На 89-м годзе жыцьця ў Іжанскім шпіталі сястрынскага догляду Вялейскага раёну памерла Соф’я Самаль, апошняя непасрэдная ўдзельніца паваенных падзеяў, зьвязаных зь імем Янкі Філістовіча.
Соф’я Самаль (1918—2006)
Соф'я Самаль: першы і апошні здымкі. Між імі - жыцьцё. |
Соф’я і яе бацька Пётра далі прытулак Філістовічу амаль на паўгоду, зрабіўшы для яго схоў у сваім гумне. Самалі добраахвотна і сьвядома выконвалі ролю Янкавых сувязных, забясьпечвалі яго неабходнай інфармацыяй, гатавалі ежу, здабывалі вопратку і неабходныя рэчы. Пасьля ягонага арышту, калі і сама Соф’я апынулася пад сьледзтвам, яна працягвала дапамагаць Філістовічу, знайшоўшы сродкі на абаронцу для Янкі на судзе.
Сама спадарыня Соф’я атрымала 10 год лягераў за супрацоўніцтва з ворагам народу. Пасьля амністыі вярнулася ў родныя мясьціны.
Апошнія 20 год яна, пахаваўшы мужа, пражыла на самоце ў ціхай вёсцы Ярмолічы Вялейскага раёну. Старасьць яе абцяжарвалася хваробай хрыбетніцы, якая гранічна ўскладняла любы рух. Але яна працягвала трымаць невялікую гаспадарку, ня скардзілася на лёс, захоўвала аптымізм і сьветлы розум.
Распавядаючы аб мінулых трагічных падзеях, спадарыня Соф’я была шчырай, неўпярэджанай і натуральнай. У сваім апошнім інтэрвію, седзячы за сталом ва ўласнай хаце, яна паведаміла як ужо вядомыя факты, гэтак і цікавыя акалічнасьці справы, што адсутнічалі ў ранейшай літаратуры аб Філістовічу ці падаваліся як гіпотэзы.
У памяць аб тых падзеях і іх удзельніках прапануем фрагмэнт яе апошняга інтэрвію.
Усевалад Сьцебурака, Тадэвуш Нальшчанскі
Яны аддалі ўсё, што мелі, каб уратаваць Янку Філістовіча. Успаміны апошняй сьведкі.
Соф’я Самаль: «Янка Філістовіч быў маім сваяком па матчынай лініі. Мы зь ім брат і сястра ў трэцяй стрэчы. Андрэй, бацька Янкі, жыў зь сям’ёй у вёсцы Паняцічы і часта прыяжджаў да нас у Пузава (зараз в.Лясная. — УС, ТН) і мы ў іх бывалі.
У вайну Янка служыў у Вялейцы, потым адышоў зь немцамі за мяжу. Там ён, здаецца, вучыўся на ксяндза, казаў, што касьцёл свой будавалі... Ён быў дужа пісьменны. Мы з бацькам увесь час наракалі: «Чаго ён сюды прыляцеў, калі б там мог добра жыць?»
Да нас ён быў скінуты з парашутам ўвосень 1951 году і спусьціўся каля Кутлянаў. Перад тым, як да нас прыйсьці, ён ужо радню абышоў. Жыў пэўны час у дзядзькі Пётры Куляша, які і прывёў яго да нас. Была ўжо восень — сьвята Міхаіла, у царкве было маленьне. Я тады спалохалася, бо ведала, што Янка прыбыў да нас таемна, як шпіён — а ў Саюзе іх нельга ўкрываць, — і як міліцыя дазнаецца, то нас у турму пасадзяць... А на гэта тата мне сказаў: «Гэта ж як свайму адмовіць, калі мы чужым партызанам у вайну дапамагалі? Недзе ж, Сонечка, і мой сыночак у сьвеце ходзіць. Мо людзі якія і яму паесьці дадуць і прымуць».
І вось Кулеш прывёў яго да нас хавацца. Жыў Янка ўсю зіму, пакуль не пацяплела; да хаты амаль не прыходзіў. Я варыла яму есьці, а бацька насіў. Пакуль Янка ў нас жыў, да яго нейкія людзі прыяжджалі — здаецца, зь Мёрскага раёну. Пэўны час Філістовіч у іх хаваўся. Там яшчэ нейкі савецкі старшыня жыў, што быў бы рады, каб Беларусь была без бальшавікоў. Наагул, Янка часта казаў у гутарцы: «Рана ці позна, а Беларусь будзе!..» Як пацяплела, ён ад нас пайшоў. З татам маім пасьля яшчэ сустракаўся. Тата пчолаў даглядаў ля лесу, а Янка адтуль выходзіў зь сябрамі. Мы часта ім малако перадавалі.
Ад таты свайго ведаю, што прыбыў Янка на каротка. Хацеў нешта даведацца і знайсьці патрэбных людзей, а пасьля зьехаць ізноў за мяжу. У гэтым яму памагчы мусіла гарадзенка Зінаіда Стахевіч. Але нешта ў іх ня выйшла...
Як зь вяртаньнем не атрымалася, Янка застаўся ў лесе, сабраў мясцовых хлопцаў, што за немцамі служылі і таму хаваліся. Пасьля нападу на друкарню ў Вязыні і на фінінспэктара назьбіралі рускіх салдатаў і сталі Янку па лесе шукаць. Тады і папаліся яго хлопцы, а сам ён зьбег. Нас тады арыштавалі. Павезьлі ў Маладэчна на сьледзтва. Трымалі нядоўга і адпусьцілі, бо думалі, што Янка да нас прыйдзе. Абяцалі за гэта 25 тысяч рублёў. Я на працу ў калгас хадзіла і думала, што мне ўжо канец — расстраляюць. А чула, што калі жанчына цяжарная, то яе не забіваюць... вось і зрабіла сабе дзіцёнка. Пасьля сьледчыя думалі, што гэта ад Янкі, а як жа можна — ён жа мой брат.
Янка да нас так і не зьявіўся. Выдаў яго школьны сябра Пеця Цімохаў, што прыняў у сваёй хаце і даў снатворнага...
Год мы сядзелі па адзіночках. Раз я пачула, як нейкая жанчына гучна загаласіла ў двары турмы, узьлезла я на падваконьне і перагнулася, каб паглядзець — вось нешта сабе і пашкодзіла. Дзіцё нарадзілася мёртвае.
Потым быў суд. У зале панаставілі лаваў, як у школе. Тыдзень нас вадзілі туды і нават есьці там давалі. Сядзім і ядзім па трох, а Янка ў куце сядзіць і ня есьць. Начальнік канвою кажа: «Хадзі, Філістовіч, пакушай!» Янка яму: «Дзякуй, не хачу». Той ізноў: «Да не валнуйцесь вы, усё будзе ў парадку». Але Янка так і не ішоў...
Памятаю, як сталі пытаць, каму сьведкі патрэбныя, я паднялася і кажу: «Ці можна Філістовічу зашчытніка?» Яны згадзіліся. На гэта ўсе нашыя грошы пайшлі. Я ўсё роўна ведала, што гаспадарка прападзе, бо нас з татам расстраляюць. Дык мы з татам за зашчытніка заплацілі. Прадалі кароўку, цялят і авечак...
Тату і мне далі па 10 год, колькі далі Янку — мы тады ня ведалі.
Каментары