Меркаванні

Ягор Марціновіч: «Гэта быў найлепшы год за ўсе часы, што я сябе памятаю!»

Гэта быў найлепшы год за ўсе часы, што я сябе памятаю! Калі б 31 снежня 2019 года мне далі пачытаць храналогію 2020 года, я б сказаў: «Афігець, дайце два!» Так, пакуль не здарыўся той самы дзень, калі на гулянні з феерверкамі выйдзе ўся краіна. Але нічога страшнага, значыць, будзе чым адзначыцца і 2021 году.

Я не ведаю, які канкрэтны эпізод вылучыць з усіх гэтых маршаў з сотнямі тысяч удзельнікаў. Напэўна, 30 жніўня, калі натоўп збіраўся каля Стэлы і мэтанакіравана рушыў да Палаца Незалежнасці. Я адправіўся ў самай галаве і падышоў да самага ланцуга сілавікоў і іх тэхнікі. А там такі рэльеф, што ад Стэлы трэба ісці ўніз. І вось глядзіш на людзей — плыве бясконцае бел-чырвона-белае мора на ўвесь гарызонт. З кожнай хвілінай яно бліжэй-бліжэй-бліжэй… І раз на хвіліну-дзве натоўп вымаўляе такое аглушальнае «У-у-у-у-у-у!», што сілавікі нервова пераступаюць з нагі на нагу: а раптам сапраўды пойдуць на штурм?

Але тры самыя моцныя моманты-абставіны-дні ўсё ж іншыя.

3) Я прапусціў першы тур Святланы Ціханоўскай па гарадах Беларусі. Але тое, што адбывалася ў Глыбокім — Наваполацку — Віцебску, уражвала нават праз маніторы. Таму ў трохдзённае турнэ ад Смаргоні да Слоніма я паехаў сам. І не пашкадаваў ні на хвіліну.

Самае эмацыйнае з гэтых выбарчых сустрэч — выхад Ціханоўскай на сцэну пад «Муры». Яна ўсміхаецца, але насамрэч плача. Людзі глядзяць на яе, думаюць пра яе арыштаванага мужа — і многія таксама плачуць.

Пікавы момант — гэта калідор гонару на мітынгу ў Горадні, калі кандыдатка з аховай ідзе пад авацыі праз шматтысячны натоўп, а людзі падбягаюць, каб зрабіць сэлфі з новай рок-зоркай.

2) Гэтую з'яву складана патлумачыць нейкай адной сцэнкай, бо падобных гісторый былі дзясяткі. Гэта той момант, калі ты едзеш на машыне, а паўсюль уздоўж дарогі бачыш людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. Яны стаяць у Серабранцы, у Каменнай Горцы, у Зялёным Лузе — проста паўсюль. На самай забытай богам вуліцы!

Іншы момант — людзі ідуць калонай свайго раёна на Марш. Ты ім сігналіш, а яны ўсе — сотні ці нават тысячы чалавек — у адказ паказваюць табе сімвал перамогі. Ты іх чакаў 20 гадоў, і вось нарэшце яны выйшлі — прычым адразу ўсе!

1) Увесь дзень 9 жніўня — самы сканцэнтраваны незабыўны згустак энергіі. Чэргі ахвотных прагаласаваць ад самай раніцы — на ўваходзе на мой участак каля 20 назіральнікаў, якія каардынуюць людзей — аб’езд самых гарачых участкаў Мінска: у чарзе ў Ржаўцы тысячы чалавек…

9 жніўня, вечар. Чарга на ўчастак для галасавання ў Мінску ў Ржаўцы. Фота даслаў чытач «Нашай Нівы»

…У школе каля «Дана-Мола» скончыліся бюлетэні — на маім участку ў Грушаўцы ў чарзе аднамомантава стаяць больш за 300 чалавек, амаль усе з белымі стужкамі — на падліку галасоў працэнтаў 80-90% бюлетэняў складзеныя гармонікам, як прасіла Ціханоўская — пры гэтым старшыня камісіі абвяшчае перамогу Лукашэнкі — пад участкам больш за сотню чалавек, якім я абвяшчаю вынікі выбараў…

Людзі чакаюць вынікаў падліку галасоў каля аднаго з участкаў Мінска. Фота даслаў чытач «Нашай Нівы»

…Прашу людзей падвезці нас з Надзяй Бужан у бок Стэлы — ужо каля «Кароны» рух стаіць намертва, але на вуліцах народныя гулянні — разуменне перамогі — ля Стэлы чуваць выбухі, бачым тысячы чалавек, сярод якіх вылучаюцца футбольныя фанаты — аўтазак збівае чалавека — людзі будуюць сімвалічныя барыкады — сілавікі закідваюць людзей выбуховамі пакетамі — доктарка з хуткай дапамогі плача над акрываўленым дэманстрантам: «Мы яго не давязём»…

…Шматтысячная калона рушыць па Раманаўскай Слабадзе, выходзіць на праспект Незалежнасці, дзе ўжо чакаюць сілавікі, і патрохі разыходзяцца, абяцаючы зноў сабрацца заўтра…

Жыхары Мінска блакуюць вуліцы ў раёне ўніверсама «Рыга», патрабуючы сумленнага перападліку галасоў. 10 жніўня

…Недзе а 3-й ночы сустракаемся з калегамі каля Стэлы, дзе некаторыя пакінулі машыны.

Апоўначы наступнага дня адна з гэтых калег, Наташа Лубнеўская, будзе ляжаць у Бальніцы хуткай дапамогі з прастрэленай нагой, а я буду ляжаць тварам на траве на «Пушкінскай» са звязанымі рукамі ў чаканні аўтазака. На жаль, без такіх выдаткаў вытворчасці абысціся немагчыма. Але як кажуць, гэта была ўжо зусім іншая гісторыя.

Каментары

Цяпер чытаюць

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў3

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Сіла беларусаў. За некалькі дзён людзі сабралі для трохгадовай Ксюшы 500 тысяч даляраў1

Расія ўзмацняе кампанію супраць Нарвы: у сетках заклікаюць узбройвацца і ствараць «народную рэспубліку»19

Беларусы назвалі песню, якая часта выклікае слёзы8

Літоўцы і палякі ламануліся запраўляцца ў Беларусь. Вось колькі на гэтым можна зэканоміць13

Пасол Ірана ў Маскве абверг інфармацыю пра знаходжанне Хаменеі ў Расіі

МЗС пра паветраныя шары з цыгарэтамі: Гэта трансгранічная злачыннасць 5

Захоп закладніка і катаванні: у Закапанэ будуць судзіць беларуса за выкраданне чалавека2

У Беларусі прадаюць унікальны 47‑гадовы BMW 5‑серыі — часоў Машэрава. Цана — $25 тысяч6

Ізраіль заявіў пра забойства архітэктара ядзернай праграмы і адной з самых уплывовых фігур Ірана Алі Ларыджані10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў3

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць