Прэвентыўны аўтарытарызм пачынае спазняцца. Выбары-2020 праз прызму ідэй Віталя Сіліцкага
На сайце BISS піша Эндру Уілсан — прафесар Універсітэцкага каледжа ў Лондане, старэйшы супрацоўнік Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), аўтар кнігі «Беларусь: апошняя дыктатура Еўропы» (2011).
Памятаю, як мы з Віталём выпілі пару куфляў піва ў Празе ў 2009 годзе. Нагодай быў запуск Еўрасаюзам праграмы Усходняга партнёрства, але на самой справе мы глядзелі паўфінал Лігі Чэмпіёнаў, матч паміж «Чэлсі» і «Барселонай». Усе гледачы былі зацыкленыя на «Чэлсі», якія бязлітасна атакавалі і чатыры разы ў істэрыцы апелявалі да суддзі аб парушэнні. Мы з Віталём сышліся ў меркаванні: «Ты ж ведаеш, што будзе далей — «Барса» зробіць адзін удар у вароты, заб’е гол і пройдзе далей». Менавіта гэта і адбылося.
Сіліцкі трапна спрагназаваў павышэнне ўзроўню аўтарытарнага кіравання
Гэта не проста ўспамін, гэта яшчэ і тлустая аналогія. Заўсёды трэба глядзець на тое, што робяць абодва бакі. У 2000-я гады было шмат размоў пра хвалю «модульных» або імітацыйных каляровых рэвалюцый у былых камуністычных дзяржавах. Нягледзячы на тое, што мноства дыскусій было прысвечана маналітнасці рэжыму і яго здольнасці да прымусу, першапачаткова большая частка ўвагі была на баку рэвалюцыі — даследчыкаў больш хвалявалі трыгеры пратэсту, то бок абставіны і рэсурсы, неабходныя пратэстоўцам для дасягнення поспеху.
Аднак, з пункту гледжання Віталя, у Беларусі два гады паміж Аранжавай рэвалюцыяй ва Украіне ў 2004 годзе і «джынсавай рэвалюцыяй» у 2006 годзе былі настолькі ж спланаваныя ўладай, наколькі апазіцыяй. Беларусь стала выпрабавальным палігонам для таго, што расійскія паліттэхнолагі накшталт Глеба Паўлоўскага адкрыта называлі новым пакаленнем «контррэвалюцыйнай тэхналогіі».
Віталь меў рацыю. З 2004 года постсавецкі рэгіён захрас у цыкле: каланіяльная каляровая рэвалюцыя супраць расійскай контррэвалюцыі. Пратэстныя імпульсы працягваюць узнікаць менавіта таму, што парадак дня 2004 года застаецца нявыкананым. У той жа час можна з упэўненасцю сцвярджаць, што павышэнне ўзроўню аўтарытарнага кіравання ў постсавецкіх дзяржавах пасля Аранжавай рэвалюцыі было такой жа важнай тэндэнцыяй, як і «модульныя рэвалюцыі».
Няхітрыя сакрэты прэвентыўнага аўтарытарызму
Ключавыя канцэпцыі Віталя — «прэвентыўны аўтарытарызм» і «аўтарытарны інтэрнацыянал» — былі прароцкімі. Што мы можам сказаць пра іх цяпер?
Як пісаў Віталь, прэвентыўны аўтарытарызм патрабаваў пільнай увагі як да ўнутраных, так і да знешніх выклікаў.
Што тычыцца ўнутраных фактараў, то беларускім уладам пашанцавала: яны прадбачылі гэтыя фактары яшчэ да 2004 года. Улады здолелі спыніць пагрозу народнага пратэсту ў 2006 годзе шляхам здушэння ўнутранага плюралізму падчас другога афіцыйнага тэрміну Лукашэнкі ў 2001—2006 гадах, асабліва падчас кампаніі супраць недзяржаўных арганізацый у 2003—2005 гадах. Пратэсты пасля выбараў 2010 года таксама былі папярэджаныя: яны надышлі ўжо пасля кансалідацыі аўтарытарызму, якая ўвесь час адбывалася, нягледзячы на часовую касметычную «адкрытасць» да Захаду, і пачаліся занадта позна, каб набраць абароты.
Прэвентыўнасць прадугледжвае рэпрэсіі, і беларускія ўлады паказалі, што яны могуць вар'іраваць інтэнсіўнасць, тэрміны і напрамак гэтых рэпрэсій. Рэжым таксама навучыўся прэвентыўна кіраваць выбарамі. Цалкам непразрысты працэс падліку галасоў і масавае датэрміновае галасаванне спрашчаюць фальсіфікацыі; але ў той жа час яны пазбаўляюць палітычнай суб'ектнасці патэнцыйны пратэст, паказваючы, што конкурс скончыўся, не паспеўшы пачацца.
Формула «1+3»
Беларускі спосаб кіравання выбарамі таксама ўключае ў сябе шэраг паліттэхналогій. Выбары ў 2006 і 2015 гадах паказалі, што ўлады паслядоўна выкарыстоўваюць формулу «1 + 3» (у сутнасці, так было і на выбарах 2010 года, нягледзячы на тое, што ў агульнай суме было дзесяць кандыдатаў).
«Нумар 1» гэта Лукашэнка. Астатнія тры кандыдаты — яго супернікі. Гэта, па-першае, яго традыцыйны фэйкавы спарынг-партнёр Сяргей Гайдукевіч (беларускі эквівалент Уладзіміра Жырыноўскага, чыя сапраўдная задача заключаецца ў тым, каб нападаць на апазіцыю). Далей ідзе сімвалічны апазіцыйны кандыдат, але ніколі не адзін і той жа. Звычайна празаходні, каб галасаванне выглядала за мяжой больш прыстойна. Але апазіцыі цяжка заручыцца падтрымкай электарату праз канкурэнцыю з боку чацвёртага кандыдата — таго самага, якога ўсе абмяркоўваюць, бо незразумела, ці рэжым яго падтрымлівае таемна, ці не.
Гэтая формула, безумоўна, была прэвентыўнай. Апазіцыі ніколі не давалі магчымасці гуртаваць сваіх прыхільнікаў паміж выбарамі. А сама наяўнасць кандыдатаў-спойлераў дыскрэдытавала паняцце «апазіцыі».
Выбары-2020: формула разбураецца
Выбары 2020 года паказваюць, што формула разбураецца.
Яшчэ ў 2015 годзе кланаванне кандыдатаў было настолькі папулярным, што ў самога клона — Гайдукевіча, з'явіўся яшчэ адзін клон — Мікалай Улаховіч. Але па меры набліжэння выбараў 2020 года спачатку Сяргей Гайдукевіч саступіў месца свайму сыну Алегу, а потым і Алег зняўся з выбараў праз рызыку адваротнага эфекту выкарыстання кандыдатаў-спойлераў. Гэтым разам ужо ўлады не наважыліся рызыкаваць страціць галасы Лукашэнкі праз разлом яго электарату Гайдукевічам.
На гэтых выбарах ёсць шмат кандыдатаў, чыя лаяльнасць пакуль няясная, але таксама заўважнае адраджэнне рэальнай палітычнай суб’ектнасці: ажывілася «традыцыйная» апазіцыя, папулісцкую кампанію вядзе Сяргей Ціханоўскі і з’явіліся яўныя перабежчыкі з лагера ўлады Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка.[1] Гэта новы выклік, які рэжым не змог прадухіліць.
Усе рэжымы старэюць. Улады баяцца страціць кантроль і імкнуцца зноў здушыць грамадства. Але гэта ўжо больш падобна на «аўтарытарызм, які спазняецца».
Знешнія пагрозы падаюцца больш аддаленымі, акрамя адной. Рэальнай пагрозы падзеяў у стылі Майдану ў Беларусі пасля 2014 не было. Пратэсты «недармаедаў» у 2017 годзе былі іншага тыпу: думка пра тое, што іх інспіравалі праз «Белы легіён», відавочна была прыдумкай для прыкрыцця разгону.
Цяпер рэальнай знешняй пагрозай з’яўляецца не каляровая рэвалюцыя, а ўмяшальніцтва Расіі.
Гэта падводзіць нас да другой ідэі Віталя аб «аўтарытарным інтэрнацыянале». У ХХ стагоддзі лічылася, што нацыяналістычнага або «правага» эквіваленту Камінтэрну ніколі не будзе, таму што нацыяналізмы супернічаюць адно з адным. Але аўтарытарныя дзяржавы, безумоўна, могуць супрацоўнічаць і абменьвацца вопытам, асабліва ў новую эпоху так званага «разумнага аўтарытарызму» (smart authoritarianism).
«Аўтарытарны інтэрнацыянал» не праводзіць сходак у месцах, якія нагадваюць логава злодзея з фільма пра Джэймса Бонда. Ён проста можа служыць метафарычным каналам для «аўтарытарнага навучання» і абмену «контррэвалюцыйнымі тэхналогіямі». Маё ўласнае даследаванне прысвечана таму, як паліттэхналогіі ўсё часцей выкарыстоўваюцца «разумнымі», а не традыцыйнымі аўтарытарнымі дзяржавамі ва ўмовах таго, што Лявіцкі і Уэй называлі канкурэнтным аўтарытарызмам, дзе «[палітычная] канкурэнцыя … рэальная, але несумленная», а «апазіцыйныя сілы абмежаваныя вельмі нестабільным, а часам і небяспечным полем для гульні».[2] Палітычная тэхналогія — гэта сродак, з дапамогай якога такая старанна кантраляваная канкурэнцыя робіцца несправядлівай.
Калі злучыць дзве канцэпцыі Сіліцкага
Але злучыце дзве канцэпцыі Віталя разам. Як рэагуе прэвентыўна-аўтарытарная дзяржава, калі яе галоўная пагроза зыходзіць ад меркаванага партнёра па «аўтарытарным інтэрнацыянале»?
У Расіі ёсць тое, што можна назваць «праблемай сяброў-ворагаў»: яна паслядоўна падрывае нават тыя краіны, якія павінны быць яе хаўруснікамі, значыць, яны не застануцца хаўруснікамі надоўга.
Такім чынам, аўтарытарны інтэрнацыянал можа ў выніку выявіцца «канструкцыяй, якая сама сябе разбурае», падобнай да міфічнага «нацыяналістычнага інтэрнацыяналу».
Магчыма, самая вялікая даніна павагі Віталю заключаецца ў тым, што даследаванне аўтарытарызму цяпер разгалінавалася ў многіх напрамках. Утварылася цэлая новая акадэмічная дысцыпліна, прысвечаная «перайманню аўтарытарнага досведу», якая ўключае такіх навукоўцаў, як Томас Амброзіа, Роберт Харват і майго аспіранта Стывена Хола. «Разумны» аўтарытарызм, або «постмадэрнісцкі» інфармацыйны аўтарытарызм, вывучаўся Пятром Памеранцавым, Сяргеем Гурыевым, Трэйзманам і асабіста мной.[3]
Добрыя ідэі спараджаюць новыя добрыя ідэі.
[1] See Andrew Wilson, ‘The Least Predictable Belarusian Election in Decades’, ECFR, 28 May 2020; www.ecfr.eu/article/commentary_the_least_predictable_belarusian_election_in_decades, and Tadeusz Giczan, ‘Why This Year Belarus’ Presidential Campaign Might be the Most Interesting in Decades’, Waidelotte, 20 May 2020; http://waidelotte.org/why-this-year-belarus-presidential-campaign-might-be-the-most-interesting-in-decades/
[2] Steven Levitsky and Lucan Way, Competitive Authoritarianism: Hybrid Regimes After the Cold War , (Cambridge, UK: Cambridge University Press, 2001), pp. 5-7.
[3] Wilson, The Globalisation of Political Technology (forthcoming); Sergei Guriev and Daniel Treisman, How Modern Dictators Survive: An Informational Theory of the New Authoritarianism, LSE Paper, July 2015; www.lse.ac.uk/government/research/resgroups/PSPE/pdf/2015/Guriev.pdf; Peter Pomerantsev, ‘Russia: A Post-Modern Dictatorship?’, Legatum Institute, October 2013; www.li.com/docs/default-source/publications/pomeransev1_russia_imr_web_final.pdf?sfvrsn=4
Каментары