Меркаванні55

Віктар Марціновіч: Ананімнасць Зла

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч для budzma.by пра прыроду зла, якое апанавала Беларусь.

Выключнасць падзеяў, што разгарнуліся ў нашай Беларусі, зрабілі яе даследніцкім палігонам для вывучэння з’явы, што атачае любога чалавека ўвесь час, але напоўніцу праяўляе сябе зрэдку. Гэтая з’ява — Зло ва ўсіх ягоных праявах, ад лютасці да нематываванага гвалту і простага садызму.

Цікава бачыць, што ўжо і Аляксей Півавараў у сваёй «Рэдакцыі» прэпаруе феномен жорсткасці з апорай на беларускі досвед, пры тым што Півавараў жыве ў Расіі, дзе, здавалася б, таксама не бракуе кейсаў для разгляду змрочнага боку ў чалавеку. Прычым цікава, што Півавараў, кажучы пра наша Пекла, абапіраецца на «Банальнасць Зла» Ханы Арэнт, нібыта з часоў Трэцяга Рэйха не здаралася выдатна апісаных Шаламавым і Салжаніцыным рэцыдываў Зла ў межах ГУЛАГа.

Арэнт мяркуе, што абуджальнікам Зла з’яўляецца адмова ад свабоды прыняцця рашэнняў, бяздумнае падпарадкаванне атрыманым загадам. 

Але я з гэтым не пагаджуся. 

Думаць так — значыць адмаўляць тое, што Зло ў тым ці іншым выглядзе ёсць у кожным з нас і злачынныя загады толькі даюць яму дарогу, а не запачаткоўваюць яго.

Наглядзеўшыся на тое, што адбывалася ў Беларусі апошнія чатыры тыдні, рызыкну заключыць: адзінай надзейнай супрацьвагай Злу з’яўляецца адказнасць. Бо калі істота, датычная да ўлады, нават найменшай улады — напрыклад, улады не пускаць кагось у навучальны корпус падчас сілавога разгону, — пазбаўляецца нават ценю адказнасці, пачынаецца самае цікавае.

Няма нічога больш высакароднага за прафесію міліцыянта — чалавека, які беражэ спакой і дабрабыт сваіх суграмадзянаў. Гэтая прафесія настолькі ж патрэбная грамадству, як работа доктара ці настаўніка. Момант, калі чалавек у пагонах перараджаецца ў крыніцу страху і гвалту, наўпрост звязаная з размыццём адказнасці.

Я рызыкну дапусціць, што любы — літаральна любы з нас, самы светлы і добры сэрцам, — апынуўшыся ў сітуацыі поўнай усёдазволенасці, у атачэнні калег, якія лютуюць, — пачне паступова скамячваць уласную чалавечнасць. Бо яны, і шарагоўцы, і высокія начальнікі, задаюць лінію паводзінаў, а ты пачынаеш на іх раўняцца, спачатку — адказваць на грубасць грубасцю, потым — адказваць гвалтам на гвалт (хаця твая функцыя — не дапускаць гвалту, не памнажаць яго), а потым у нейкі момант, заўважыўшы маладзёна, што ляжыць на траве, пачынаеш дубасіць яго дручком — пры тым што ніякай пагрозы табе ён не нясе.

І так, я ўпэўнены, што ніякага расследавання злоўжыванняў у астрогах РБ не будзе. Нават пад велізарным ціскам ААН. Бо калі хаця б адзін люты будзе пакараны па законе, усе астатнія ачуняюць і зразумеюць, што адказнасць усё яшчэ тут, нават у нашым скажоным сусвеце.

Менавіта адсюль бяруцца дзіўныя паводзіны тых, хто лютуе, калі з іх знянацку зрываюць маску. 

Здавалася, калі яны на рабоце, «пры выкананні», чаго б ім курчыцца? 

Чаго б ім збягаць? 

Начальства іх не пакарае, наадварот, толькі ўзнагародзіць за дадатковае «старанне». Але адкрыты твар, перспектыва апазнання і высвятлення асобы, адкрывае шлях да хаця б нейкай адказнасці. Асуджэння суседзяў ці крамніцы.

А прынцыпова тут тое, каб адказнасці не было проста аніякай. Нават маральнай ці этычнай. 

Маска, такім чынам, набывае рытуальны сэнс, робіцца ёмістасцю і громаадводам ад усіх магчымых праблем.

І гэты расклад, дарэчы, узнік не цяпер, не ў жніўні 2020 года. Гэты расклад — фундамент, на якім будуецца беларуская «стабільнасць». Не верыце — пачытайце ранейшыя інтэрв’ю Марыі Адамовіч, жонкі палітвязня Міколы Статкевіча, пра тое, чым былі «маскі-шоу» ў турмах тады, калі па сеціве яшчэ не гуляла карцінка з Фемідай у балаклаве.

Я дакладна ведаю, як у адзін момант спыніць любы гвалт на мінскіх вуліцах. 

Трэба, каб усе людзі са зброяй і канстытуцыйным правам на гвалт выходзілі працаваць з адкрытымі тварамі. Не трэба нават імянных бэйджаў — адкрыты твар будзе дастатковым стрымальнікам ад перверсійных паводзінаў. 

З іншага боку, калі гэтага не адбудзецца, тое, што адбываецца цяпер, будзе толькі пачаткам. Бо ў прыродзе Зла ёсць закон аб пастаянным памнажэнні і пашырэнні межаў. Ажно да поўнага бязмежаку.

Каментары5

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі ўжо +30°С

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?28

У Беларусі пад Колю Лукашэнку створаць адмысловы цэнтр «спецыяльнасцяў будучыні»25

У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай13

Зяленскі пракаментаваў удар па заводзе змазачных матэрыялаў ва Уфе1

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?5

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард13

ФК «Стэнлес» з Пінска перажывае цяжкія часы: следам за кіраўніком клуба памёр менеджар каманды

Трамп зарабіў больш за мільярд даляраў на крыпце за год пасля вяртання на пасаду прэзідэнта11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць