Моды88

Стваральнікі адзення Honar: Сярод беларускіх дызайнераў у нас няма канкурэнтаў 

Некалькі гадоў таму здарыўся бум на вышыванкі. Стваральнікі брэнда Honar Павел Доўнар і Карына Адзесенка памятаюць, як на кашулю з арнаментам запісвалася чарга з 20 чалавек. У інтэрв’ю пара расказала, як год вынаходзіла фасон ідэальнага пінжака, ці вырас попыт на адзенне з беларускім каларытам, чаму ў іх няма канкурэнтаў, як ставяцца да Дня вышыванкі і ці лёгка весці бізнэс, калі вы муж і жонка.

«Да нас з Нідэрландаў хутчэй прыходзяць тканіны, чым з Оршы»

«Наша Ніна»: Як справы ідуць? Наколькі гэта паспяховы бізнэс — брэнд адзення з нацыянальным каларытам?

Павел Доўнар: Я не скажу, што ў нас бізнэс. Мы робім сваю справу. Бізнэс ва ўяўленні беларусаў — гэта калі прыдумаў схему ці знайшоў знаёмых у патрэбных кабінетах і атрымаў грошы. А ў нас хутчэй рамяство. Усё робіцца рукамі і мы нясём у свет некую ідэю. Для нас гэта важней, чым грошы.

Калісьці мы актыўна займаліся вытворчасцю відэа, але цяпер Honar — гэта асноўная наша справа, таму што патрошкі не атрымоўваецца рабіць. Калі пачыналі, думалі: ну паспрабуем, чаму б не, калі спадабаецца людзям, то, можа, нешта з гэтага выйдзе. Зрабілі швэдар, торбачкі і кашулі, напісалі пост у фэйсбуку: о, глядзіце, як файненька. Усе сказалі «файненька», і потым мы не ведалі, што рабіць: па начах шыць гэта ўсё ці як?

«НН»: Якія складанасці былі напачатку?

ПД: Шмат рознага. У нас даволі цяжка пачаць — нельга паспрабаваць «у гаражы». Трэба адразу ісці рэгістравацца, атрымліваць дакументы. А калі ў цябе не выгарыць, што рабіць?

Таксама з матэрыяламі былі пытанні. У нас ёсць Мытны звяз, які стварае праблемы для прывозу невялікіх партый тканіны з Еўропы. Зразумела, што мы не завод, мы не перепрацоўваем тысячамі метрамі тканіну. Нам 100 метраў — гэта шмат. А іх сюды прывезці — мытня, сертыфікацыя — рулон ужо стане залатым. І так людзі скардзяцца, што ў Honar дорага. Праўда, мы імкнёмся браць густам і якасцю.

«НН»: А варыянт дамовіцца на пастаўку тканін з «Камволем» ці Оршальном?

ПД: Мы ў мінулым годзе на «Камволі» замовілі тканіну. Яны месяц нам выстаўлялі рахунак, а потым перасталі адказваць на паведамленні. Аршанскі льнокамбінат адзін раз згубіў наш рулон у сябе на складзе. Шукалі некалькі тыдняў. Да нас з Нідэрландаў хутчэй прыходзяць тканіны, чым з Оршы.

Карына Адзесенка: Мы жартуем, што з Оршы рулоны проста ўручную кацяць.

«НН»: І што, так нічога і не атрымалі?

ПД: Не, атрымалі. Проста я прывёў прыклад, як яны супрацоўнічаюць з невялікімі кампаніямі. На «Камволі» правялі мадэрнізацыю, але, відаць, яны не хочуць працаваць. Ім не трэба. Зразумела, мы не бярэм тысячу метраў, але можам браць па 30—50 рэгулярна і паступова павялічваць аб’ёмы. Думаю, ім павінна быць цікава. А яны адказваюць: ведаеце, мы вам можам адгрузіць той рулон, які наш грузчык знойдзе на складзе, а не той, які вам патрэбен.

На мой густ, у «Камволя» да мадэрнізацыі тканіны былі лепшыя. Цяпер яны сталі такія бліскучыя — напэўна, для таго каб шыць чыноўнікам касцюмы. Раней былі больш самабытныя. Таму не трэба ім забываць старыя тканіны. А з Аршанскім камбінатам больш-менш нармальная супраца.

«Этнографы нас будуць крытыкаваць»

«НН»: Вы не дызайнеры па адукацыі. Гэта перашкаджае?

ПД: А ці трэба адмысловая адукацыя, каб працаваць журналістам? Тое ж самае і дызайнерам. Мне здаецца, у гуманітарнай сферы ты шмат дзе можаш знайсці прымянення свайму творчаму свету. Можа, мы не так глядзім як дызайнеры адзення, якія скончылі ВНУ. Але, думаю, мы не горш за іх робім. У нас больш паспяховы праект, чым у многіх дызайнераў. Магчыма, яшчэ і гены дапамагаюць — мой дзед Юзік быў першакласным краўцом.

«НН»: Але пакуль вынаходзілі мадэлі, шмат адбраковак было? Колькі дома ляжыць сапсаваных нагавіць, кашуль?

ПД: Я вам скажу, што мужчынскі пінжак мы год распрацоўвалі. Потым розных мадэляў штук пяць, напэўна, пашылі, пакуль нарэшце не зрабілі ідэальна. А так звычайна, калі новую калекцыю робіш і штосьці не падабаецца, то чарнавыя варыянты сябрам аддаеш, сам носіш.

«НН»: У Марк Фармэль неяк выйшаў світшот, дзе пераблыталі партрэт Барбары Радзівіл. Як вы правяраеце арнамент, выявы, якія змяшчаеце на адзенні?

ПД: Марк Фармэль — вялікая кампанія. Там чалавеку далі заданне, ён зрабіў, памыліўся, праверыць працу паленаваліся, і ўсё. А мы самі сабе плацім грошы і самі кантралюем. Калі рабіць, як для сябе, то такіх ляпаў не будзе. 

Мы не можам паехаць у экспедыцыю на месяц і закрыць шоу-рум, таму вывучаем літаратуру, супрацоўнічаем з беларускімі мастакамі, стараемся спраўджваць інфармацыю ў розных крыніцах. Некаторыя брэнды і кампаніі пасля карыстаюцца нашымі здабыткамі. Мы выпусцілі кашулі — а потым з’явіліся вышымайкі, нешта яшчэ. І мы рады, калі ідэя распаўсюджваецца, галоўнае, каб з густам. 

Этнографы нас будуць крытыкаваць. Мы ж не робім рэканструкцыю строю. Мы робім сучаснае адзенне. Першаснае ў нас — дызайн. А беларускі акцэнт дадае разынкі гэтаму ўсяму.

Безумоўна, ты павінен ведаць азы і гісторыю строяў, калі хочаш штосьці падобнае зрабіць. Але ўжо потым сам вырашаеш: узнаўляць гістарычны касцюм ці ствараць новае. Раней так не наносілі арнамент, як мы зараз, не рабілі блакітную кашулю з цёмна-сіняй вышыўкай. Але ў людзей, магчыма, не было блакітнай тканіны і цёмна-сініх нітак — быў светлы лён і чырвоныя ніткі. У той жа час беларускае павінна быць пазнавальным — мець свой стыль, адрознівацца ад украінскага, таму працягваем традыцыю беларускай «сціплай» вышыўкі.

«НН»: Якая з калекцый была самай прадавальнай?

ПД: Напэўна, тая, якую першай запускалі. Але ж многія калекцыі ў нас былі лімітаваныя і жадаючых набыць было больш, чым адзення. Скажу, што мужчынская кашуля займае большую частку нашых продажаў. Базавыя рэчы запатрабаваныя.

«НН»: Атрымліваецца, большасць пакупнікоў — мужчыны?

ПД: Не, жанчыны — бяруць адзенне ў падарунак ці мужа прыводзяць. У тым жа інстаграме калі жаночую сукенку публікуеш, яна набірае ў два ці тры разы больш лайкаў, чым мужчынская кашуля.

«НН»: Вы калі пачыналі, самі сядзелі за вышывальнымі машынкамі. Так і дагэтуль? Наёмных швачак няма?

ПД: Зараз робім самі. Мы шукаем партнёраў на пашыў, але сталых надзейных пакуль не знайшлі. Шмат пытанняў у нас да беларускіх бізнэсаў. Большасць робяць на «адчапіся», і якасць нас не задавальняе.

Мы хочам працаваць як дызайн-бюро, якое сядзіць у сваёй штаб-кватэры, а асобная вытворчасць, напрыклад, размешчана ў прамзоне Шабаны. Але тут пытанне, што мы, пры жаданні кліента, робім адзенне з падгонкай, таму прыйдзецца ўсё роўна штосьці і самім шыць.

«У нас няма канкурэнтаў»

«НН»: За апошнія гады попыт на адзенне з нацыянальнай сімволікай вырас?

ПД: Я скажу так: мы выраслі. Першапачаткова ў нас стаяла чарга 20 чалавек, каб атрымаць блузку, таму што не было зусім нічога. Зараз, зразумела, няма чаргі, але асартымент зусім іншы, нашмат большы.

Магчыма, адзення з арнаментам купляюць трошкі менш. Тут ведаеце, як? Прыдумляецца нешта і, калі людзі бачаць, што яно дастаткова папулярна, усе спрабуюць на гэтым выехаць. З’яўляецца шмат безгустоўшчыны, і гэта безгустоўшчына забівае першапачатковую ідэю, яна прыядаецца.

«НН»: Як густы пакупнікоў змяніліся?

ПД: Людзі сталі больш патрабавальныя. Памятаю, у адной з першых кашуляў была праблема па канструкцыі — чалавек у ёй не мог падняць рукі высока. Мужчына прыехаў да нас з Гомеля і сказаў: бяру. Мы адгаворвалі: ну ведаеце, гэта такі чарнавы варыянт. Ён: я забіраю, мне ўсё роўна, такога нідзе няма. Зараз такую кашулю вельмі складана было б прадаць.

«НН»: За гэтыя шэсць гадоў атрымалася зарабіць на машыну, кватэру?

ПД: Мы ўсё ўкладваем у справу. Вельмі дорага распрацаваць новую рэч. Машына? Хапае, каб яе заправіць, памяняць акумулятар, запчасткі.

Можна цвікі прадаваць, быць найлепшым у гэтай справе і зарабіць шмат грошай. Але калі ў цябе няма нейкага душэўнага камфорту, то нецікавая справа шчасце табе не прынясе.

«НН»: Тры гады таму вы казалі, што ў вас няма канкурэнтаў сярод беларускіх дызайнераў. Як цяпер?

ПД: Так, думаю, няма канкурэнтаў. Беларускія дызайнеры адзення мала звяртаюцца да нацыянальнай тэматыкі. Ёсць калегі-сябры, якія выпускаюць трошкі іншае. LSTR робіць моладзевае, стрытвір-адзення, Symbal.by — больш сувенірную прадукцыю. І гэта добра — яны могуць рабіць майкі масава. Мы масава ўручную шыць майкі не можам — гэта будзе немэтазгодна, бо ў Бангладэшы іх менш, чым за два даляры пашыюць. 

Як мы выпусцілі кашулю з арнаментам, з таго часу такую так ніхто і не зрабіў. Нават вытворцы накшталт Еліз, Надэкс — вялікія кампаніі, дзе стаіць робат, які шые кашулі за 15 хвілін, а не за 5 гадзін, як мы.

Ёсць мабільныя аператары. Яны прадастаўляюць практычна ідэнтычныя паслугі — яны канкурэнты паміж сабой. А ў нас няма ні аднаго, ні двух падобных да нас.

«НН»: Дзіцячае адзенне не плануеце запускаць?

КА: Самае папулярнае пытанне сярод кліентаў.

ПД: Дзіцячае адзенне цяжэй працэдурна запусціць. Трэба, каб жанчыны з начосам да цябе прыйшлі, праверылі, колькі міліметраў сцяжок, паглядзелі дакументы. І мы не прыдумалі пакуль што, як зрабіць дзіцячае адзенне больш даступным. Калі кашуля каштуе 100 рублёў, то дзіцячая будзе 80. Дарослы чалавек можа дазволіць купіць сабе якасную рэч, а для дзіцячага адзення гэта дорага — ты апрануў адзін раз, і ўсё. Ва ўмовах Беларусі гэта не практычна.

«Хлопцаў, якія просяць, каб мы зрабілі іх прыгожымі, адпраўляем да пластычнага хірурга»

«НН»: Складана весці справу, калі вы не проста бізнэс-партнёры, а муж і жонка?

КА: Ёсць свае нюансы, але… Знаёмыя дзяўчаты прыходзяць дадому і расказваюць мужу, як справы на працы. У нас тое самае — калі Павел вяртаецца з шоў-рума, таксама размаўляем пра працу. Напэўна, псіхолагі пішуць, што не можна, каб муж і жонка працавалі разам, бо ўвесь час знаходзіцца побач шкодна для адносін. Перыядычна я прашу, каб ён мяне звольніў (усміхаецца).

«НН»: Калі апошні раз сварыліся па працоўных пытаннях?

КА: Ды мы ўвесь час сварымся. Праўда?

ПД: Ведаеце, творчыя людзі эмацыйныя. Калі ты рэалізуеш нейкую ідэю і табе хочацца зрабіць усё на высокім узроўні, ты ж нервуешся.

«НН»: З-за чаго апошні раз сварыліся? Дызайн кашулі, пастаўшчыкі?

КА: Вой не — я няправільна дакументы афармляю. Павел мне расказвае тысячу разоў, як гэта рабіць, а я лётаю у аблоках.

Ён ужо прывык, што ў мяне дастаткова дзіўныя зносіны з кліентамі. Раней спрабаваў навучыць трошкі па-іншаму рабіць, а зараз ужо смяецца.

«НН»: Дзіўныя — гэта як?

КА: Напрыклад, прыходзіць мужчына з пузікам і бярэ прыталеную кашулю. Я яму кажу: куды вы свой пузік спрабуеце ўпіхнуць? Магу ляпнуць па жываце, сказаць: што гэта такое? Адпраўляю ў трэнажорку. А хлопцаў, якія просяць, каб мы зрабілі іх прыгожымі, — да пластычнага хірурга.

ПД: Карына проста нестандартнымі спосабамі прыцягвае кліентаў.

КА: Насамрэч беларусы вельмі закамплексаваныя — асабліва нашы мужчыны. Іх трэба шакаваць, тады яны раскрываюцца. Звычайна, калі кліент прыходзіць у краму, там разводзяць «усі-пусі». Мы так не робім. Калі рэч сядзіць дрэнна, мы кажам: я вам не раю. Людзі не прывыклі, што іх адгаворваюць ад пакупкі. Але дзякуючы гэтаму ў нас добрыя зносіны з кліентамі.

«НН»: Вы прасоўваеце беларушчыну. А дачка на беларускай мове размаўляе?

ПД: А чаму не? Першыя словы ў яе былі па-беларуску. Зразумела, што потым, калі чалавек сацыялізуецца — а ў нашым грамадстве не так шмат дзяцей размаўляе па-беларуску, — дадаецца і руская мова. Зараз дачка на такой трасяначцы размаўляе, але лёгка можа перайсці на родную мову. Я лічу, што гэта нармальна.

КА: Мы доўга шукалі беларускамоўны садок, знаёмыя нам параілі прыватны пры касцёле. Нам вельмі спадабалася іх стаўленне да дзяцей. Бо мы спачатку прыйшлі ў звычайны садок проста на размову — гэта жудасць. Мы з такімі вачыма адтуль выйшлі.

ПД: Зразумелі, які бедны там садок, колькі ўсяго цячэ і што нам трэба адрамантаваць, а каб яшчэ беларуская мова — то ў сераду прыходзьце, калі дзень беларускай мовы. Была там адна выкладчыца беларускай мовы, але да яе чарга. Попыт ёсць, а прапановы няма.

«НН»: Што чытаеце на нач дачцэ?

КА: Яна сама ўжо чытае і запісана ў дзіцячую бібліятэку. Гэта эканамічна выгадна і вельмі карысна — дзеці павінны бачыць кнігі. Мы ўжо амаль усю бібліятэку прачыталі. Бярэм некалькі кніг, абавязкова, каб палова была на беларускай мове. Але іх цяжка знайсці. Бо, па-першае, у нас іх мала выпускаецца, па-другое, калі выпускаецца, то нават я гэта чытаць не магу — там будзе самы маленькі шрыфт, ніводнага малюнку і сама кніга вось такая тоўстая.

Маці Паўла выкладае гісторыю кнігі, таму іх у нас дома — заваліся. Ева чытае ўсё, што толькі можа.

ПД: Хутка пяройдзе на навуковую літаратуру.

«У Швейцарыі брэнд — гадзіннікі, у Амерыцы — свабода, а ў Беларусі хай будзе адзенне»

«НН»: Мода на сваё трымаецца ўжо некалькі гадоў. Чаму не сыходзіць інтарэс?

ПД: А чаму ён павінен сыходзіць? Я не думаю, што гэта мода. Дзяржава ў ідэале павінна такія рэчы прасоўваць, бо гэта брэнд краіны. У Швейцарыі ёсць гадзіннікі і банкі, у Бельгіі шакалад, у Амерыцы свабода, а ў Беларусі хай будзе адзенне.

«НН»: Проста гадоў сем таму купляць адзенне беларускай вытворчасці быў так сабе варыянт.

ПД: Ды нічога прыстойнага не было проста. Раней, калі зойдзеш у супермаркет, у лепшым выпадку была якая-небудзь прадукцыя з дзяржаўным гербам. Цяпер ужо вісяць з іншай сімволікай, хай і дастаткова простыя, прымітыўныя, але справа рухаецца, і гэта добра!

«НН»: Як ставіцеся да таго, што дзяржава спрабуе ўпісацца ў гэты трэнд? Той жа БРСМ стаў праводзіць Дзень вышыванкі.

ПД: Дзяржава павінна быць рэгулятарам і працаваць як аддзел маркетынгу. Але прасоўваць не дзяржаўныя установы, а праекты прыватных асоб. У fashion-індустрыі, напрыклад, найбольш таленавітых вазіць у Парыж на паказ, прадстаўляць краіну. Не павезці ж Дзень вышыванкі — смешна будзе, гэта проста ідэалагічнае мерапрыемства. Лепш, чым прыватныя, арганізацыі дзяржаўныя ніколі не зробяць.

Каментары8

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

Сын Трампа многае вырашае. Вось як тлумачаць нявыбар Пампеа21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Галоўнае
Усе навіны →