Мілата дня. Маладзечанцы завялі вавёрку, каб перавыхаваць нахабнага ката, а жывёлы пасябравалі ФОТЫ
Крыху больш года таму ў Яўгена і Алены Палубісак з Маладзечна з'явіўся незвычайны гадаванец — вавёрка дэгу (чылійская вавёрка).
Вонкава дэгу падобная на мышку з вавёрчынай пысай. Асабліва нагадвае мыш, калі стаіць на чатырох лапках, піша kraj.by.

— З намі ў кватэры жыве вельмі распешчаны і месцамі нават вельмі нахабны кот Цімафей — распавядае Алена. — Часам у нас узнікала адчуванне, што гэта не ён з намі жыве, а быццам мы з мужам напрасіліся да яго ў кватэру. Вырашылі завесці яшчэ аднаго гадаванца, каб кот быў не такі нахабны.
Кот завецца ласкава Ціма, а новага гадаванца хацелі назваць Джэры як з мультфільма «Том і Джэры». Аднак калі Яўген убачыў вавёрку, усклікнуў: «Дык гэта ж Юрык!» Так вавёрку і назвалі.
— Яна была зусім маленькая і змяшчалася ў далоні — успамінае маладзечанка. — Дзяўчына, у якой купілі вавёрку, вельмі перажывала за яе, баялася, каб кот не задушыў. Сяброўка, наадварот, перажывала за Ціму, каб не захварэў са з'яўленнем яшчэ аднаго любімчыка.

Як прызнаецца Алена, кот першы час раўнаваў да вавёркі, месяц не даваў сябе гладзіць.
Паступова Лена і Жэня прывучалі яго да новага гадаванца: паказвалі вавёрку на далоні, давалі панюхаць яе, садзілі зверху на ката. А вавёрку ў сваю чаргу адаптавалі да кватэры: спачатку выпускалі пабегаць па стале, пускалі на кухню, потым па ўсёй кватэры.
Яны вельмі хутка пасябравалі адзін з адным — дзеліцца суразмоўца. — Нават спяць разам.
Калі я адправіла гэта відэа дзяўчыне, у якой бралі вавёрку, яна адказала, што ні за што б не паверыла, калі б не відэа. Калі раней мы самі саджалі вавёрку на ката, то цяпер яна сама на яго залазіць і скача, як хоча. Хоць бываюць паміж імі непаразуменні, асабліва калі Юрык пачынае грызці хвост Цімафею. У такія моманты пачынаюць бегаць адзін за адным па ўсёй кватэры. Вельмі смешна глядзець, як спрытнюга-вавёрка пераадольвае ўсе перашкоды, кот імкнецца ўгнацца за ёй, але ўжо цяжкавата, усё-такі 11 гадоў, пры тым важыць больш за сем кілаграмаў. Звычайна хвілін з пяць бегаюць так, потым супакойваюцца, мірацца.

«Першым часам грыз літаральна ўсё»
Для вавёркі купляюць спецыяльны корм, таксама яна любіць паласавацца яблыкамі, морквай, есць сухарыкі, сушкі. У салодкім звярка абмяжоўваюць — можа развіцца цукровы дыябет. Маладзечанцы прызнаюцца, што Юрык ласун яшчэ той. Калі сцягне цукерку або што-небудзь салодкае, адразу хаваецца і не вылезе, пакуль не з'есць.
Робіць і «заначкі»: у вазонах закопвае кавалачкі цукерак, печыва.
— Утрымліваць вавёрку нядорага — смяецца Лена. — Дорага становіцца, калі яна ласуецца ўсім, што трапіцца на зуб. Вядома, купляем крэйду, каб тачыў зубы. Першым часам грыз літаральна ўсё: дыван, вугалок дзвярэй, скураны рэмень мужа, яго сланцы, ручку ад маёй сумкі, шнур ад клавіятуры.

За сапсаваную сумку грызуна пакаралі — тыдзень не выпускалі з клеткі. Злавалася гаспадыня, злаваўся і Юрык.
Купаць вавёрку ў вадзе нельга, для гэтага купляюць спецыяльны пясочак. Спачатку насыпалі яго ў невялікую місачку, у ёй грызун прымаў ванну. Зараз пясочак насыпаюць у душавую кабінку, пясочныя працэдуры праходзяць там. Часам «плёскаецца» ў вазонах з хатнімі кветкамі, пасля гэтага даводзіцца прыбіраць у кватэры.

Домік вавёркі стаіць у клетцы, якую маладзечанцы закрываюць, калі сыходзяць на працу. Аднак дэгу разабраўся, як адкрываць замок.

— Па парадку ў кватэры адразу разумеем, наколькі даўно Юрык выбраўся з клеткі — усміхаецца гераіня. — Звычайна гадзіны яму хапае, каб набегацца, нашкодзіць і супакоіцца. Тады разам з катом сустракае нас з працы.
Як адзначаюць маладзечанцы, кот і вавёрка — супрацьлегласці. Кот не любіць дзяцей і незнаёмых людзей, імкнецца схавацца, калі прыходзіць новая кампанія. Вавёрка, наадварот, можа ўкусіць за палец дарослага, якога бачыць упершыню, а вось дзяцей ніколі не кранае.

— Ціму проста так не возьмеш на рукі, калі табе захочацца, — дзеліцца Алена. — Трэба, каб ён сам дазволіў узяць сябе на рукі. Часам бывае так, што гладзім Юрыка, тады Ціма сам падыходзіць і трэцца, каб яго пагладзілі, звярнулі на яго ўвагу.
Як прызнаецца маладзечанка, знаёмыя, якія ў захапленні ад дэгу, не спяшаюцца завесці і сабе такога гадаванца — баяцца абгрызенай мэблі. Толькі адныя сябры наважыліся на такога незвычайнага гадаванца.
Каментары