Культура33

У Вільні адкрылі незвычайны помнік Жыгімонту Аўгусту і Барбары Радзівіл, чыё рамантычнае каханне скончылася трагічна

Новы помнік у Вільні адмаўляецца ад класічнага падыходу да ўшанавання гістарычных асоб у аўтэнтычных строях, паказваючы фінал манаршага кахання праз прамую метафару смерці.

Залатыя копіі чарапоў Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл. Фота: фэйсбук Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы / Vika Petrikaitė

Урачыстае адкрыццё новай скульптуры «Жыгімонт і Барбара» адбылося 10 верасня 2026 года. Як паведамляе выданне Made in Vilnius, праект быў рэалізаваны на прыватныя ахвяраванні, а аўтарамі выступілі скульптар Гядзімінас Пекурас і архітэктарка Аўшра Гвільдзене, якія перамаглі ў творчым конкурсе яшчэ ў 2024 годзе.

Месцам для помніка выбраны камерны дворык, раскрыты ў бок віленскіх замкаў і ўтвораны адступленнем ад чырвонай лініі вуліцы Тадэвуша Урублеўскага мадэрнісцкага крыла мясцовай Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы. Дворык сімвалічна звернуты ў — былой рэзідэнцыі валадароў Вялікага Княства Літоўскага. За спінай жа самога помніка ўзвышаецца сцяна эклектычнага палаца Клеменціны Тышкевіч, галоўнай сядзібы бібліятэкі. 

Бібліятэка імя Урублеўскіх знаходзіцца побач з тэрыторыяй, дзе ў XVI стагоддзі стаяў палац Радзівілаў на Пушкарні, і недалёка ад Ніжняга замка. Паводле гарадскіх паданняў, менавіта ў гэтым раёне Жыгімонт Аўгуст загадаў перакінуць мост цераз раку Вільню (сёння яе рэчышча зменена) для таемных візітаў да каханай.

Адкрыццё помніка Жыгімонту Аўгусту і Барбары Радзівіл каля Бібліятэкі імя Урублеўскіх. Фота: фэйсбук Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы / Vika Petrikaitė

Пераможца творчага конкурсу быў вызначаны яшчэ ў снежні 2024 года, аднак рэалізацыя і ўсталяванне аб'екта занялі амаль два гады. Бюджэт праекта, згодна з першапачатковымі ўмовамі конкурсу, абмяжоўваўся сумай у 50 тысяч еўра. Фінансаванне цалкам забяспечылі прыватныя асобы, сярод якіх бізнэсмены браты Візбарасы, мецэнат Відмантас Марціконіс і былая кіраўніца бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта Біруце Буткявічэне.

Падчас цырымоніі адкрыцця арганізатары выкарысталі песню ісландскай спявачкі Б'ёрк «Pramotė» (Прамаці), выпушчаную ў 2024 годзе. Радкі з твора, дзе выканаўца называе свой чэрап «кафедральным саборам», сталі канцэптуальнай асновай для прэзентацыі. Дырэктар бібліятэкі Сігітас Нарбутас падчас выступу адзначыў, што скульптар стварыў для горада своеасаблівы двухвежавы сабор, які захоўвае памяць пра залаты век дзяржавы.

Помнік Жыгімонту Аўгусту і Барбары Радзівіл каля Бібліятэкі імя Урублеўскіх. Фота: фэйсбук Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы / Vika Petrikaitė

Скульптурная кампазіцыя кардынальна адыходзіць ад традыцыйных уяўленняў пра помнікі закаханым. Галоўны элемент — два залатыя чарапы — розныя па памеры мужчынскі і жаночы. Злева чэрап Жыгімонта Аўгуста, справа — Барбары Радзівіл. Іх анатамічныя дэталі сведчаць пра тое, што гэта не абстрактныя мастацкія вобразы, а дакладныя копіі арыгінальных чарапоў манаршых асоб.

Парэшткі Барбары Радзівіл у каралеўскай крыпце. Малюнак Людаміра Сляндзінскага. Фота: Wikimedia Commons

У 1931 годзе ў Вільні адбылася разбуральная паводка, якая затапіла цэнтр горада і падчас ратавальных прац у віленскай кафедры даследчыкі выпадкова натрапілі на схаваную з XVII стагоддзя каралеўскую крыпту, у якой сярод іншых былі выяўлены парэшткі Барбары Радзівіл з пахавальнымі інсігніямі.

Залатыя галовы пакладзеныя на падушку з шэрага граніту, з таго ж матэрыялу выкананы і пастамент, падобны да расцягнутай ушыркі калоны на невысокім стылабаце. На пярэднім баку выгравіраваны надпіс па-літоўску «Žygimantas Augustas » і «Barbora Radvilaitė», а пад ім змешчаныя асабістыя гербы.

Не ясна, ставіць гэта ў плюс аўтарам ці ў дакор, але варта адзначыць надзвычайны візуальны кантраст гэтага твора.

Залатыя чарапы выглядаюць парадаксальна «жывымі» дзякуючы сваёй анатамічнай дакладнасці і ўласцівасцям матэрыялу — ззянне літаральна льецца знутры пустых вачніц.

Аднак пастамент на кантрасце з імі выглядае штучным, халодным і бяздушным. Сама форма нагадвае калонку, якую ў камп’ютарнай праграме расцягнулі ўздоўж адной з восяў, а пасля аўтаматычны станок выразаў гэтую 3D-мадэль з цэльнага каменя. Іншы ж аўтамат нанёс гравіроўкі з характэрнымі слядамі механічнай, неручной працы. Ствараецца ўражанне, што ў пастаменце зусім няма чалавечай рукі.

Знаёмства пары адбылося ў 1544 годзе — роўна 482 гады таму. Пасля таемнага шлюбу ў Вільні ў ліпені 1547 года Барбара была ўрачыста каранаваная ў Кракаве ў снежні 1550 года. Аднак ужо ў маі 1551 года яна памерла пасля цяжкай хваробы. Выконваючы апошнюю волю жонкі, Жыгімонт Аўгуст пешшу ішоў за яе труной ад Кракава да Вільні. Цела вялікай княгіні і сёння спачывае ў капліцы Віленскага кафедральнага сабора.

Да сустрэчы з каралём Барбара Радзівіл жыла ў маёнтку Геранёны, будучы ў першым шлюбе з ваяводам троцкім Станіславам Гаштольдам. Таксама яе постаць стала асновай для самай вядомай беларускай гарадской легенды пра «Чорную панну Нясвіжа», паводле якой дух памерлай каралевы быў выкліканы Жыгімонтам падчас візіту ў нясвіжскую рэзідэнцыю Радзівілаў.

Скульптура Барбары Радзівіл аўтарства Уладаса Вільджунаса, усталяваная ў 1982 годзе. Фота: Go Vilnius

Да з'яўлення новай кампазіцыі Гедзімінаса Пекураса самым вядомым увасабленнем вобраза вялікай княгіні ў Вільні заставалася скульптура Уладаса Вільджунаса на вуліцы Нямецкай. Яна была створана ў 1982 годзе, і ў часы савецкай улады афіцыйна забаранялася называць помнік імем Барбары Радзівіл — у дакументах ён праходзіў выключна як дэкаратыўны гарадскі элемент. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Экспэртка
    12.09.2026
    Рэаліі Вільні: закрылі 10 кампаній - адкрылі нейкі помнік. Профіт.
  • Літвін
    12.09.2026
    Чарговае глумленне над нашаю спадчынаю.
  • мясцовы2
    12.09.2026
    Мадэль падушкі ўзята з каталогу ІКЕА

Цяпер чытаюць

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах12

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Усе навіны →
Усе навіны

«Залатая эпоха Амерыкі». Трамп на з'ездзе рэспубліканцаў пахваліў сваю працу5

Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадае калій у ЗША9

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі70

Беларуска нарадзіла тройню — усе дзяўчынкі. Цяпер просіць у Лукашэнкі кватэру ў Мінску, бо Год беларускай жанчыны19

«Сказаў таварышу: «Я сам дам рады». Футбаліст, які выратаваў жанчыну, расказаў, як усё адбылося

Самы дарагі прададзены ў жніўні катэдж сталіцы схаваўся насупраць «Мінск-Свету»

Знакамітую «сукенку помсты» прынцэсы Дыяны выставілі на аўкцыён4

Яну Пінчук адправілі на 15 сутак у ШІЗА пасля размовы ў калоніі з Артурам Гайко7

Самалёт у Расіі экстранна сеў праз недахоп паліва. Ён ляцеў праз Казахстан з-за беспілотнікаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах12

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць