«Прыйшоў у пятніцу а першай гадзіне дня». Першыя пакупнікі H&M у Мінску пільнавалі адкрыццё крамы
Першы магазін H&M у Мінску адкрылі сёння ў 12 гадзін дня. Але ў суботу першыя пакупнікі былі ў гандлёвым цэнтры ўжо а 7 раніцы — яны тут з пятніцы, піша Tut.by.

У 7 раніцы ў суботу ля гандлёвага цэнтра Galleria Minsk расстаўляюць агароджу для патоку людзей. Унутры налічылі 16 ахоўнікаў. Хтосьці паказвае ім на перагародкі, якія стаяць каля крамы, як у аэрапорце, чутныя абрыўкі інструктажу: «А то яны як ірвануць!».

Яны — першыя пакупнікі. У 7 раніцы іх ужо 10 чалавек.
Першым тром пакупнікам паабяцалі падарункавыя сертыфікаты на сумы 300, 250 і 200 рублёў. Першай тысячы чалавек у чарзе — падарункавыя сертыфікаты на 30 рублёў, невялікія падарункі і сувеніры. Таму людзі ідуць задоўга да адкрыцця.
Адзін хлопец прыйшоў першым і заняў чаргу яшчэ ў пятніцу а першай гадзіне дня.

Ім аказаўся 28-гадовы Максім, ён працуе адміністратарам гандлёвага цэнтра — не Galleria Minsk, цяпер у яго выхадны.
— Збіраўся па справах. Але ехаў міма, чакаў убачыць чаргу, вырашыў зайсці і здзіўлены, што нікога не было. Я знайшоў ахоўніка бізнес-цэнтра, той звязаў мяне з ахоўнікам H&M, ён выйшаў і даў мне бранзалетку.

Хлопец распавядае, што ў чаргу стаў спантанна. Крыху пазней, другім і трэцім, прыйшлі Арцём і Аляксей. Аляксей працуе ў гандлёвым цэнтры Galleria у дзіцячым цэнтры і паспрачаўся са сваёй начальніцай, што адстаіць сваю чаргу. 18-гадовы Арцём ужо быў на віп-адкрыцці, кажа — па запрашальных знаёмых.
— Тады была зніжка ўсяго 20%. А зараз я атрымаю сертыфікат на 200 рублёў, — расказвае ён.
Фота хлопцаў увесь гэты час посцілі ў сацсетках Galleria Minsk, яны самі запісвалі відэа з начоўкі каля ўваходу ў краму. Гандлёвы цэнтр чакаў ранніх гасцей, таму людзей пусцілі на ноч чакаць адкрыцця на першым паверсе ў холе, каб людзі не мерзлі на вуліцы. Хол працаваў усю ноч. Ад H&M давалі ваду, пячэнне, частавалі кавай, выдалі пледы.

Летась тут, у суседняй краме касметыкі MAC праходзіла акцыя, дзе раздавалі бясплатныя памады — тады дзяўчаты прыходзілі а 6-й раніцы, але падобнай арганізацыі камфортных умоў для начных дзяжурстваў не было. Хоць да пачатку акцыі хвост чаргі і выходзіў на вуліцу.

Заўважым, што адкрыццём крамы H&M у Мінску займаецца піяр-кампанія. Але першыя тры пакупнікі — Максім, Арцём і Аляксей — сцвярджаюць, што не маюць да гэтага ніякага дачынення.
— Гэта не тое што вы думаеце. Калі б нам заплацілі, мы б толькі пафоткаліся і сышлі. Мы стаялі тут цэлую ноч, хочам спаць, на нашым месцы мог быць кожны. Мы не ведалі, што тут і як будзе, што мы тут будзем рабіць ноччу. Да нас падышлі супрацоўнікі H&M і «Галерэі» — яны вырашалі, як усё арганізаваць.
Людзям у чарзе давалі карткі, каб яны маглі выйсці ў туалет на 20 хвілін — карту трэба было паказаць ахоўніку. Таксама для людзей, што чакалі, падрыхтавалі падносы для напояў і пячэнне.
Да моманту адкрыцця крамы і каля гандлёвага цэнтра, і ў самім будынку выстраіліся чэргі.


Цырымонія адкрыцця прайшла хутка — на мерапрыемстве выступіла ўдзельніца Еўрабачання-2019 ад Беларусі Зена, самым стойкім уручылі абяцаныя сертыфікаты, урачыста разрэзалі стужачку, і ў краму накіраваліся пакупнікі.
Каментары