У Вярхоўным Судзе адбылася размова ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» з прадстаўніком Міністэрства юстыцыі наконт падрыхтоўкі судовага разбіральніцтва ў справе аб ліквідацыі Згуртавання.
Бакі агучылі і выслухалі аргументы па кожным пункце высунутых на адрас Згуртавання заўваг, з абодвух бакоў суддзёй былі запатрабаваныя дадатковыя дакументы.
Судовае пасяджэнне па грамадзянскай справе супраць «Бацькаўшчыны» прызначана на 23 верасня.
Прычынай завядзення грамадзянскай справы супраць «Бацькаўшчыны» стаў перанос VIII З’езду беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС «Бацькаўшчына».
Адметна, што рашэнне аб пераносе з’езду прымалася пасля кансультацый з Мінюстам. Менавіта Мінюстыцыі пацвердзіла, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне, пасля чаго пытанне пераносу было вынесенае на пісьмовае галасаванне сябрам Вялікай Рады.
Раней, цягам пазапланавай праверкі Згуртавання «Бацькаўшчына», распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:
— першае — за не выкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
— другое — за тое, што з 14 да 22 ліпеня «Бацькаўшчына» не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.
Ліквідацыя парушэнняў не ўяўлялася магчымай праз тое, што ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана СК.
20 жніўня арганізацыя атрымала адказ ад Следчага камітэту, з якога вынікае, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа «па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК».
Каментары