Івулін зрабіў тату ў памяць пра Мелказёрава — вось які сэнс стаіць за імі
Журналіст Аляксандр Івулін апублікаваў фоты сваіх новых татуіровак. Ён расказаў «Нашай Ніве», што за імі хаваецца кранальная гісторыя.

Абедзе татуіроўкі Аляксандра звязаныя з журналістам Мікітам Мелказёравым — сябрам Івуліна, які раптоўна памёр у снежні 2025-га. Гэтыя тату Івулін размясціў на сваёй правай назе, дзе да гэтага ў яго была толькі адна татуіроўка — хлопчык з лічбай «25» на цішотцы, які бяжыць у бок, дзе намаляваны беларускі арнамент.
Першае з новых тату, словы «Загляне сонца», Івулін набіў 13 лютага. Гэта назва ютуб-канала пра гісторыю Беларусі, які раней вёў Мелказёраў — цяпер справу прыняў Івулін:
«Мне вельмі хацелася набіць нешта аптымістычнае. Тады я ўжо ведаў, што «Загляне сонца» будзе існаваць і далей, і што я далучуся да каманды, якая яго робіць. Тут і пра Мікіту, і пра надзею, і пра шлях, і пра тое, што сонца павінна заглянуць.
Біць тое тату было вельмі балюча. Калі я біў самае першае тату, яно атрымалася даволі вялікае, і таму «Загляне сонца» давялося біць пад каленам, а там скура вельмі далікатная. Але мне хацелася, каб быў гэты вялікі напамін».

Гэтае тату Івулін размясціў над татуіроўкай хлопчыка з лічбай 25. А 5 сакавіка ён дадаў яшчэ адно тату — набіў ніжэй лацінскія словы Decus in Labore:
«Татуіроўка з такім тэкстам была ў Мікіты. Ён зрабіў яе пасля таго, як уразіўся гісторыяй кніжнай крамы ў Порту, дзе ў аздабленні ёсць тыя словы, ёй нібыта натхнялася Джоан Роўлінг. Мне падабаецца, як гэта гучыць па-беларуску — «Годнасць у працы».
Мы з Мікітам ішлі па жыцці з гэтым вялікім наратывам — вельмі важна рабіць сваю справу і рабіць яе якасна. Таму я вырашыў набіць тыя словы, і мне падабаецца, як усё атрымалася на назе. У хлопчыка, які бяжыць, ёсць вялікі падмурак у тым, што годнасць у працы, ён бяжыць да Беларусі, а зверху абавязкова загляне сонца».
На трох тату Івулін не думае спыняцца. У магчымых планах — набіць сабе медзведзяня Падынгтана: гэта брытанскі літаратурны персанаж, герой шматлікіх стужак і мультфільмаў.
«Гэта мішка, які таксама апынуўся ў вымушанай эміграцыі, але ён эміграваў у Лондан. Там з ім здараюцца розныя прыгоды. Спачатку думаў яго набіць сабе, тым больш ён падобны да майго сабакі, але пакуль вырашыў зрабіць паўзу. Трэба, каб зафіксавалася тое, што ёсць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары