«Пасля рэвалюцыі ў нас быў творчы выбух. А зараз у людзей, якія ўжо двойчы бежанцы, збольшага пустэча ўнутры»

«Наша Ніва»: Калі вы з’ехалі з Украіны (туды спявачка пераехала ў жніўні 2020-га)? 

Анастасія Шпакоўская: Адчуванне вайны было ўжо за месяц да яе пачатку. Мы збіраліся з’язджаць у Польшчу за тыдзень да 24 лютага. Але ж атрымалася так, што мы з Кіева выехалі толькі 23 чысла да сяброў у Львоў. Там нас заспела вайна. Наш пераезд увогуле быў лёгкі, без жахлівых падзей. Толькі на мяжы была ўжо вялікая чарга, і мы стаялі адзінаццаць гадзін. Людзі, якія з’язджалі з Львова на чатыры гадзіны пазней за нас, даехалі да Польшчы толькі праз два дні.

Канечне, беларусам, якія ўжо перажывалі пераезд ва Украіну, ад’язджаць было прасцей. У адрозненне ад украінцаў няма ў нас каранёў, якія моцна б трымалі. Ты такі беларускі «цыган».

Нашых рэчаў у Кіеве шмат засталося. Зараз думаем, як перавезці музычныя інструменты. Але разумееш, што самае галоўнае — гэта дзеці і нейкі мінімум неабходнага. 

«НН»: Як ваша жыццё выглядае цяпер?

АШ: Калі параўноўваць з тым, што адбываецца ў свеце, канечне, жыццё наша цудоўнае. На нас не ляцяць ракеты, у нас не страляюць, і мы ўвогуле дыхаем пакуль вольным паветрам. Вайна адчуваецца, калі з кімсьці размаўляеш з Украіны альбо калі чытаеш навіны. А так гуляеш па горадзе, усё квітнее, і нават часам сорамна за тое, што побач такое гора, а ў цябе тут усё так спакойна.

Зараз у тэатры (Рускі драматычны тэатр Літвы. — «НН») рэпетую спектакль пра ўкраінскую гісторыю. Асноўная тэма ў ім — забойства ў Марыупалі літоўскага рэжысёра. І плюс гісторыі людзей, якія бачылі самі, што адбываецца. Такая дакументальная пастаноўка. Мы збіраем матэрыял, і гэта, канечне, не дае расслабіцца. Ты кожны дзень мусіш чытаць, сачыць, шукаць асабістыя гісторыі, якія можна будзе расказаць усяму свету.

Таксама ў тэатры зараз думаюць мяняць назву. Магчыма, на тэатр імя Адама Міцкевіча. Але я пакуль дакладна не ведаю. 

«НН»: Чаму не засталіся ў Польшчы?

АШ: Спачатку разлічвалі, што там будзе бізнэс у мужа. Але ў сувязі з тым, што з Беларусі пачаліся бамбардзіроўкі Украіны, гэты варыянт адпаў. Муж застаўся без бізнэсу. Мы яшчэ якраз былі ў Польшчы ў той момант, калі была гуманітарная катастрофа. Падавалася, можна не вытрымаць проста такой колькасці людзей. І потым з’явілася прапанова ад тэатра і мы паехалі ў Літву.

«НН»: Якой бы сваёй песняй, радкамі апісалі, што адчуваеце?

АШ: «Не осталось ничего, кроме дома твоего, кроме дома твоего, только дома никого». Гэты радок мне неяк прысніўся. Думаю нават уставіць яго куды-небудзь у ролю. У ім нейкае адчуванне ўнутранай пустаты.

Вельмі шмат сіл займае перажыванне за гэтую вайну. Нават на дыстанцыі ты як наркаман увесь час чытаеш навіны, што там адбываецца. Як быццам сваімі ведамі, гэтай энергіяй можам дапамагчы. Складаны стан. З моманту ад'езду з Беларусі мяне не пакідае. Проста ён быў больш лакальны, вузкі. А зараз адчуванне, што я проста сплю. І гэты сон павінен скончыцца, і ўсё будзе па-старому.

«НН»: Ці цяжка вам быць у такіх умовах творчым чалавекам?

АШ: З аднаго боку, не, таму што творчасць дапамагае. Можна штосьці напісаць, прагаварыць — і быццам бы ўжо не так балюча. А часам, калі ты адчуваеш, што не хочаш нічога казаць (а для творцы гэта адзінае, што ты можаш зрабіць), становіцца складана. Бывае адчуванне пустэчы ўнутры.

Аналізую свае песні, якія былі прысвечаны падзеям ва Украіне ў 2014 годзе, і бачу, як я часта звяртала ўвагу на тэму вайны, дыктатуры. А з таго ж часу нічога не змянілася. І гэта забірае апошнія сілы. Навошта нешта рабіць, калі гэтым нічога не зменіш?

А потым з’яўляецца нейкая сустрэча з чалавекам, які расказвае, як яго выратавала гэта песня. І я зразумела, што, мабыць, трэба рабіць і далей. Хочацца знайсці нейкую энергію, каб да сябе яе прытуліць і дзяліцца з людзьмі. Але я разумею, што калі пасля рэвалюцыі ў нас быў такі творчы выбух, то зараз у нас, у людзей, якія ўжо двойчы бежанцы, збольшага пустэча ўнутры. Пакуль так.

«НН»: Ці падтрымліваеце вы кантакт з калегамі з Горкаўскага тэатра зараз? Што яны расказваюць пра тое, што адбываецца ў тэатры?

АШ: Не падтрымліваю. Заўсёды казала, што нікога не асуджаю і стараюся зразумець. Я ведаю, што там зараз, і для мяне гэта вельмі балюча. Не разумею, як можна рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, ставіць забаўляльныя спектаклі. Ім, можа, яшчэ складаней, чым мне, бо яны заблыталіся ў сваёй сістэме каардынат.

«Першае, што я кажу, што я з Кіева, а потым, што беларуска. А не наадварот» 

«НН»: Як вайна паўплывае на беларусаў?

АШ: Ёсць зараз адчуванне, якое было і пасля 2020 года, што вельмі бачна стала чорнае і белае. Быццам бы цемра ад свету адышла. Спадзяюся, што наша звычка сварыцца нават падчас вайны ўсё ж такі адыдзе назад. За нейкімі рэчамі проста сорамна назіраць. Думаю, што тое святло, якое запалілася ў нас ў 2020-м, яшчэ больш разгарыцца і будзе рухаць нас да перамогі.

«НН»: Якія сваркі вы маеце на ўвазе?

АШ: Калі Зяленскі сказаў пра Беларусь у інтэрв’ю расійскім журналістам. Многія чакалі, што ён раскажа, як яны потым вызваляць Беларусь і скінуць Лукашэнку. Гэтыя людзі расчараваліся ў ім. А мяне ўвогуле не разанула. 

Але што пачалося потым, якое абмеркаванне…

Я згодна, што калі б Украіна паўнавартасна падтрымала Беларусь пасля 2020-га, то, магчыма б, не было акупацыі нашай краіны. Але што мы кажам за мінулае, калі зараз Зяленскі адказвае за Украіну, у якой ідзе паўнавартасная вайна. Я нават тады напісала, што чакаю, калі беларусы скажуць, што Зяленскі — рука Крамля. 

«НН»: «Беларусі не адмыцца», — вы казалі. Вы асабіста адчуваеце віну?

АШ: Ёсць персанальная віна і калектыўная. Першую не адчуваю. Я шмат чаго зрабіла, каб мяне пачулі і каб гэтага ўсяго не адбылося. А вось другую віну адчуваю. Калі ёсць нейкі сорам, то мы не можам адзяліць сябе ад нашай краіны, якую акупавала Расія і з якой Лукашэнка страляе па ўкраінскіх гарадах. 

Асацыяцыі зараз з Беларуссю крыўдныя. Вось, напрыклад, на маім асабістым вопыце. Прыйшла дзяцей запісаць у секцыю. Першае, што я кажу, што я з Кіева, а потым, што беларуска. А не наадварот. Трэба крыху распавесці сваю гісторыю, што ты менавіта той чалавек, які пацярпеў ад рэжыму. Без гэтага адчуваецца вельмі дрэннае стаўленне. І гэта нармальна ў такой сітуацыі. Калектыўную адказнасць мы ўсё роўна будзем несці. Трэба расказваць больш пра нашы добрыя ўчынкі. 

«Мы прайшлі праз гвалт і аказаліся ў свеце, дзе нікому не патрэбныя, — гэта жахліва»

«НН»: У адным з інтэрв’ю вы казалі пра Акрэсціна і катаванні там: «Можа быць, у ваенны час, усё гэта [катаванні, рэпрэсіі] становіцца крыху штодзённей». Зараз таксама так лічыце? 

АШ: Я ў гэты спектакль хачу вельмі ўнесці нашу беларускую тэму. Мне важна данесці, што значыць прайсці праз катаванні на Акрэсціна, уцёкі з Беларусі, а потым яшчэ адзін пераезд і ўсведамленне таго, што з тваёй краіны ляцяць ракеты. Хачу, каб прагучала гісторыя, як нам псавалі пашпарты, у якіх пісалі «Слава Украіне».

Зараз нашы катаванні выглядаюць, канечне, не такімі жудаснымі, як забойствы ва Украіне, але ж мы прайшлі праз гвалт і аказаліся ў свеце, дзе нікому не патрэбныя, — гэта жахліва.

Пра гэта варта гаварыць. Украінцы перажываюць трагедыю, смерці, але ж яны прыязджаюць — і ім усе рады. А ў нас зусім іншая гісторыя. 

«НН»: Вам за гэта крыўдна?

АШ: Хутчэй адчуванне мытарстваў. Не маіх персанальных, а нашай нацыі. Як быццам мы нечым заслужылі такое да сябе стаўленне. Я стараюся больш па-філасофску гэта ўспрымаць і думаць, як гэта можна выправіць. Спрабую зразумець, з-за чаго тое адбылося, каб больш мы ніколі не паўтарылі памылку. 

Калі разумееш маштаб бяды, то крыўда тут можа быць толькі ў сэнсе, што мы адно перажылі, потым другое і зараз трэцяе.

«НН»: Як не ачарсцвець у такі час?

АШ: У мяне ёсць правіла яшчэ з Кіева — я сустракаюся з людзьмі. Мы гутарым і ствараем сабе асабісты свет. Гэта вельмі дапамагае. У Кіеве мы ладзілі кватэрнікі, і тады шпакоўнікі былі побач. Пакуль тут зараз у мяне няма музыкаў. Хаця я вельмі хачу ладзіць канцэрты, мерапрыемствы для сваіх. Тых, кто думае так сама, як і ты. Побач з людзьмі адчуванне непатрэбнасці не такое вострае. Канечне, не трэба спыняцца рабіць тое, што мы можам. Мы як хацелі перамогі, так і хочам. Як хацелі свабоду ў сваёй краіне, так і хочам.

«Вядзем перамовы і будзем пачынаць беларускую школу ў Грузіі»

«НН»: Што з вашай школай пасля пераезду? 

АШ: Два з паловай тыдні пасля пачатку вайны яна не працавала. Цяпер усё аднавілася. У нас шмат новых вучняў — з Беларусі ад’язджаюць людзі ў сувязі з вайной. Некалькі дзяцей ў нас засталіся ва Украіне. Астатнія з’ехалі, і некаторыя з іх пойдуць ужо ў мясцовыя школы, гледзячы ў якой краіне знаходзяцца. Будзе, канечне, пытанне з існаваннем менавіта ўкраінскага кірунку. 

Мы цяпер вядзём перамовы і будзем пачынаць такую ж школу ў Грузіі. І спадзяюся, што атрымаецца яшчэ ў Польшчы. Але там складаней, бо ў іх увогуле іншая адукацыйная сістэма. Выкладчыкі — тыя, хто быў рэпрэсаваны ў Беларусі, яны працягваюць працаваць у нас. 

З фінансаваннем складана. Большасць дзяцей навучаецца бясплатна. А ў тых, хто плаціў, заблакавалі ва Украіне рахункі. Ёсць у нас пэўная падтрымка, і я спадзяюся, што яе да канца года хопіць. 

Мне шкада, што нам не дапамагаюць моцныя і буйныя арганізацыі. Размаўлялі наконт фінансавання школы з Офісам Ціханоўскай, але выніку ніякага няма. Можа, яны не бачаць цікавасці ў гэтым праекце, хаця захаваць родную мову і веды пра Беларусь у дзяцей, якія апынулся за межамі краіны, — гэта галоўнае. А таксама важна падтрымка рэпрэсаваных настаўнікаў. 

«НН»: Арганізаваць беларускамоўнае навучанне за мяжой — складана?

АШ: Не. У нас дзеці вывучаюць рускую, беларускую, украінскую і англійскую мовы. Тут проста трэба было дамовіцца са школай, якая бы потым атэстоўвала дзяцей. Сама ідэя ўніверсальная. 

«НН»: Колькі зараз у вас вучняў?

АШ: Дакладна не скажу. Каля 50 дзяцей і 27 выкладчыкаў. Гэта з беларускім і ўкраінскім вектарам. 

«НН»: Вы казалі неяк у інтэрв’ю, што за анлайн-фарматам будучыня. Як жа пытанне сацыялізацыі дзяцей?

АШ: Я думаю, што канцэнтраванасць ведаў, якая ёсць менавіта ў анлайн-фармаце, нават немажліва ў афлайне. Тут дзеці не звяртаюць увагу адзін на аднаго, яны прыходзяць на ўрок дзеля ведаў. Але ім трэба і пакамунікаваць, гэта я таксама разумею. Можна знайсці іншыя формы для гэтага, каб дзеці сябравалі і бавілі час разам. 

«НН»: Што трэба, каб выхаваць сапраўднага беларуса?

АШ: Вывучаць сапраўдную беларускую гісторыю. У нас у школе шыкоўны настаўнік. Я часам сама далучаюся да гэтых заняткаў. І, канечне, беларуская мова. 

«Пуцін Сталіна ў прыклад ставіць. Чаму ў іх павінны быць гуманныя салдаты?» 

«НН»: Як вашы дзеці перажылі пераезд?

АШ: За тыдзень да пачатку вайны я ім казала, што яна будзе. Яны лічылі, што я ўжо вар’яцею. Але ж больш-менш гэта іх падрыхтавала. Перажылі нармальна. 

«НН»: А адкуль было такое адчуванне?

АШ: Войска стаіць па ўсёй мяжы, гэты Пуцін нешта нясе наконт Украіны. Проста не хацелася думаць, бо ў гэтым столькі бязлітаснасці і бесчалавечнасці, што здаровы сэнс браў верх. Гэтая агрэсія ў расійскіх вайскоўцаў выхоўвалася дзесяцігоддзямі. Для мяне стала ўсё зразумела, калі закрылі ў Расіі грамадскую арганізацыю «Мемарыял».

У гэтай краіне НКВД не перастаў працаваць. Адны змяніліся на іншых. Дзеці, унукі, праўнукі тых забойцаў працягваюць іх справу зараз. У іх Ленін у маўзалеі да гэтага часу ляжыць. Пуцін Сталіна ў прыклад ставіць. Чаму ў іх павінны быць гуманныя салдаты? Чалавечнасці ў большасці рускіх (не ва ўсіх, канечне) няма ні на генетычным узроўні, ні на сацыяльным. 

«НН»: Як думаеце, калі гэта ўсё можа скончыцца?

АШ: У снежні 2020-га я рабіла прагноз, што гэта ўсё на гады тры. А зараз ёсць адчуванне, што гэта не можа працягнуцца больш, чым яшчэ два гады. Я разумею, што ў дыктатараў не хопіць моцы больш, чым на гэты час. Проста свет не вытрымае.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама: 

«Гітлер у 1941-м думаў, што можа ўсё. У лютым тое самае падумаў Пуцін». Адам Міхнік лічыць, што Украіна стала для Расіі новым Афганістанам — вялікая гутарка

Жанчына, якая загнала ў кут Церцеля. Хто такая менеджар «Нафтана», якую трэці месяц мучаць суткамі

Клас
37
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
3