Святлана Ціханоўская распавяла, чым жыў Сяргей да таго, як прыйшоў у палітыку
Сяргея Ціханоўскага часта называюць чалавекам, які абудзіў Беларусь. Відэаблог «Краіна для жыцця», дзе гучала рэзкая крытыка на адрас Аляксандра Лукашэнкі і набліжаных да яго чыноўнікаў, Сяргей пачаў весці вясной 2019 года. А ўжо праз год, 29 мая 2020-га, яго затрымалі на перадвыбарчым мітынгу падчас збору подпісаў за яго жонку Святлану Ціханоўскую.
Вылучэнне яго самога заблакаваў ЦВК: Ціханоўскі не мог асабіста зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, паколькі адбываў адміністрацыйны арышт. Праз паўтара года, 14 снежня 2021, Гомельскі абласны суд асудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Святлана Ціханоўская распавяла пра час да 2020-га года, калі Сяргей захоплена займаўся развіццём клубнага жыцця ў сваім родным горадзе, арганізоўваў канцэрты музычных зорак, будаваў кар'еру ў рэкламным бізнэсе і марыў падарыць новае жыццё старадаўняму дому ў беларускай вёсцы.
«Сяргей захапляўся музыкай, у юнацтве ён нават стаў дыджэем: граў на вінілавых пласцінках. Акрамя таго, Сяргей ладзіў вечарыны электроннай музыкі, фестывалі, канцэрты замежных і беларускіх гуртоў, таго ж N.R.M., забаўляльныя шоу. Да Сяргея звярталіся нават прадстаўнікі Гомельскага гарвыканкама: маўляў, дапамажы нам арганізаваць выступы гомельскіх дыджэяў. Канцэртнай дзейнасці Сяргей прысвяціў каля дзесяці гадоў», — распавядае Святлана Ціханоўская.
Яна кажа, што Сяргей любіў Гомель і хацеў напоўніць яго жыццём.
«У 22 гады ў Сяргея з'явілася ідэя: Гомелю патрэбны сучасны клуб, дзе будзе ўжывую гучаць тая музыка, якую раней большасць чула толькі ў навушніках. Так у горадзе з'явіўся легендарны клуб «Адрэналін». А ў 24 гады Сяргей кіраваў ужо некалькімі ўстановамі.
Вядомыя клубы Гомельшчыны «Нэма», «Брава», «Лайт», «Эльза» таксама адкрыліся не без удзелу Сяргея. Сяргея ведалі і любілі прадстаўнікі клубнай культуры розных краін, усюды сустракалі як дарагога госця. У Літве, напрыклад, ён пасябраваў з Марыусам і Міндаўгелісам — дыджэем і прадзюсарам начнога клуба «Global» у Клайпедзе. Потым яны часта прывозілі свае праграмы ў Беларусь», — згадвае Святлана.
Поспех многіх праектаў Сяргея Ціханоўскага яна звязвае найперш з яго нестандартным мысленнем, смеласцю і разуменнем, як працуе рэклама і маркетынг.
«Нейкі час ён папрацаваў у сетцы маркетынгу МТС, а потым аформіў сваю сетку салонаў сувязі. І праз нейкі час літаральна ўвесь горад стаў ездзіць падключацца ў адзін з яго салонаў. Сяргей прыдумаў кожнага кліента пры падключэнні частаваць піцай з суседняй піцэрыі! Усе былі ў захапленні.
Потым ён заснаваў сваё рэкламнае агенцтва і студыю прадакшану. Ён захапляўся рэкламай, разумеў яе механізмы, заўсёды мог прапанаваць яркае і эфектыўнае рашэнне. Ён не толькі намінальна кіраваў працэсам: ён асабіста прадзюсаваў музычныя кліпы, фільмы, рэкламныя ролікі, падбіраў акцёраў для здымак як кастынг-дырэктар. Сотні папулярных рэкламных ролікаў і карпаратыўных фільмаў знятыя па сцэнарыях, якія напісаў сам Сяргей», — кажа лідарка дэмакратычных сіл.
На працягу пятнаццаці гадоў, з 2005-га, Сяргей Ціханоўскі прафесійна займаўся маркетынгам, адкрыў свае фірмы ў Беларусі і за мяжой. А пасля пачаў рабіць «Краіну для жыцця».
«Сяргей вырашыў, што хлусня, крывадушнасць і беззаконне, якія сталі нормай жыцця ў Беларусі, трываць больш нельга. Нельга рабіць выгляд, што ты не заўважаеш гэтага. Сяргей вырашыў дзейнічаць. Так з'явілася «Краіна для жыцця», — тлумачыць Святлана.
Яна адзначае, што Сяргей вернік, для яго рэлігія мае вялікае значэнне.
«Ён увесь час спавядаўся, прычашчаўся. Вельмі горка, што з таго часу, як Сяргей знаходзіцца ў СІЗА, да яго ні разу не пускалі святара. Сяргей пастаянна ездзіў у паломніцкія вандроўкі: бывала, што ездзілі ўсёй сям'ёй.
Разам ездзілі да Мікалая Цудатворца, на востраў да Спірыдона Трыміфунцкага, да Святога Лазара на Кіпр. У Беларусі Сяргей браў удзел ва ўзгадненні ўзвядзення пахавальні Святога Іаана Кармянскага, якога асабліва шануюць беларускія праваслаўныя. У Агародні пад Добрушам, дзе пахаваны святы, Сяргей купіў дарэвалюцыйны «кулацкі» дом, які цудам захаваўся і з'яўляецца помнікам архітэктуры. Сяргей планаваў яго аднавіць, адкрыць кавярню, гасцініцу для паломнікаў. Але не паспеў ажыццявіць мару», — кажа Святлана.
Сяргей таксама займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў праваслаўным сем'ям, якія мелі ў гэтым патрэбу.
Каментары