры часткі кавалерыя ў 20 тысяч шабляў пад асабістым камандаваннем Яна Сабескага спусцілася з пагоркаў і разбіла шэрагі туркаў. У той жа момант гарнізон Вены рынуўся ў атаку. Еўрапейскія войскі пачалі рух на ўсход. З Венскай бітвы распачаўся заняпад турэцкай магутнасці.

Харугвы з паветаў Вялікага Княства Літоўскага ў самой Венскай бітве ўдзелу не бралі: яны ахоўвалі подступы да горада. Але ў Дунайскай кампаніі войскі з княства ўдзельнічалі і страцілі ў паходзе па гарах Венгрыі блізу 1 000 ваяроў… Толькі што звязвае падзеі гераічнай Венскай бітвы і камяні ў вёсцы Патапавічы?

За адказам выпраўляемся ў 1783 год. Адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай… У дзяржаве праводзіліся рэформы… Патрэбна было вялікае свята, якое б умацавала патрыятычны дух народа. І тут падаспела дата — 100-годдзе перамогі пад Венай, слаўнай перамогі сармацкай зброі, вялікай дзяржавы на чале са слаўным каралём-ваяром.

Такой нагодай грэх было не скарыстацца. І вось па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага адбываюцца святкаванні, на якія было выдаткавана больш як 100 тысяч злотых.

Камяні ў Патапавічах з вялікай верагоднасцю з’явіліся якраз у той самы час. Віленскі каталіцкі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі валодаў Ляхавіцкім графствам, на землях якога знаходзілася вёска. Ці мог біскуп зладзіць мемарыял у сваім маёнтку? Лёгка! Трэба меркаваць, што і ўрачыстасці ў верасні 1783 года ў маёнтку таксама адбываліся. І месца ўстаноўкі камянёў не выпадковае: якраз пры дарозе, якая вядзе з Ляхавічаў у загарадную рэзідэнцыю каталіцкіх саноўнікаў.

Ігнацы Якуб Масальскі — асоба досыць незвычайная. Ён праводзіў рэформы, выступаў за вызваленне сялян ад прыгону і падтрымліваў ідэю ўсеагульнай адукацыі. Заклікаў святароў служыць на роднай мове парафіян. У 1790-я быў прыхільнікам Расіі, не падтрымаў Канстытуцыю 3 мая і паўстанне 1794 года і па асабістым загадзе Касцюшкі быў павешаны ў Варшаве. Праз год яго прах быў перавезены ў віленскі Кафедральны сабор. Карціна Францішка Смуглевіча.

З тых часоў мінулі стагоддзі. Народу пра Венскую перамогу перасталі нагадваць, вось людзі яе і забылі… Толькі Патапавіцкія камяні пад замшэлым крыжам стаяць пры дарозе маўклівымі сведкамі мінулага.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Вядучы СТБ Раман Пратасевіч пабраўся шлюбам трэцім разам44

Вядучы СТБ Раман Пратасевіч пабраўся шлюбам трэцім разам

Усе навіны →
Усе навіны

Лэдзі Гага стала мамай5

Зяленскі заявіў, што гатовы сустрэцца з Пуціным на саміце G20 у Маямі7

На дарогі выйшаў інавацыйны цягач МАЗ-Х13

Сацработніцу з самага ўсходу Беларусі асудзілі па палітычнай крыміналцы4

«Высокі такі хлопец, хакеіст». Падрабязнасці забойства цяжарнай мінчанкі12

Уцёк ад міліцыі, скраў браму і пайшоў ваяваць: серыйны злодзей з Бабруйска пакінуў нагу на «СВА»6

Жонка Ігара Шуневіча падстрэліла ў Зімбабвэ імпалу, ватэрбока і бабуіна78

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах64

Чарнякевіч: Не чакайце трыумфальнага шэсця беларускай літаратуры па Еўропе4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вядучы СТБ Раман Пратасевіч пабраўся шлюбам трэцім разам44

Вядучы СТБ Раман Пратасевіч пабраўся шлюбам трэцім разам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць