Віталь Броўка ў бары да вайны. Фота: Алесь Пілецкі

Віталь Броўка ў бары да вайны. Фота: Алесь Пілецкі

— Натуральна, у мяне ніколі не было ніякіх ілюзій наконт пуцінскага рэжыму і ўвогуле расійскага імперыялізму, але ў тое, што ён здатны ў XXI стагоддзі аж на такое прымітыўнае архаічнае ўварванне з ударамі па мірных гарадах, у гэтае, канечне, не верылася, — кажа Віталь. — Я адношуся якраз да тых наіўных, хто яшчэ 23 чысла не верыў, што ўсё пачнецца і што пачнецца менавіта так.

Хаця мы дзейнічалі па прынцыпе «хочаш міра — рыхтуйся да вайны». У «Торвальдзе» напярэдадні праходзілі лекцыі з практычнымі заняткамі па паводзінах цывільных асоб ва ўмовах баявых дзеянняў у гарадах, ва ўмовах нападу.

Слухаць гэтыя лекцыі збіралася шырокая аўдыторыя, пераважна беларусы, якія знаходзіліся ў Кіеве, але прыходзілі і жыхары суседніх кварталаў.

Чыталі лекцыі дасведчаныя беларусы, ветэраны АТО. Цяпер гэтыя людзі з’яўляюцца інструктарамі батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Але нават яны ў тыя дні выказвалі спадзяванні, што вайна ўсё ж не прыйдзе ў Кіеў і іншыя рэгіёны Украіны, што яна будзе лакалізаваная на Данбасе. Але рыхтавалі ўсіх.

Разам з міжнароднымі медыцынскімі арганізацыямі ў нас быў запланаваны шэраг курсаў па аказанні першай дапамогі і падрыхтоўцы парамедыкаў. Якраз на 24-25 лютага быў прызначаны старт гэтых курсаў. Такім чынам, усім адразу прыйшлося перайсці да практычных дзеянняў.

— Штосьці з пачутага падчас лекцый прыйшлося потым прымяняць на практыцы?

— Трэба сказаць, што наш арт-паб быў адкрыты ў старым савецкім бамбасховішчы. Таму і ў гэтым плане мы таксама былі лепей за іншых падрыхтаваныя да вайны.

Будні бамбасховішча ў арт-пабе «Торвальд»

Будні бамбасховішча ў арт-пабе «Торвальд»

Уся каманда «Торвальда» не згубілася падчас гэтай неспадзяванкі і вельмі хутка і зладжана прыступіла да каардынацыі людзей пад бамбёжкамі і абстрэламі. З першага дня ў арт-пабе знайшлі прытулак больш за сотню людзей.

А калі па Кіеве стала прылятаць у жылыя дамы, у нас хаваліся і па 170 чалавек. Гэта былі і студэнты навучальнай установы, якая знаходзіцца побач, і іх выкладчыкі, таксама жыхары навакольных кварталаў, іх родныя, якія пераехалі з іншых раёнаў Украіны. У асноўным моладзь, пажылыя людзі, маладыя бацькі з немаўлятамі.

Мы арганізавалі кругласутачнае знаходжанне ўсіх гэтых людзей, іх бытавое забеспячэнне, трохразовае бясплатнае гарачае харчаванне. Адразу ж у першы дзень калектыў арт-паба пачаў рабіць запас вады, медыкаментаў, прадуктаў.

Не было ніякай панікі, было разуменне адказнасці за жыццё і здароўе людзей, якія апынуліся ў нас.

Было разуменне, што для гэтага трэба рабіць, як дзейнічаць, як маскавацца, бо вы ведаеце, што ў Кіеве ў тыя дні дзейнічала шмат дыверсійных груп.

Мы не апублічвалі месцазнаходжанне свайго прытулку і валанцёрскага цэнтра, каб не стаць аб’ектам нападу, бо разумелі беспрынцыпнасць расійскіх войскаў.

У нас было ўтульней, чым у метро. Валанцёры нашага сховішча вельмі стараліся, каб было дастаткова бяспечна і камфортна для ўсіх.

— Хто дапамагаў вам матэрыяльна ў гэты час, бо зразумела, што ваша ўстанова ўжо нічога не зарабляла?

— Спачатку мы кінулі на закупку прадуктаў усю «абаротку», што заставалася ў пабе. Плюс у нас быў свой пэўны запас прадуктаў. Іх мы таксама раздалі людзям. А потым валанцёры абвясцілі збор сродкаў, і тыя ж людзі, якія ў нас былі, прыносілі — хтосьці бульбу, хтосьці капусту, у каго што было, таксама неслі грошы.

Дапамагала харчаваннем і вадой і Міжрэгіянальная Акадэмія кіравання персаналам, ведаючы, што ў нас знайшлі прытулак іх студэнты і настаўнікі. Магу сказаць, што салідарнасць людзей у тыя дні была проста неймаверная!

— Вы так рашуча ўключыліся ў дапамогу, а ці былі ў вас думкі з’ехаць з Украіны?

— Не, Украіну я не збіраўся пакідаць. Я вельмі аптымістычна быў упэўнены, што ворага адкінуць хутка і што ўвогуле вельмі хутка адбудзецца пералом на карысць Украіны і вайна не зацягнецца.

Да таго ж я не губляў сувязі з сябрамі, якія былі на фронце, і з самага пачатку ведаў і пра абсалютны непрафесіяналізм расійскіх войскаў, і пра іх тактычныя і стратэгічныя памылкі.

— Ці падтрымліваеце вы кантакты з кімсьці з тых беларусаў, якія чыталі ў вас лекцыі напярэдадні вайны? Яны цяпер змагаюцца ў батальёне Каліноўскага?

— Так. Баявы дух і загартаванасць, перакананасць у перамозе беларускіх ваяроў таксама надавалі аптымізму. Але я істотна памыляўся наконт часу, які працягнецца гарачая фаза вайны, здавалася, што яна будзе значна больш хуткацечнай і не пяройдзе ў такую зацяжную.

Цяпер відавочна, што яна не скончыцца заўтра, на жаль. Па той сітуацыі, як цяпер выглядае Кіеў, як развіваюцца падзеі на фронце, вяртанне да мірнага жыцця ў гэтым годзе, калі і чакае нас, то толькі пад самыя Каляды.

— І ўсё ж за гэтыя тры месяцы ці адчулі вы пералом да мірнага жыцця?

— У нейкі момант па валанцёрскіх справах я мусіў з’ехаць з Кіева, дапамагаў арганізоўваць прытулак для ўцекачоў на Букавіне, пад Чарнаўцамі. Вярнуўся якраз у тыя дні, калі з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей адкінулі акупантаў.

У дзень, калі я прыехаў, гэта быў яшчэ абсалютна ваенны горад з процьмай блокпастоў, з пастаяннымі праверкамі дакументаў, які не працуе і забарыкадаваны. А літаральна праз некалькі дзён мы ўжо назіралі, як вызваляліся дарогі, адкрываўся праезд па мастах, горад вяртаўся да колькі-небудзь нармальнага функцыянавання.

Адчыніліся кавярні, і ў некаторых раёнчыках, дзе людзі сядзяць на летніх тэрасах з кавай, жыццё ўвогуле выглядае амаль мірным. З кожным днём у Кіеў вяртаецца ўсё больш і больш людзей.

— Як ставіліся да вас украінцы? Усё ж гэта была беларуская ўстанова, асабліва ў першыя дні вайны ў бок беларусаў адчуваўся і хэйт, і пагрозы.

— Так, і калектыў паба, і шмат валанцераў — беларусы. І сам паб беларускі. Дык вось, ні разу не было ніякага негатыву ў наш адрас!

Людзі бачылі нашы справы і былі вельмі ўдзячныя. Быў вельмі сімвалічны выпадак. Ужо пасля таго, як ад Кіева былі адкінутыя акупанты і большасць людзей вярнулася ў свае кватэры, да нас прыйшла пажылая жанчына спецыяльна, каб выказаць удзячнасць.

Яна хавалася ў нас са сваёй вялікай сям’ёй, у якой былі немаўляты і цяжарная жанчына, яе хрэсніца з Бучы. Там іх дом разбамбілі, яны ўцякалі амаль без рэчаў. Мы забяспечылі іх усім, чым змаглі.

Жанчына распавяла, што яе хрэсніца нарадзіла дачку і на знак павагі і ўдзячнасці беларусам за тое, як ёй дапамагалі ў самыя цяжкія дні, за той клопат і турботу, яны вырашылі назваць дачку беларускім імем Алеся, менавіта праз «а». Мы жартавалі, што трэба дзяўчынцы хросных з нашага калектыву.

— Як усе скончыцца ва Украіне, прыблізна разумеюць усе, а вось як усё скончыцца ў Беларусі, ці звязаныя падзеі ў нашых краінах?

— Безумоўна, звязаныя. Тэктанічныя зрухі пачаліся ва ўсім рэгіёне. Вайна — заўсёды вялізны пералом. Я маю надзею, што гэтая вайна ў гістарычным сэнсе скончыцца прыблізна так, як Першая сусветная, Імперыялістычная, — падзеннем імперыі і вызваленнем ад расійскага гнёту не толькі Украіны, але і Беларусі, істотна зменшыцца альбо знікне і пагроза з расійскага боку іншым краінам і народам.

На жаль, за гэтую магчымасць цяпер гінуць людзі ва Украіне, а ў нас у Беларусі шмат людзей сядзіць у турмах і хаваюцца ад рэпрэсій. І гэта таксама нагадвае сітуацыю, якая была на пачатку XX стагоддзя.

Я спадзяваюся, што ўсё не дарэмна, і што Беларусь праз гэтыя падзеі таксама атрымае шанец крута змяніць сваю гісторыю.

«Хітом будзе бчб-шот». Вядомы віцебскі бізнэсовец адкрыў арт-паб у Кіеве

Клас
29
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0